Общество

«Сустрэліся з памежнікам позіркамі, і ён па рацыі перадаў: «Яна ідзе». Стала зразумела, што рыхтуецца затрыманне»

Як пачуваецца чалавек, які ляціць з адпачынку дадому, а трапляе за краты? Як выжыць у няволі, калі «самы гуманны суд у свеце» дае табе пяць гадоў пазбаўлення волі ні за што? Журналістка Ірына Слаўнікава расказала БАЖу сваю гісторыю арышту і зняволення.

Пасля доўгага расстання. Фота: з асабістага архіва Ірыны Слаўнікавай

Ірына Слаўнікава аказалася сярод 52 палітвязняў, якіх рэжым Лукашэнкі вызваліў 11 верасня 2025 года і дэпартаваў у Літву.

«Сумна жартую: добра, што мяне затрымалі ўжо па прылёце, а не на адлёце»

— Вас з мужам затрымалі 30 кастрычніка 2021 года, адразу пасля вяртання з Егіпта. Ці маглі вы ўявіць сабе, што адпачынак закончыцца арыштам?

— На той момант ужо разгортваліся трагічныя падзеі, многія мае калегі былі за кратамі ці з’ехалі. Я шмат падарожнічала, і любое перасячэнне беларускай мяжы для мяне было некамфортным. Падчас праходжання пашпартнага кантролю чакала, што ў любы момант мяне могуць затрымаць. Якраз у аэрапорце так і здарылася. Але, як я жартую, добра, што мне далі адпачыць і арышт адбыўся ўжо па прылёце, а не на адлёце. 

У жніўні 2020 года мой муж быў затрыманы па адміністрацыйнай справе. Таму пры любым перасячэнні мяжы нас даглядалі больш пільна.  Праз гэта мы дамовіліся, што муж аддае мне свае тэлефоны і праходзіць кантроль у іншым акенцы (у нас жа розныя прозвішчы).

У той дзень мы зрабілі гэтаксама. Але калі мы ўжо крочылі па калідоры да акенцаў пашпартнага кантролю, я заўважыла службоўцу памежнай службы, які разглядаў нейкую паперку.

Магчыма, мне падалося, але я ўбачыла там свой фотаздымак. І калі мы з ім сустрэліся позіркамі, ён па рацыі перадаў: «Яна ідзе». У той момант стала зразумела, што рыхтуецца затрыманне мяне.

Аднак, як заўсёды ў складаных сітуацыях, спадзяешся на лепшае. Я падышла да акенца кантролю і падала свой пашпарт. Тут жа з’явіліся асобы ў цывільным з прапановай прайсці з імі. Яны мяне завялі ў асобны пакойчык, дзе паказалі пасведчанне ГУБАЗіК. Адзін з іх яшчэ жартаўліва запытаўся: «Ну што, дабегалася?» На што я адказала: «А чаму так доўга?».

Пасля традыцыйнай працэдуры адабрання тэлефонаў і іншай тэхнікі мяне папярэдзілі, каб я не рабіла ніякіх лішніх рухаў. На мяне насунулі капюшон (я была ў байцы), апусцілі маю галаву і скамандавалі: «Выходзім!». Мы прайшлі праз службовы ўваход.

Мужа, як я пазней зразумела, таксама затрымалі. Ён прайшоў праз такую ж працэдуру. І нас у розных машынах павезлі да Мінска. Я ўвесь час сядзела на заднім сядзенні паміж двума супрацоўнікамі, маю галаву ўвесь час трымалі прыгнутай.

«У камерах было вельмі холадна, стаялі толькі бетонныя лавы»

— Куды вас прывезлі?

— У Першамайскае РУУС Мінска, дзе і змясцілі ў камеру. Там ужо чакалі. Увесь час спрабавалі зняць нас на відэа (не пакаяльнае), усё перапытвалі ў мяне імя-прозвішча, якую пасаду я займаю. Але нешта ў іх не атрымалася, таму далей проста моўчкі здымалі. 

Затым доўга чакалі жанчыну-супрацоўніцу, каб правесці вобшук.

У камерах было вельмі холадна, стаялі толькі бетонныя лавы, пра што я сказала супрацоўніку РУУС. Ён мне прынёс досыць вялікі рушнік, які я расклала і спрабавала неяк уладкавацца на гэтай лаве.

А калі прыйшла супрацоўніца, то пачаўся агляд і вопіс рэчаў. А рэчаў многа (мы ж ляцелі з адпачынку): біжутэрыя, тэлефоны, банкаўскія карткі, камп’ютар. Той самы супрацоўнік РУУС адгукнуўся на просьбу майго мужа і перадаў мне ваду і шакаладку.

