Общество

Ірына Дрозд

«У Ізраілі — матрыярхат, не так, як у Беларусі. Шмат дзеўчын лічаць за лепшае свабодныя адносіны»

Адмовіцца ад цывілізацыйных выгод, выставіць карціны ў закінутым доме і чакаць каханне ў шалашы. Беларускі мастак-эмігрант Арцём Пронін, які пасяліўся ў гарах у Ізраілі, распавёў «Салідарнасці» пра гэтыя дні: «Я не разлічваў на такі пазітыў».

Арцём Пронін. Усе фота з архіва героя

Арцём Пронін напярэдадні зладзіў незвычайную выставу. Свае карціны мастак размясціў наўпрост у закінутым доме: знайшоў яго, самастойна ўсё вычысціў і зрабіў вялікую экспазіцыю — з чатырох залаў.

«Я сам ахоўваў сваю выставу, а на якісьці выпадак у мяне быў малаток»

— Гэта наогул мая першая персанальная выстава, — кажа Арцём. — У мяне ніколі не было такой колькасці прац, каб нешта такое рабіць.

У Беларусі я па большай частцы працаваў на замову, рабіў партрэты за грошы і даволі добра зарабляў, бо змог набыць кватэру і жыў няблага. Але мастацтвам амаль не займаўся.

У Ізраіль прыехаў наогул без прац. І вось некалькі гадоў маляваў не за грошы, а для душы, і карціны нават не імкнуўся прадаваць, каб сабраць.

— Як ты прыдумаў правесці выставу ў сапраўднай запушчанцы?

— Зладзіць выставу ў любым месцы нялёгка. Каб звяртацца ў нейкія ўстановы ці галерэі, трэба быць вядомым ці мець грошы, бо арэнда любога памяшкання ў Ізраілі каштуе нятанна.

Дарэчы, зараз у мяне ўжо ёсць дамоўленасць зрабіць выставу ў Тэль-Авіве, але там памяшканне значна меншае.

Але недзе год таму я задумаўся пра такі варыянт, які б адпавядаў майму творчаму стылю, стылю жыцця, і зразумеў, што ў такім будынку я ні чым не абмежаваны, магу выставіць, што хачу і як хачу.

Пагатоў, гэта не проста звычайны закінуты дом. Месца, у якім ён знаходзіцца, добра вядомае ў андэграўндным асяроддзі. Пра яго і яго жыхароў-нефармалаў 90-х ходзіць шмат легендаў, нават фільм здымалі.

Мастак рыхтуе дом, каб зрабіць выставу

Да таго ж, знаходзіцца ён недалёка ад цэнтру Іерусаліма, на мяжы з Палестынай, то-бок я бачу іх гарадок, з якога сюды ідуць па сцежках людзі.

І ніякага дазволу на гэту выставу я не дабіваўся і не браў, бо браць няма ў каго. Наўпрост прыйшоў, прыбраўся і развесіў працы. І сам жыў там падчас выставы.

Канешне, у Беларусі такі варыянт быў бы немагчымы. Ужо б нехта паведаміў вядома куды, і прыйшлі б спецыяльныя людзі, ці, наадварот, завіталі б якія гопнікі, каб абрабаваць.

Тут усе ішлі з цікавасцю і добрым намерам. Я сам ахоўваў сваю выставу, а на якісьці выпадак у мяне быў малаток. Адзін раз яго сапраўды давялося выкарыстаць, калі да мяне завітаў неадэкватны чалавек.

Ён распрануўся і залез на дах. У той момант я нават прыпомніў беларускага майстра перформансу Кузьміча. І вось прыйшлося прыстрашыць таго хлопца малатком, каб ён сышоў.

— Як гледачы даведваліся пра тваю выставу?

Месца, дзе мастак зладзіў выставу

— Аб’яву я павесіў на самім доме. Паколькі ён знаходзіцца побач з турыстычнай сцежкай, амаль усе, хто ішоў туды, заходзілі і да мяне. Ведаю, што мясцовыя жыхары напісалі пра маю выставу ў сваіх чатах. Таму прыйшло і шмат тых, хто жыве побач.

Само месца, дзе я арганізаваў выставу, гэта пакінутая праз вайну 1948 года арабская вёска. А ў гэтым доме жыў мясцовы стараста, таму сюды дагэтуль ідуць экскурсіі арабаў, а дзеці нават цэлымі класамі.

Сярод наведвальнікаў — арабаў — былі тыя, хто заходзіў і казаў «Шалом», былі пасяленцы з Заходняга берагу.

