Филин

Наталля Север

«Вось і зараз запалохваюць. А чаго больш за ўсё баяцца бацькі? Каб іх не пазбавілі бацькоўства»

Улады ніяк не могуць супакоіцца наконт так званых «эканамічных утрыманцаў». Стала вядома пра чарговую пагрозу на адрас «дармаедаў». Што за гэтым стаіць, тлумачыць Філіну праваабаронца і педагог Алена Маслюкова.

Сем’і «дармаедаў», дзе выхоўваюцца няпоўнагадовыя дзеці, могуць трапіць у СНС, калі адзін ці абодва бацькі на працягу больш чым трох месяцаў не працуюць або не займаюцца іншай дзейнасцю, дазволенай законам.

Пры гэтым павінна быць устаноўлена, што асноўныя жыццёвыя патрэбы дзіцяці не задаволеныя: няма ежы, адзення, абутку, месца для адпачынку, заняткаў і гульняў.

Нагадаем, што так званыя «дармаеды» ўжо аплачваюць жыллёва-камунальныя паслугі па поўных тарыфах, яны не могуць узяць ільготны крэдыт ці субсідыі на жыллё.

Чаму ўлады звяртаюцца да чарговых пагроз для гэтай групы людзей, «Филин» спытаў у праваабаронцы Алены Маслюковай.

— Калі я бачу падобныя навіны, яшчэ болей разумею, наколькі глыбокі крызіс у Беларусі. Прычым крызіс ва ўсіх сферах — і ў палітыцы, і ў эканоміцы, і ў адукацыі, — кажа Алена Маслюкова. — Дзяржава спрабуе дасяжнымі ёй сродкамі вырашаць праблемы, якія яна сама стварыла.

Зразумела, што ў краіне не хапае работнікаў, што адбываецца велічэзны адток працоўнай сілы. І тут бы ўладам найперш задаць пытанне сабе: чаму так адбываецца, і нават не з 2020 года? Бо праблема паўстала значна раней.

Алена Маслюкова

Замест гэтага яны пачынаюць прыдумляць спосабы, каб людзей загнаць у стойла, каб яны не лічылі сябе незалежнымі.

Бо, шчыра кажучы, шмат хто з тых, каго лічаць «дармаедамі», насамрэч утрымліваюць свае сем’і, ходзяць у крамы і праз чэкі аплачваюць ПДВ. Яны нават камуналку аплачваюць па павышаных тарыфах.

Проста шмат людзей зарабляюць грошы ў іншых краінах.

Мяне нават азначэнне раздражняе — «дармаеды» ці «эканамічныя ўтрыманцы». Тут было б своечасова задаць яшчэ і пытанне: чаму дзяржава не стварае ўмовы жыцця такія, каб людзі не ехалі зарабляць грошы ў іншыя краіны, а мелі б дома годны заробак?

— Калі глядзець з эканамічнага боку, то, як вы сказалі, гэтыя людзі нічога не просяць, але ўсё быццам бы аплачваюць, нават па завышаных тарыфах. Чаму яны ўсё ж такі непакояць улады?

— Тут мы пераходзім да палітычнага аспекту. Я яго ўжо закранула. Дзяржава мусіць трымаць усіх пад кантролем. Менавіта на гэтых людзей яна цісне таму, што яны выйшлі па-за межы дзяржаўнага кантролю.

Такое ўжо было ў гісторыі. Калі згадаць 1930-я гады і ўтварэнне калгасаў. Хіба тады была такая вострая неабходнасць у іх? Не. Была вострая неабходнасць кантраляваць думку чалавека, яго дзеянні. І пры дапамозе такіх гвалтоўных механізмаў грамадства запалохвалі.

Вось і зараз яны запалохваюць. А чаго больш за ўсё баяцца бацькі? Каб іх не пазбавілі бацькоўства, каб не аднялі іх дзяцей. СНС як раз шлях да гэтага.

Тут ёсць яшчэ праблема, на якую, на жаль, бацькі могуць не звяртаць увагі. Але ў мяне больш за 30 гадоў педагагічнага стажу і мне яна добра відавочная.

Раней я ўжо казала пра яе: выхаваннем дзяцей павінна займацца не дзяржава, а бацькі, сям’я. Калі дзяцей з дзіцячага садка, а пасля ў школе ўцягваюць у розныя бязглуздыя ідэалагічныя святы і мерапрыемствы, то гэта таксама шлях да таго, каб іх страціць.

І тут я не ведаю, што больш страшнае і небяспечнае: калі бацькам пагражаюць тым, што прыйдзем да вас, праверым ваш рондаль і паставім у СНС, ці тым, што дзяцей прылучаюць да сваёй ідэалогіі.

Пры гэтым абмоўлюся: ні пра якую абарону тут гаворка не ідзе, бо мы ведаем, што ў Беларусі ёсць сур’ёзныя рэальныя праблемы ў сем’ях, звязаная з алкагалізмам і гвалтам. Чамусьці імі так заўзята не займаюцца.

— Атрымліваецца, што з аднаго боку, як вы кажыце, адбываецца індактрынацыя дзяцей, з іншага — пагражаюць бацькам. Ці можна гэтаму ўсяму неяк супрацьстаяць?

— Я лічу, што нават у сённяшняй Беларусі, дзе «не да законаў», калі бацькі зацікаўленыя ў тым, каб дзіця не пераўтварылася ў хунвейбінаў, механізмы тым не менш ёсць.

Калі на чалавека пачынаюць пастаянна ціснуць, ён можа пачаць агрызацца і нават успомніць пра 2020 год. Але неабавязкова ісці на барыкады, можна пайсці да дырэктара школы і спытаць, на якой падставе вы гэта робіце, папрасіць загад ці пастанову, сказаць, што наступным крокам пойдзеце ў суд, у пракуратуру, будзеце правяраць, наколькі што адпавядае таму ж закону «Аб адукацыі» ці нават канстытуцыі.

Мне здаецца, што людзі ўсё ж такі будуць абараняць сваіх дзяцей. Вось уявіце сябе на іх месцы.

— Я вывезла сваіх дзяцей з краіны.

— Гэтым шляхам таксама могуць пайсці тыя, хто яшчэ вагаўся. Гэта можа стаць апошняй кропкай. Бо я ведаю не адзіны такі выпадак, калі людзі бралі дзяцей і з’язджалі, каб захавацца самім і захаваць дзяцей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)