Мы чакалі да ранку. Тады нас перавялі ў нейкую актавую залу. Усё гэта адбывалася з пятніцы на суботу, то мы апынуліся ў кампаніі хатніх дэбашыраў. Тут мы дачакаліся аўтазак, які і перавёз нас у ІЧУ на Акрэсціна.

— Сістэма дзейнічала па абкатанай схеме: спачатку вас двойчы асудзілі па адміністрацыйных артыкулах…

— Сапраўды нічога новага не здарылася. У ІЧУ нас з мужам развялі па розных камерах, дзе мы да панядзелка чакалі суда. Абвінавацілі ў тым, што на нашых старонках у Facebook размешчаныя матэрыялы «экстрэмісцкага характару». А гэта проста былі старыя публікацыі, якія ўвогуле не тычыліся 2020 года. «Белсат» быў прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем» паздней, у 2021 годзе, натуральна, я не ўсё пачысціла. Яны нешта знайшлі і далі мне 15 сутак адміністрацыйнага арышту.

Ірына Слаўнікава за хвіліну да прысуду. Фота: БАЖ

— А чаму вам дадалі пасля адных 15 сутак яшчэ столькі ж, не паспелі адшукаць у вашай тэхніцы «крымінал»?

— Мяркую, яны спадзяваліся, што за гэты час нешта знойдуць у камп’ютары. Але я выйшла з усіх акаўнтаў, а на самім камп’ютары стаяў пароль, і дагэтуль стаіць, які яны не здолелі ўзламаць. Таму праз 14 дзён нас з мужам павезлі ў РУУС, дзе склалі чарговы пратакол — за непадпарадкаванне міліцыі.

На судзе высветлілася, што камеры назірання ў іх «не працавалі», міліцыянт казаў непрыхаваную хлусню. У той час адміністрацыйныя справы разглядаліся на раз-два. Нам далі яшчэ па 15 сутак арышту.

«Калі ты ў няволі, ты мусіш на нешта спадзявацца»

— Ці даваў суд падставы для надзеі, што вам дадуць не 5 гадоў, а менш?

— Адвакат цікавіўся ў мяне, ці мела я публікацыі апошнім часам. А я пад уласным імем дакладна нічога не выдавала. Калі атрымала другія 15 сутак, стала зразумела, што міліцыянты спрабуюць знайсці на мяне «крымінал». Што там было шукаць, калі было вядома, што я працую на «Белсаце», а «Белсат» прызнаны «эскстрэмісцкім фармаваннем»?

Адна гэтая акалічнасць давала ім фармальную падставу ўзбудзіць крымінальную справу.

Адзіная надзея ў мяне была на 342-гі артыкул, які мне інкрымінаваўся ад пачатку — ён прадугледжвае пазбаўленне волі да 2 гадоў.

Калі мяне перавезлі ў СІЗА на Валадарку, следчы да лютага 2022 года не высоўваў супраць мяне новае крымінальнае абвінавачанне. Але, мяркую, гэта быў проста здзек.

За пару дзён да таго, як павінен быў выйсці тэрмін разгляду справы па гэтым артыкуле, я атрымала абвінавачанне паводле часткі 1 артыкула 361–1: «кіраванне экстрэмісцкім фармаваннем». Гэта ўжо прадугледжвала ад 3 да 7 гадоў пазбаўлення волі.

Рашэнне чаканае, але чалавек заўсёды спадзяецца на лепшае. Калі ты сядзіш у няволі, ты мусіш на нешта спадзявацца, іначай не знойдзеш ні эмацыйных, ні фізічных сіл пераадолець гэтае выпрабаванне. Нельга ўпадаць у дэпрэсію, бо з яе вельмі цяжка выкараскацца.

— Вы не толькі журналістка польскага тэлеканала TVP, але яшчэ і намесніца старшыні БАЖ. Ці не было на вас ціску яшчэ і з гэтай прычыны?

— На шчасце, не. Канешне, следства цікавілася маёй дзейнасцю ў БАЖ, некаторымі асобамі з БАЖ, але ў матэрыялах крымінальнай справы гэты факт маёй біяграфіі адсутнічаў. Мяркую, ім было дастаткова кейса «Белсата». Таксама ў матэрыялах справы спачатку фігуравала абвінавачанне «рэабілітацыя нацызму», але падчас следства і суда яго адкінулі.

«У калоніі жыццё нагадвае дзень сурка: кожны дзень як папярэдні, як месяц таму»

— Колькі часу агулам вы правялі ў СІЗА?

