Общество

Вікторыя Кульша: «У калоніі мяне катавалі так, быццам думалі, што не выйду»

Пра перажытае за кратамі былая палітзняволеная, якую ў снежні прымусова дэпартавалі з Беларусі, расказала журналістцы Новага часу, таксама былой палітзняволенай Вользе Класкоўскай.

Вікторыя Кульша адседзела за кратамі больш за пяць гадоў. За гэты час яе неаднойчы судзілі за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» і дадавалі тэрміны. Яна не вылазіла з ШІЗА і ПКТ, прайшла праз жахлівыя катаванні. Была вызваленая 13 снежня 2025 года ў выніку ўгоды паміж Дональдам Трампам і афіцыйным Мінскам і прымусова дэпартаваная з Беларусі без пашпарта.

Вікторыя Кульша на волі ў Швейцарыі. Фота: Вольгі Класкоўскай

Быў час, калі думала: «Калі не Лукашэнка, то хто?»

Мы пазнаёміліся з Вікай у СІЗА на Валадарскага ў 2020 годзе, піша Вольга Класкоўская. З часам сталі не проста сукамерніцамі, а сяброўкамі. У 2021-м лёс раскідаў нас па розных месцах зняволення, і ў наступны раз мы сустрэліся толькі сёлета ў Швейцарыі.

Дужа схуднелая, стомленая, але такая ж моцная Віка просіць зрабіць кавы і адначасова троліць мае кубачкі — маўляў, з такіх маленькіх не п’ю. «Дай нармальны, зэкаўскі кубак», — з усмешкай кажа сяброўка.

— У дваццатым на Валадарцы ты мне распавядала, што некалькі гадоў была чальцом выбарчых камісій і асабіста фальсіфікавала выбары. Можам гэтую тэму трошкі закрануць, ці ты не гатовая?

— Так, можам, я гэтага не ўтойваю. Пачынаючы з 2007 года — тады я працавала інжынерам па бяспецы працы ў буйной кампаніі — я неаднойчы была чальцом камісій па выбарах так званага прэзідэнта, у мясцовыя саветы дэпутатаў і правядзенні рэферэндуму.

Я мяркую, што за кратамі на мяне ў тым ліку ціснулі за нібыта здраду рэжыму. Я шмат гадоў была па той бок барыкадаў, а ў дваццатым далучылася да пратэстаў. Вядома, улады мелі асаблівы зуб на мяне.

Вікторыя кажа, што алгарытм фальсіфікацыі выбараў быў заўсёды аднолькавы: у асноўным гэта было падкідванне патрэбнай колькасці бюлетэняў:

— Гэта была працоўная схема, якая ніколі не давала збояў. Нас альбо вывозілі з будынку, альбо калі на ўчастку, што месціўся ў школе, не было выбарцаў, мы ставілі ў неабходных графах птушачкі ці крыжыкі і падкідвалі гэта ўсё ў скрыню. Вялікімі стосамі. Мы заўсёды мелі вялікі запас бюлетэняў.

Па вялікім рахунку, не мела асаблівага значэння, насупраць чыйго прозвішча пастаўлена птушачка, бо падлік галасоў адбываўся выключна чальцамі камісіі, без допуску да стала са стосамі незалежных назіральнікаў. Нават калі ў паперы стаяў знак насупраць іншага прозвішча, мы проста перакладалі бюлетэнь у стос за Лукашэнку, і пасля адбываўся агульны падлік галасоў. Даказаць фальсіфікацыю ў гэтым выпадку было немагчыма, таму што пра гэта ведалі толькі мы.

— А хто-небудзь з чальцоў супраціўляўся фальсіфікацыям?

— Не, ніколі. Ніхто над гэтым не задумваўся, не кажучы ўжо пра тое, каб аспрэчваць. Мы не ўспрымалі гэта як парушэнне. Асабіста я на той момант папросту не бачыла іншых кандыдатаў, годных прэзідэнцкай пасады, апроч Лукашэнкі.

Сістэма даволі сур’ёзна нас апрацоўвала ў плане прапаганды, але прымусу не было. Мы гэта рабілі добраахвотна. І прычым не за нейкія там вялікія грошы, бо аплата за удзел была намінальнай, а за ідэю. Мы шчыра верылі, што «калі не Лукашэнка, то хто?»