Выстава Арцёма Проніна

Цікава, што тут жа непадалёк ёсць ешыва, таму да мяне ішлі і шмат рэлігійных людзей. Сярод іх, як вядома, ёсць тыя, хто адмаўляюцца ад усіх сучасных прылад і карыстаюцца толькі кашэрнымі кнопачнымі тэлефонамі.

А ў мяне былі аж дзве залі з анімацыяй, якую патрэбна глядзець на тэлефоне праз QR-коды. Гэта значыць, што забарону трэба было парушыць, і жадаючых гэта зрабіць было нямала.

Асаблівасць маёй выставы была яшчэ і ў тым, што любы наведвальнік мог тут жа паразмаўляць з мастаком, некаторыя ладзілі музыкальныя джэмы, іншагароднія маглі застацца пераначаваць.

Наведвальнікі выставы Арцёма

«Калі ў 2020 годзе пасля затрымання і збіцця я зязджаў з Беларусі, яшчэ не разумеў, што зязджаю, відаць, назаўсёды»

— Сярод тваіх работ, прадстаўленых на выставе, былі і тыя, якія можна ўспрымаць неадназначна. Як да іх ставіліся?

— Так, у мяне было адчуванне, што, можа, у каго будзе рознае стаўленне да маіх работ. Бо ў мяне акрамя серыі партрэтаў, пластыкавых бутэлек, ёсць, напрыклад, чарапы, розныя жахлівыя твары, рэлігійныя сюжэты.

На адной з карцін намалявана марка ЛСД, яшчэ на адной — жэст з сярэднім пальцам. Менавіта яе, калі прыходзілі класы арабскіх дзетак, настаўнікі адварочвалі.

Астатнія разглядалі з цікавасцю. А мне ў той жа час было цікава камунікаваць з вельмі рознымі людзьмі. Большасць з іх наогул не ходзяць на мастацкія выставы, а тут быццам бы мастацтва прыйшло да іх само.

Наведвальнікі выставы Арцёма

— Уваход на выставу, вядома, быў вольны. А ці хто прапанаваў табе грошы за працы, ці для цябе прынцыпова маляваць па-сяброўску і не браць грошы?

— У прадмове да выставы я напісаў, што не вельмі зацікаўлены ў манетызацыі. Гэта не таму што я наогул не прымаю грошы, асабліва калі ёсць замова на сур’ёзную працу.

Проста сэнс гэтай выставы, у першую чаргу, быў у тым, каб пазнаёміць людзей з маёй творчасцю. Ужо казаў, што ў Ізраілі я нікому невядомы мастак.

Але шмат з тых, хто трапляў на выставу, хацелі неяк мне падзякаваць, нешта пакінуць. Некаторыя данацілі невялікія грошы, хтосьці частаваў нечым смачным.

І ўсё ж я не чакаў, што ад людзей не будзе ніякіх негатыўных водгукаў. Не чакаў і такой колькасці наведвальнікаў, а іх было некалькі соцень за два тыдні.

І гэта ў час, калі ўмовы надвор’я не надта прымальныя, бо спёка 37 градусаў.

У перадапошні дзень працы выставы да мяне зайшла цяжарная кошка і проста тут нарадзіла кацяня. Я лічу гэта добрым знакам.

Мастак з наведвальнікамі выставы

— Гэтую выставу ты акрэсліў як шлях да сябе і да сваёй зямлі. А якую зямлю ты зараз адчуваеш сваёй?

— Калі ў 2020 годзе пасля затрымання і збіцця я з’язджаў з Беларусі, яшчэ не разумеў, што з’язджаю, відаць, назаўсёды. Але я не шукаю сваю зямлю, хутчэй шукаю шлях да сябе.

І тыя словы, якія Бог сказаў Аўрааму: לך לך («Ідзі да сябе»), можна разумець па-рознаму, але і як той самы шлях да сябе. Я вырашыў, што мой шлях — гэта мастацтва. Можа ён і памылковы, таму што я заўсёды думаю, што я раблю, ці мае гэта нейкі сэнс, ці патрэбна гэта камусьці.

«Была ў нас адна беларуская красуня, з якой мы размаўлялі на нашай мове, і я ў яе закахаўся»

— Раней ты жыў у будане ў гарах. А зараз?

— Я і зараз жыву ў падобных умовах, у такім жа стылі, дакладна ў будане ці, як гэта называюць тут, зула. Домік бедуінаў, качэўнікаў, якія стваралі для сябе нешта такое простае, што можна збудаваць за адзін дзень.

