80

Андрэй Карась

«У кнізе генпракуратуры раздзел пра 2020-ты займае большы аб’ём, чым раздзел пра нямецкія злачынствы»

Улады працягваюць раскручваць тэму «генацыду беларускага народу» ў часы Другой сусветнай вайны. Як да гэтага варта адносіцца? Вось якія думкі былі выказаныя падчас круглага стала, які зладзіў Беларускі інстытут публічнай гісторыі.

Дзеянні карнікаў «трэба кваліфікаваць не як генацыд, а як злачынствы супраць чалавечнасці»

Гісторык Павел Церашковіч з улікам таго, што тэрмін «генацыд» мае юрыдычны характар, так выказаўся пра дзеянні акупантаў: «Нельга сказаць, што яны былі накіраваныя на тое, каб знішчыць беларусаў як нацыянальную ці этнічную групу».

На яго думку, дзеянні карнікаў у Беларусі ў гады вайны «трэба кваліфікаваць не як генацыд, а як злачынствы супраць чалавечнасці».  

– Відавочна, што падчас Другой сусветнай вайны ў Беларусі і іншых краінах мэтанакіравана як групу знішчалі габрэяў – вось гэта быў генацыд, – дадаў гісторык.

Церашковіч лічыць, што беларускія ўлады ў сапраўдным даследаванні не зацікаўленыя. Напрыклад, ёсць пытанні наконт таго, дык колькі ж насамрэч беларусаў загінула падчас вайны.

– Адкуль узяліся ўсе гэтыя лічбы – «кожны трэці», «кожны чацвёрты»? Як лічылі?

Пасля акупацыі пры следчых дзеяннях масавыя пахаванні мерылі крокамі і прыблізна вылічвалі, колькі там можа ляжаць людзей – напрыклад, ля Трасцянца. Гэта прыблізныя лічбы.

Калі ўзяць статыстыку, то ў 1941 годзе на тэрыторыі Беларусі ў сучасных межах жыло 9 мільёнаў 92 тысячы чалавек. Першая пацверджаная пасляваенная статыстыка – 1950 год: 7 мільён 745 тысяч чалавек.

У пасляваенныя гады насельніцтва даволі хутка павялічвалася, штогадовы прырост складаў каля 130 тысяч чалавек. Калі ўсё палічыць, то атрымліваецца, што на пачатак 1946 года на тэрыторыі Беларусі жыло 7 мільёнаў 217 тысяч чалавек.

Такім чынам страты складаюць 1 мільён 875 тысяч чалавек альбо 20,6%. Гэта, безумоўна, жахлівыя лічбы, гэтыя чалавечыя ахвяры – адныя з самых вялікіх на тэрыторыі Еўропы. Але гэта не «кожны трэці», не «кожны чацвёрты».

«З прывязваннем да змагання з сучаснымі пратэстамі дыскрэдытуецца сама тэма»

Гісторык Ірына Кашталян лічыць, што сапраўдныя даследаванні пра наступствы і ахвяр вайны маглі быць каштоўнымі для адукацыйных праграм, для працы з моладдзю. Аднак кампанія беларускіх улад пад назвай «генацыд беларускага народа» мае відавочна маніпулятыўны і палітызаваны характар.

– Самае страшнае, што з прывязваннем да змагання з сучаснымі пратэстамі дыскрэдытуецца сама тэма, – адзначыла Кашталян.

Выданні пра «генацыд беларускага народа» не вытрымліваюць прафесійнай крытыкі.

– Каб асэнсаваць усе падзеі трэба не мець забароненых тэм. Падымаецца тэма калабарацыянізму, але мы не чуем нічога пра злачынствы ўласаўцаў. А некаторыя так пачынаюць развіваць тэму, што за тымі беларускімі калабарантамі не бачна нацысцкіх злачынстваў, – адзначыла гісторык.

Акадэмічны дырэктар Беларускага інстытута публічнай гісторыі Аляксей Ластоўскі дадаў: генпракуратура дзейнічае настолькі палітызавана, што гэта «больш адчужае, чым прымушае прыслухацца да горкіх ведаў».

«У абласных цэнтрах паставілі помнікі пра «генацыд беларускага народу», а ў месцах, дзе гарэлі вёскі з людзьмі, няма ніякіх пазнак»

Гісторык Уладзімір Лобач распавёў пра размовы з жыхарамі беларускіх вёсак:

– Я не чуў і не сустракаў у вёсках такіх словазлучэнняў як «Вялікая Айчынная вайна», «подзвіг савецкага народа», «усенародная падтрымка партызан». Не гавораць там і такіх словаў як «Другая сусветная вайна», «акупацыя», «калабарацыя», «генацыд». Людзі акрэсліваюць усё базавымі зразумелымі словамі. Самая частае слова, якое я чуў ва ўспамінах, – страх.

…З аднаго боку трэба разумець, што ў перспектыве чакала беларусаў. У заплечніку кожнага нямецкага салдата была брашурка пра недачалавека – гэта пра нас, умоўна кажучы. Ніякіх ружовых перспектыў для беларусаў не было і не планавалася

З іншага боку відавочна, што сама тэрміналогія «генацыд беларускага народу» выкарыстоўваецца ў прапагандысцкіх мэтах. Калі разгарнуць кнігу генпракуратуры «Генацыд беларускага народу», то нельга не заўважыць, што раздзел пра выступленні 2020 года, якія падаюцца пад маркай калабарацыянізму і аднаўлення нейкіх нацысцкіх практык, займае большы аб’ём, чым раздзел пра ўласна нямецкія злачынствы.

Што ёсць абсалютна паказальным, чаму гэта тэма так гучна ўладамі актуалізуецца. Відавочна, што з народным успрыманнем бяды і трагедыі гэта не мае нічога агульнага.

У кожным абласным цэнтры паставілі помнік пра «генацыд беларускага народу», тады як (магу засведчыць як палявік) у рэальных месцах, дзе гарэлі нашы вёскі, у тым ліку з людзьмі, можна ўбачыць толькі пусткі і калгасныя палеткі – без ніякай пазнакі, што тут адбылося ў страшныя гады вайны.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(10)