— У СІЗА я адбыла роўна год: з ізалятара на Акрэсціна мяне перавялі ў следчы ізалятар на Валадарцы 5 снежня 2021 года. Там я прабыла да чэрвеня 2022 года, адкуль мяне этапавалі ў СІЗА № 3 у Гомель, бо справу супраць «Белсата» распачаў менавіта гомельскі ГУБАЗіК. З гэтай прычыны і судзіў мяне Гомельскі абласны суд. Пасля я яшчэ чакала адказу на апеляцыю, і потым 16 снежня 2022 года мяне этапавалі ў ПК № 4.

— Ці можаце параўнаць умовы ўтрымання ў СІЗА і ў папраўчай калоніі № 4?

— Гэта зусім розныя ўстановы. У СІЗА № 1 мы былі больш разняволеныя. Там мы маглі ўвесь час праводзіць на ложках — ляжаць, сядзець, бо камеры вельмі маленькія — і там вельмі лагодна ставяцца да затрыманых.

У СІЗА № 3 умовы больш жорсткія: нельга не тое што ляжаць на ложках, але некаторыя супрацоўнікі патрабавалі, каб твае дзве нагі стаялі на падлозе, калі ты сядзіш. На Валадарцы не было відэакамер, а тут усё ў іх.

Але чалавек такое стварэнне, якое прызвычайваецца да любых умоў. Мне як бы пашчасціла, што і на Валадарцы, і ў СІЗА Гомеля са мной знаходзіліся вельмі адэкватныя людзі, а атмасфера ў камерах была добразычлівая. Мы імнуліся прыставацца адна да другой. Стрэс і так вялікі, таму мы стараліся разборкамі не падымаць ягоны градус. Мы паважліва ставіліся між сабой, напрыклад, палілі па графіку раз на паўтары-дзве гадзіны.

Ірына Слаўнікава пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Белсат»

У СІЗА ты ўвесь час знаходзішся ў замкнутай прасторы, заўсёды з аднымі і тымі ж людзьмі. Нават калі цябе выводзяць на шпацыр, то бачыш толькі вузкі лапік неба. А ў калоніі ты глядзіш на дрэвы, будынкі, людзей. Нават праз плот можна было разгледзець дамы, дзе жывуць звычайныя людзі.

Для мяне яшчэ страшна было, як кажуць на жаргоне, калі цябе «падымаюць у атрад»: дагэтуль увесь час вакол цябе знаходзіліся 6–8 дзяўчат, а тут адразу з’яўляюцца 90 асоб, якія вельмі хутка рухаюцца і вельмі гучна размаўляюць.

Я прыціснулася да сцяны і папрасіла вярнуць мяне ў каранцін. Жартую, канешне.

Першы час раз на месяц цябе выклікае псіхолаг і вядзе гутаркі. Я была трохі знерваваная тым, што да псіхолага трэба ісці ў свой вольны час. Замест гэтага я магла папіць кавы пасля фабрыкі, заняцца сваімі асабістымі справамі. А ён яшчэ здзіўляўся, што мне не падабаецца ў калоніі. Маўляў, у СІЗА ў камеры па 20 чалавек сядзяць, а тут… Вось толькі ў СІЗА я займалася сваімі справамі: чытала, пісала лісты, рабіла гімнастыку. А ў калоніі я мушу хадзіць на фабрыку, увесь час знаходзіцца ў атачэнні дзясяткаў чалавек і выконваць пэўныя абавязкі.

У калоніі праз месяца паўтара прызвычайваешся да графікаў і раскладаў дня. І тады жыццё пачынае нагадваць дзень сурка, кожны з іх быў як папярэдні, як месяц таму. Мянялася толькі змена на фабрыцы і поры года — зіма, вясна, лета, восень. Больш нічога, а шостай раніцы пад’ём — і пайшло-паехала паводле раскладу.

Муж казаў, што я яму пісала вельмі падрабязныя лісты, апісваючы ўсё ў найдрабнейшых дэталях. Калі ты стаіш на праверцы 20 ці 30 хвілін, ты заўважаеш, што сёння лістота на каштане павялічылася, а побач лятае чмель. Ты ўвесь час спрабуеш заўважыць нешта новае, каб разбавіць нечым гэтую панылую завядзёнку.

— Што аказалася найбольш страшным для вас у гомельскай ПК № 4?

— Ты мусіш прыняць свой тэрмін: калі прызначылі 5 гадоў, то будзь гатовы адседзець іх цалкам. Галоўнае — не згубіць сябе фізічна і маральна.

Я вялікі індывідуаліст, а ў калоніі вельмі распаўсюджаная практыка калектыўнага пакарання: адзін за ўсіх і ўсе за аднаго. Калі нехта накасячыў, то караецца ўвесь атрад. Уся твая ежа, уся твая зменная вопратка захоўваецца ў капцёрцы ў скрынях.