Напярэдадні выбараў у мясцовыя саветы дэпутатаў зверху прыходзіла распараджэнне, хто з кандыдатаў не мусіць перамагчы. То бок выбары адбываліся яшчэ да пачатку кампаніі. Нам таксама казалі, якая колькасць галасоў мусіць быць прастаўленая ў пратаколах за таго ці іншага кандыдата.

— А што адбылося з табой у дваццатым годзе? Чаму ты кардынальна змяніла свае палітычныя погляды і кінула выклік рэжыму?

— Я зразумела, што ў Беларусі жыццё не толькі не паляпшаецца, а коціцца ў адваротны бок, ідзе суцэльны рэгрэс. На прыкладзе сябе як маці, што адна выхоўвае дзіця, я асэнсавала, што ў краіне не працуюць ні законы, ні нейкія сацыяльныя гарантыі і што далей будзе толькі горш. Мне стала страшна. У любой дзяржавы, у нашых дзяцей і ўнукаў павінна быць будучыня.

Я бачыла, як пагаршаецца і эканамічнае становішча краіны, пачала разумець, што прапагандысцкія наратывы пра «квітнеючую Беларусь» — гэта хлусня і ўвесь наш «росквіт» — гэта забеспячэнне дабрабыту адной сямейкі.

Свідравала думка: «Трэба штосьці мяняць». Я разумела, што ў дваццатым годзе зноў будуць фальсіфікацыі, што нічога не зменіцца, і гэта заахвоціла да нейкага ўнутранага пратэсту.

— У дваццатым ты была адным з адміністратараў тэлеграм-канала «Кіроўцы-97». Можаш пра гэта крыху падрабязней распавесці?

— Гэта было аб’яднанне людзей з агульнымі інтарэсамі і ідэямі, мэтавая аўдыторыя — кіроўцы. Я туды трапіла як удзельніца аўтапрабегу. Пазнаёмілася з хлопцамі, потым, мусіць, крыху лідарскімі якасцямі вызначылася. Была запрошана ў групу адміністратараў.

Хацелася паказаць уладам, што мы мірныя людзі, якія хочуць перамен, але не праз гвалт.

Арганізоўвалі флэшмобы, аўтапрабегі, напачатку без бчб-сцягоў. Я, дарэчы, займалася выключна аўтапрабегамі.

Калі пазней мы сутыкнуліся з жорсткасцю ДАІ, ГУБАЗіКа, то таксама пачалі радыкалізавацца.

Але зноў жа. Гэта не былі планы закідваць сілавікоў «кактэйлямі Молатава», гэта надалей былі аўтапрабегі, але ўжо з сімволікай. Мы разумелі, што іх гэта вельмі раздражняла, што мы прыцягваем увагу, але мы дзейнічалі абсалютна свядома.

Адміністратары ў «Кіроўцах-97» дзяліліся на катэгорыі, апавядае суразмоўца. Там былі падгрупы і падчаты, а таксама чат для адмінаў. У апошнім было літаральна два-тры чалавекі. «Ён узнік, калі пачаліся арышты, здушэнні акцый, калі сталі адбіраць аўтамабілі», — тлумачыць былая палітзняволеная.

— Восенню дваццатага года была затрыманая адна з адмінаў, якая пайшла на супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, і нас праз гэта ідэнтыфікавалі. Нейкі час мы пра гэта не здагадваліся, бо яна рабіла выгляд, што нічога не адбылося, і працягвала працаваць у камандзе.

Хаця думаю, пра мяне інфармацыя была сабраная значна раней: я ж удзельнічала ў прабегах на сваім аўтамабілі, і вызначыць уладальніка было зусім нескладана. І, як правіла, я заўсёды альбо ўзначальвала калону, альбо яе закрывала. Зразумела ж, што першы або апошні борт — гэта вядоўца, і, хутчэй за ўсё, гэта адмінактыў. Паколькі нашыя акцыі працягваліся даволі доўга, мяне як лідара ячэйкі вылічыць было нескладана.

На той момант, напэўна, у мяне не было нейкага ўнутранага страху, бо я не магла ўявіць тады, якія страшныя падзеі нас чакаюць.

«Міс Тытанік» плыве супраць цячэння

— Калі за табой прыйшлі?

— 4 лістапада 2020 года. У той дзень я вырашыла трохі пазней пайсці на працу. Сілавікі вырашылі ўзяць мяне ў кватэры.