Год назад мне давялося разабраць свой стары будан. Я там жыў не адзін, у мяне было некалькі суседзяў, і ў нас ужо быў наладжаны побыт, нават была свая лазня.

Дарэчы, на тым месцы заўсёды жылі нейкія хіпары, яно ніколі не пуставала. Калі я прыйшоў туды, там таксама былі людзі, якія дапамаглі мне на першым этапе асвоіцца, расказалі, дзе што шукаць і як там увогуле жыць.

Але неўзабаве адбыўся рэйд, нешта накшталт прыроднай інспекцыі. І яны забаранілі там жыць. Так я пераехаў крыху глыбей. Цяпер нават выпадковыя мінакі ці турысты да мяне не даходзяць, а мне самому далей ісці да пляжа, але зараз я адчуваю сябе як сапраўды ў асобным доме.

Новы будан я не збіраў, бо на гэтым месцы быў гатовы, у якім жылі беларусы. Яны з’ехалі і ўсё пакінулі мне. І я зноў зімую на прыродзе, а на лета, як звычайна, стараюся некуды з’язджаць, ці за мяжу, ці тут у Ізраілі на поўнач.

Арцём Пронін

Дарэчы, апошнім часам я пачаў наведваць фестывалі, на якіх збіраюцца людзі розных поглядаў і жыццёвага досведу, але якія адвяргаюць любую іерархію.

Таму ўся арганізацыя адбываецца на добраахвотнай аснове, кожны робіць тое, што хоча, нехта праводзіць воркшопы, нехта заняткі ёгі, хтосьці пяе мантры, а я раблю сабе невялікую зулу і малюю там партрэты.

Езджу на гэтыя фестывалі, калі становіцца горача ў маіх гарах, так быў у Грузіі, Малдове і тут у Ізраілі. Шмат хто з людзей, якія там збіраюцца, аддае перавагу такому стылю жыцця, якім жыву я.

Мы ўсе па ўласным жаданні адмовіліся ад шэрагу цывілізацыйных выгод для таго, каб мець больш жывой чалавечай камунікацыі, быць бліжэй да прыроды. На адным з фестываляў я сустрэў беларуса, свайго цёзку, які таксама выехаў у 2020 годзе, і таксама адсядзеў суткі ў той час, як і я.

— А асабістае жыццё можна пабудаваць у будане?

— Зараз увогуле цяжка пабудаваць асабістае жыццё. Мне здаецца, ёсць такая праблема, бо колькасць адзінокіх людзей увогуле вялікая, напэўна, большасць з тых, каго я ведаю.

У мяне ёсць сябры, якія жывуць у кватэрах, але яны адзінокія, а ёсць тыя, хто жыве як я, але ў адносінах. Жыць на прыродзе для жанчыны цяжэй, і ўсё ж і ў нашай даліне жывуць жанчыны.

Была ў нас адна беларуская красуня, з якой мы размаўлялі на нашай мове, і я ў яе закахаўся. Але яна з’ехала праз вайну, а ў мяне застаўся толькі партрэт, які я выстаўляў на выставе.

А нядаўна ў мяне гасцявала сяброўка з Украіны і гатавала мне дранікі. Я аж неяк адчуў, што можа было б някепска, каб была побач добрая жанчына.

Якія ў мяне патрабаванні? Тут у Ізраілі — матрыярхат, не так, як у Беларусі. Шмат дзеўчын, асабліва ў маім хіпі-асяроддзі, лічаць за лепшае свабодныя адносіны.

Арцём Пронін

Раней, ведаю, такое б задаволіла большасць мужчын, але зараз разумею, што гэта не для мяне. Усё больш сустракаю дзеўчын, якія не могуць жыць без канабісу, гэта мяне пужае. Мне ўвогуле не падабаюцца залежнасці, сам зараз адмовіўся нават ад кавы.

Да таго ж цяжка знайсці жанчыну, якая б успрымала пазітыўна мой лад жыцця. Але, калі такая знойдзецца, думаю, можна будзе знайсці кампраміс.

Мне зараз 44 гады, фізічна я адчуваю сябе вельмі добра, за 4,5 гады жыцця на прыродзе ні разу не быў у доктара. Спадзяюся, у мяне ёсць яшчэ гадоў дзесяць, каб стварыць сям’ю. І, згодна майго плану, за гэты час я ўсё ж павінен манетызаваць сваё мастацтва.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.4(16)