Потым была спроба зняць пакаяннае відэа, але я катэгарычна адмовілася. Як і падпісваць пратакол. Проста яго парвала. Пасля мяне павезлі ў Генпракуратуру, дзе высветлілася, што крымінальная справа супраць мяне была ўзбуджаная генпракурорам Шведам.

Пасля было Маскоўскае РУУС з асабістым даглядам і ІЧУ на Акрэсціна. У апошнім некалькі сутак трымалі ў адзіночцы — без матраца і пасцельнай бялізны. Дзён праз дзевяць закінулі на Валадарку.

— Дзе мы з табой і сустрэліся. Памятаю, як ты паказвала мне свае паперы — я тады жахнулася ад неверагоднай колькасці артыкулаў, што табе інкрымінавалі. Колькі іх было — дзевяць, дзесяць?

— Таксама ўжо не памятаю. Але калі мы з табой шляхам складання вывелі лічбу, то атрымалася 75 гадоў зняволення. Сядзець не пераседзець, ага.

Было адчуванне, што проста нейкі не вельмі цвярозы чалавек гартаў крымінальны кодэкс і рандомна, праз коску ўпісваў абсалютна ўсе артыкулы ў маю справу. Там быў і наркатычны 328-ы артыкул, і аб незаконным абароце зброі, выбуховых рэчываў, пагроза нацыянальнай бяспецы. Калі памятаеш, там быў нават крадзеж маламерных судоў. Ты пасля гэтага яшчэ пачала называць мяне «Міс Тытанік».

У лютым 2021 года артыкулы, як кажуць зэкі, былі перабітыя на адзін: 342-гі, частку адзін і два. Гэта «арганізацыя і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Па ім мяне асудзілі на два з паловай гады.

Да апеляцыйнага абскарджвання мяне вывезлі ў жодзінскае СІЗА. Там я адразу пайшла пад прэс. Пачаліся халодныя карцары з кузуркамі і павукамі, якіх мяне прымушалі прыбіраць рукамі. Я адмаўлялася, за што атрымлівала новыя рапарты і суткі.

Не хацела казаць супрацоўнікам «грамадзянін начальнік», ну бо якія яны мне начальнікі? За гэта таксама каралі.

Праз дваццаць сутак у карцары я захварэла і мяне перавялі ў санчастку, часова пакінуўшы ў спакоі.

Валадарка, дарэчы, тады падалася дзіцячым садком. Хоць я і трапляла там у карцар, але сказаць, што ў мінскім СІЗА чыніліся нейкія зверствы, не магу. У мяне збольшага была адна прэтэнзія — што не аддавалі лісты. Ну, і, канешне, не магу дараваць іх паводзінаў, калі памёр мой тата. 

Яго не стала 16 лютага 2021 года. Сваякі тэлефанавалі тагачаснаму начальніку Валадаркі Цэдрыку, папрасілі адпусціць мяне пад канвоем на развітанне. На наступны дзень даслалі тэлеграму — але зноў цішыня...

І толькі 26 лютага, у мой дзень народзінаў, мяне выклікалі ў кабінет і паведамілі: «У нас для вас непрыемныя навіны. Ваш тата памёр».

Бравыя афіцэры і жаночыя майткі

— У гомельскую калонію мяне этапавалі ў жніўні 2021 года. Там мне адразу далі зразумець, што «ўсё дрэнна». Начальнік аператыўнай часткі сказаў мне мяняць жыццёвыя прыярытэты і перагледзець сваю жыццёвую пазіцыю. Дадаў, што як тут буду сядзець, залежыць выключна ад маіх дзеянняў, думак, выказванняў і гэтак далей.

У каранціне мне прапанавалі прызнаць віну і напісаць прашэнне аб памілаванні. На той момант я гэтую прапанову проста высмеяла і назвала яе абразлівай.

На «жылой зоне» прабыла вельмі мала, бо неўзабаве трапіла ў ШІЗА, адкуль ужо, на жаль, у атрад не вярнулася. Доўга не магла зразумець, чаму я тут і якія да мяне прэтэнзіі. Не магла ўцяміць, чаму Паліна Шарэнда-Панасюк, а пасля я сталі для турэмнікаў нейкімі мішэнямі для здзекаў.

Я больш-менш давала рады з холадам у ШІЗА, бо ў параўнанні з жодзінскім карцарам гэта яшчэ можна было трываць. Але ўставаць уначы і рабіць практыкаванні мне не дазвалялі, загадвалі «ляжаць на спальным месцы».

Пасля было тры месяцы ПКТ. І вось выходжу адтуль і бачу: скрыні мае з асабістымі рэчамі стаяць, шмат іх было. Турэмнікі кажуць, маўляў, насіце па адной на КП. І калі я нарэшце іх усе занесла, мне заявілі, што зноў іду на камісію па пакаранні. Нібыта на мяне складзеныя новыя матэрыялы аб парушэннях. Наўпрост з КП туды забралі і далі шэсць месяцаў ПКТ.

Нічога не зробіш, давялося цягнуць скрыні назад. Пот цячэ градам, бо яны вялікія, цяжкія, а супрацоўнік рэжымкі назірае за гэтым і лікуе. Як жа гэта нізка і брыдка.

— Памятаю такое. Вялікія адмыслоўцы па ніжняй жаночай бялізне. Падчас вобшукаў вельмі шчыравалі, калі даходзіла да майткоў. Брыдка ўзгадваць.

— Узровень афіцэраў.

Яны там усе цікавяцца ніжняй жаночай бялізнай. У іх гэта нейкі фетыш. Мне гэтага не зразумець. Дарэчы, у ПК-24 у Зарэччы турэмнікі дакладна такія ж у гэтым плане. І калі жанчыны-кантралёры пры вобшуку нейкую цікаўнасць да майткоў не праяўляюць, то аператыўнікі абавязкова будуць іх круціць у руках, разглядаць на прасвет і гэтак далей.

Неўзабаве супраць палітзняволенай ўзбудзілі крымінальную справу па 411-м артыкуле — «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі». Віка кажа, што напачатку не скеміла, што гэта яшчэ год турмы: «Думала, што мяне проста на «крытую турму» павязуць, была да гэтага падрыхтаваная, не пераймалася тым 411-м артыкулам».

— Гэтай справай займалася следчая Крысціна Рухло. Маладая, нахабная. Паводзіла сябе пагардліва, не выбірала выразаў, хаміла. Давала зразумець, што ты «бруд пад пазногцямі».

У адносінах да мяне не аднойчы ўзбуджаліся крымінальныя справы. Але ніводны са следчых — прозвішчы якіх я таксама добра памятаю — не дазваляў сабе так адкрыта дэманстраваць асабістую непрыязнь.

Я хацела, каб следства як мага хутчэй скончылася, запыталася ў яе: «Колькі яшчэ будзе доўжыцца гэтая цяганіна, калі я ўжо нарэшце паеду на «крытую турму»? На што яна адказала: «А з чаго вы ўзялі, што туды паедзеце? Вы будзеце адбываць тэрмін у ПК-24 у Зарэччы».

І вось тады я зразумела, што ўсё вельмі сур’ёзна. Наперадзе — поўная невядомасць і асэнсаванне таго, што твая гісторыя ўжо далёка не вясёлая. А перспектывы выхаду на волю робяцца ўсё больш аддаленымі.

У СІЗА ты сядзіш у камеры ўжо не з першаходамі і не з палітычнымі, а са звычайнымі побытавымі крымінальнікамі, большасць камунікацый якіх зводзілася да мацюкоў. Гэта складаныя людзі, з якімі няма агульных тэмаў і інтарэсаў, большасць з іх мае залежнасць ад алкаголю і наркотыкаў. У мяне яшчэ не было досведу кантакту з такімі.

Яны насамрэч прыязджаюць у калонію жыць, а на волю выходзяць «у госці».

Разам з тым яны мяне не чапалі. Былі моманты, калі мы нават жартавалі, заходзячыся ад смеху. Я па натуры не канфліктны чалавек і заўжды ішла з імі на кампрамісы. Плюс у мяне ўвесь час былі перадачы, дзялілася з імі.

Рэцыдывісты ж збольшага без нічога сядзяць. Дзялілася не дзеля таго, каб купіць іх лагоднае стаўленне да сябе, — проста мне было не шкада нейкай там цукеркі ці цыгарэты, у мяне ўсяго гэтага хапала ў СІЗА. Для неаднойчы асуджаных людзі з максімальным запасам ежы і тытуню — у аўтарытэце.

Той перыяд, калі мне далі першы 411-ты артыкул, усе гэтыя следчыя дзеянні, клаўнада замест суда, следчы ізалятар, дзе адбывалася апеляцыйнае абскарджванне, скажу табе шчыра, я ўспрыняла даволі хваравіта, — апавядае былая палітзняволеная.

Вікторыя Кульша на волі ў Швейцарыі. Фота Вольгі Класкоўскай

«Калі на зямлі існуе пекла, то яно ў калоніі на Зарэччы»

Найбольш цяжкія ўспаміны ў Вікторыі звязаныя з папраўчай калоніяй № 24 у Зарэччы. Пачуваюся няёмка, закранаючы сяброўку за жывое. Тым не менш Віка працягвае:

— У каранціне прыйшоў начальнік аператыўнай часткі і задаваў пытанні ні пра што. Я не адчувала ў адносінах да сябе нейкага негатыву ці агрэсіі. Трапіла ў адносна нармальны атрад з неблагім загадчыкам гаспадаркі. У пэўны момант пачала думаць, што апынулася ва ўмовах, лепшых за гомельскую калонію.

Праблемы пачаліся праз паўтара-два месяцы, калі турэмнікі захацелі ад мяне прызнання віны і каб напісала прашэнне аб памілаванні.

Спачатку былі проста гутаркі, успамінае Віка, потым — прапанова ва ўльтыматыўнай форме, а потым маніпуляцыі і застрашванне:

— А потым пайшоў прэс. І я не магла сабе нават уявіць, што мне ўлепяць яшчэ адзін 411-ы артыкул.

З Палінай Шарэнда-Панасюк мы доўга не мелі магчымасці камунікаваць. Хоць і былі адначасова ў рэчыцкай калоніі, але сядзелі ў розных атрадах. І на той момант Паліна ўжо была ў ПКТ.

Мне сказалі: «Кульша, на жаль, гісторыя вас нічому не вучыць. Будзем працягваць». І я пайшла ў ШІЗА. І калі, Воля, на зямлі існуе пекла, то яно ў калоніі на Зарэччы...

Падчас знаходжання ў ШІЗА і ПКТ да яе ў камеру звычайна падсаджвалі іншых зняволеных.

— Гэта вельмі складаныя людзі, з яўнымі прыкметамі псіхічнага разладу, дэградаваныя, з маргінальных пластоў, вельмі брудныя. Жудасная карціна, яшчэ і смурод стаіць у камеры. Я часам не ведала, колькі яшчэ змагу гэта вытрымаць. Старалася проста пра гэта не думаць. Выратоўвала хада па камеры. Ад раніцы да адбою. З кута ў кут… Спрабавала настройваць сябе на нейкі пазітыў.

Неяк прыйшоў аператыўнік, пытаецца: «Усё задавальняе?» Кажу: «Не, але ў мяне няма альтэрнатывы». Ён гаворыць: «Альтэрнатыва ёсць заўсёды». «А калі я скажу «не»? «Тады я да цябе такіх дурняў накідаю, што ў цябе галава захістаецца». І не падмануў. Хаця б здавалася, ну куды ўжо горай?» — згадвае сяброўка.

Яна дадае, што лекавання амаль што не было. У бандэролях з медыкаментамі ад сваякоў адмаўлялі, маўляў, у нас саміх ёсць рэсурс.

— Усё рабілася так, каб прычыніць табе найболей шкоды. Ламалі псіхічна, пасля далучыўся фізічны гвалт.

Збіваў мяне адзін і той жа супрацоўнік — Дзяніс Валер’евіч Ніканенка. Поўны адмарозак, садыст, адрозніваецца асаблівай жорсткасцю. Прычым не толькі ў дачыненні да палітвязняў, але і да жанчынаў, асуджаных па побытавых артыкулах. 

Я неаднойчы звярталася да кіраўніцтва Упраўлення дэпартаменту выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці наконт гэтага супрацоўніка, але тыя ніяк не рэагавалі. Мне здаецца, яны насамрэч не дапускалі думкі, што ён здольны на такія зверствы альбо проста трымалі на пасадзе з-за кадравага дэфіцыту.

Але начальнік калоніі дакладна быў у курсе і пакрываў Ніканенку.

Лічу, гэты чалавек ні ў якім разе не павінны працаваць з людзьмі, бяспека якіх наўпрост залежыць ад яго.

Ён адчуваў асалоду, чынячы боль. І гэты персанаж насіў афіцэрскія пагоны, быў фізічна моцны, падрыхтаваны…

Ты разумееш, у нейкі час, асабліва непасрэдна ўжо перад маім вызваленнем, быў перыяд, калі я зразумела, што мяне забіваюць. І што заб’юць рана ці позна. З кожным днём усё рабілася толькі горай. Гэтыя людзі, калі іх можна людзьмі назваць, паводзілі сябе са мной такім чынам, нібы былі ўпэўненыя, што я адтуль не выйду.

Адзінае, пра што я марыла, гэта каб хоць адна з нас — я ці Паліна Шарэнда-Панасюк — вырвалася адтуль.

Неўзабаве мяне зноў пераводзяць у СІЗА, каб у чарговы раз асудзіць па 411-м артыкуле. Усяго мяне судзілі па ім чатыры разы.

Там зразумела, што Паліна выйшла, апынулася ў бяспецы і пачала гаварыць. Я вельмі спадзявалася, што яе публічныя сведчанні пра гвалт у Зарэччы звяжуць катам рукі. І што ўжо ў адносінах да мяне яны такой жорсткасці, як раней, сабе не дазволяць.

Я памылялася. Псіхалагічны ціск пачаўся адразу, як толькі я вярнулася ў ПК-24. Людзі ў пагонах хацелі, каб я абліла Паліну брудам. На што я сказала, што ніколі гэтага не зраблю, таму што мы з ёй увесь шлях прайшлі па адных і тых жа слядах, выпілі адну і тую ж горкую чашу.

Пазней мяне выклікаў адзін з афіцэраў і сказаў, што «калі раптам сёлета вам пашанцуе і вы зможаце выйсці на волю…» і агучыў умовы ля рэалізацыі гэтага.

Сярод іх — абавязковае супрацоўніцтва, поўнае прызнанне віны. Прычым я мусіла падпісваць дакументы аб супрацоўніцтве на ўзроўні аператыўных аддзелаў дэпартамента выканання пакаранняў па Гомельскай вобласці, такі ж пакет дакументаў з ГУБАЗіКам, МУС і КДБ.

Мне прапаноўвалі даносіць на палітвязняў Маёраву і Гнаўк. Я ўзяла паперку і напісала: «Паколькі камунікацыя ва ўмовах калоніі паміж атрадамі з'яўляецца парушэннем лакалізацыі, што пераследуецца ў адміністрацыйным парадку, з'яўляецца дысцыплінарным парушэннем, нічога аб'ектыўнага, інфарматыўнага аб дадзеных асуджаных паведаміць не магу».

Гэтую паперку я перадала аднаму з кіраўнікоў Упраўлення дэпартамента выканання пакаранняў. Яму не спадабалася, ён прапанаваў: «Тады напішы на каго-небудзь яшчэ». На што я адказала, што магу напісаць на яго супрацоўнікаў аператыўнага аддзелу.

Неўзабаве я зноў трапіла ў ШІЗА. Ведаеш, гэта даволі моцна б’е па псіхіцы, калі разумееш, што ты бяссільны… Тым больш што ў штрафных ізалятарах я правяла агулам больш за год. Тэрміны ў ПКТ я ўжо нават не лічыла.

Ты можаш крычаць, цябе ніхто не пачуе, з табой могуць рабіць усё што заўгодна, і пра гэта ніхто не даведаецца. І ты рэальна баішся проста за сваё жыццё.

Разам з тым незразумела, чаму карнікі не ўсведамляюць, што існуе асобная катэгорыя людзей, якіх немагчыма зламаць фізічна ці псіхалагічна. Такія людзі хутчэй скончаць жыццё самагубствам, чым стануць на калені перад злачынным рэжымам.

5 снежня летась у адносінах да мяне была ўзбуджаная новая крымінальная справа — па артыкуле 410, гэта «дзеянні, якія дэзарганізуюць працу папраўчай установы». Пакаранне прадугледжвае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. Пасля гэтага ў мяне папросту апусціліся рукі. Я зразумела, што з гэтага канцлагеру я не выйду ніколі, — апавядае Вікторыя Кульша.

«Думала вязуць забіваць, і раптам — Украіна»

— Мяне вызвалялі з гомельскай ПК-4: я трапіла туды з Зарэчча ў лякарню. На наступны дзень мяне вывелі з палаты, з камеры, як яно там называлася правільна. Я не ўяўляла куды. Хоць напярэдадні адзін з супрацоўнікаў Дэпартаменту і намякнуў, што ў бліжэйшы час можа адбыцца вызваленне.

Калі ўбачыла супрацоўніка, які прынёс пакуначак з грашыма і сказаў, маўляў, з вашага рахунку былі знятыя сродкі, распішыцеся ў ведамасці, я зразумела, што нешта адбываецца. За пашпарт распісацца не прапаноўвалі. Мяне, як пазней аказалася, яго проста пазбавілі.

Даведка аб вызваленні з калоніі. Прадстаўлена Вікторыяй Кульша

Мяне пераапранулі ў цывільнае, забралі форму і адвялі на КП, адкуль адбываецца вызваленне. Мае скрыні ўжо там стаялі, іх з Зарэчча прывезлі загадзя.

Адчыняецца брама, бачу бус і людзей у балаклавах. Мне стала страшна: было адчуванне, што зараз вывезуць у лес і проста…ведаеш… у патыліцу і ўсё.

Мяне яшчэ больш перасмыкнула, калі ўбачыла на пярэднім сядзенні ляжачага чалавека з гаспадарчай торбай на галаве. Яго рукі былі прышпіленыя спераду кайданкамі, ён ляжаў без руху. Я была ўпэўненая, што перада мной мярцвяк.

Людзі ў балаклавах пачалі штурхаць мяне ў спіну, маўляў, узнімайся ў бус. А я не магу, у мяне паніка, адмаўляюся. Мяне, штурхаючы, закінулі туды і сказалі: «Кладзіся, як ён». А ў мяне шыя загіпсаваная, кажу: «Фізічна не магу». Тады яны дазволілі сядзець, але надзелі кайданкі і на галаву такую ж торбу. І вось ты проста сядзіш і разумееш, што вязуць забіваць.

Але пасля я адчула, што людзей з іншага транспарту перасаджваюць у адзін аўтобус. І сцяміла, што нас сапраўды вызваляюць. Але мозг у гэта верыць адмаўляўся. Я нават думала, што ўсіх вызваляць, а мяне зноў завязуць у калонію. Чула, што вакол шмат людзей, гэта мужчыны, хоць і не бачыла іх.

Мяне закінулі ў аўтобус з аднымі мужчынамі чамусьці. Мне было ўжо ўсё роўна, куды вязуць — хоць на Месяц, хоць да чорта лысага. Самае галоўнае, што вывозяць з гэтай скуралупні, што пекла скончылася.

Я не магла сабе ўявіць, што гэта будзе Украіна, ніхто з нас не мог уявіць, вядома.

І вось мы на закрытай украінскай мяжы. Столькі радасці было, не перадаць! Я надзвычай удзячная ўкраінскім уладам, прэзідэнту Зяленскаму, валанцёрам і ўсім тым, хто нас прымаў і намі апекаваўся. Нізкі ім паклон.

І хоць нас і папярэдзілі, што Чарнігаўскую вобласць пастаянна абстрэльваюць, і мы ўвесь час спускаліся ў бамбасховішча, ніякай панікі і страху не было. Я нарэшце адчувала сябе вольнай! Пасля таго, што са мной адбылося ў ПК-24, зусім не палохала верагоднасць быць забітай ва Украіне.

Тое-сёе трэба падлекаваць, але ўвогуле адчуваю сябе фізічна даволі няблага. У псіхалагічным плане, вядома, няпроста. Я нібыта пустая пасудзіна, якую нечым трэба запоўніць, але пакуль не атрымліваецца, бо змесціва выцякае праз шчыліны. У галаве — пазл, які разляцеўся на шмат кавалкаў і які ніяк не магу сабраць.

Рана ці позна мне, мабыць, трэба будзе звярнуцца да псіхолага, але пакуль што хочацца цішыні і спакою.

Наконт Лукашэнкі, які сказаў пасля нашага вызвалення, што, чаму я, маўляў, сваім ворагам павінен пашпарты аддаваць, лічу, што з ім можна размаўляць толькі з пазіцыі сілы. Я падтрымліваю санкцыі, але нікому сваё меркаванне не навязваю.

Спадзяюся, што рана ці позна гэтыя каты адкажуць за свае чорныя справы. Я не хачу і не магу перагарнуць старонку.

Вельмі хачу вярнуцца ў Беларусь. Жыву гэтай марай, гэтым момантам.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(3)