У спальным пакоі можна пакінуць вельмі абмежаваную колькасць рэчаў, якія прапісаныя ў раскладах.

Яны загадваюць: выносім усю капцёрку, бо атрад накасячыў. Ты дастаеш усе свае рэчы і стаіш на вуліцы. Можаш гадзіну так правесці, паўтары. Але самае балючае ў тым, што часам ты не ведаш, за што пакараны. Спачатку я спрабавала шукаць логіку ў такіх дзеяннях, але рабіць гэтага няварта — толькі час змарнуеш.

«Калі ў табе разгледзяць асобу, то да цябе добра ставяцца»

— Як ставіліся ў калоніі да «палітычных»?

— Я стараюся ніколі не казаць пра тое, чаго не бачыла на ўласныя вочы. Але я чула, што калі ў калоніі з’явіліся жанчыны, асуджаныя па палітычных артыкулах, то да іх ставіліся вельмі жорстка. І сядзельцы, і адміністрацыя ўпершыню сутыкаліся з «палітычнымі», і не ведалі, як сябе паводзіць. Магчыма, існаваў нейкі загад зверху, але я гэтага дакладна не ведаю.

Калі я заехала ў калонію, то я асабліва жорсткага стаўлення да сябе не адчула. Вядома, прафулік, але на ім стаіць не толькі дзясятая катэгорыя — «экстрэмісты», але таксама асуджаныя, схільныя да самагубства, да агрэсіі. Ты мусіш двойчы на дзень прысутнічаць на праверцы, супрацоўнікі праводзяць з табой гутаркі. Але калі ты не дадаеш праблем адміністрацыі, то яна не стварае іх табе.

Я працавала на фабрыцы, добра шыла (на мяне ніколі не было нараканняў з боку брыгадзіра або майстра). Калі ў табе разгледзяць асобу, то да цябе добра ставяцца. У маім атрадзе мне было досыць камфортна, хаця ў дзяўчат з іншых атрадаў былі праблемы з прычыны іх артыкулаў. З цягам часу на «палітычных» звярталі ўсё менш увагі.

— Ці ўдавалася вам шчыльна кантактаваць з іншымі палітзняволенымі?

— Канешне. Праўда, з іншых атрадаў гэта амаль немагчыма, асабліва калі ты працуеш з чалавекам у розныя змены на фабрыцы. У нашым атрадзе ўвесь час былі 10–12 чалавек з дзясятага прафуліку. Натуральна, што з некаторымі з іх я падтрымлівала цёплыя і даверлівыя адносіны.

Больш цягнуліся адна да адной жанчыны па ўзросце, па поглядах. Я пакінула ў калоніі некалькі палітвязынак, якіх называю «мой чалавек». Найперш гэта Таццяна Кузіна, з якой мы прабылі разам два гады (на жаль, яна асуджаная на 10 гадоў). Мне побач з ёй было вельмі камфортна. Нават у самыя цяжкія часы яна мне дапамагала.

А на фабрыцы мы збіраліся сваім колам і абмяркоўвалі — не паверыце — нават вельмі смешныя тэмы. Часам аператыўнікі пыталіся ў нас: пра што вы размаўляеце ў сваіх гуртках?

Перш за ўсё навіны расказвалі: што прадавалі ў краме, нехта пабываў на спатканні, хтосьці прыносіў новы анекдот. Ты ішоў на фабрыку на змену і ведаў, што сустрэнеш не тое што паплечнікаў, але вельмі блізкіх табе людзей, з якімі можаш паразмаўляць і трохі разняволіцца.

У атрадзе за табой увесь час назіраюць, як, дарэчы, і на фабрыцы, але калі выпадала магчымасць паразмаўляць у нашых жоўценькіх колах, гэта было вельмі файна.

«Ніхто не ведае, было памілаванне ці не»

— Якімі ўмовамі было абстаўленае вашае вызваленне? Ці вы, як і большасць палітвязняў, проста не ведалі, з якой мэтай і куды вас забіраюць з калоніі?

— Дагэтуль я запытваюся ва ўсіх: на якой падставе нас вызвалілі? Ніхто не ведае, гэта было памілаванне, ці не. Напярэдадні, 11 верасня, мяне пачалі выклікаць то адзін прадстаўнік адміністрацыі, то іншы. Якраз у гэты час я сустрэла Ларысу Шчыракову.

Вечарам 10 верасня, калі нам сказалі пераапрануцца ў асабістыя рэчы, тады і стала зразумела, што нас будуць вызваляць. У мяне чамусьці адразу ўзнікла ўпэўненасць, што ў Беларусі нас не пакінуць, што кудысьці вывезуць. Але для мяне галоўнае — быць вольнай, і няважна ў якой краіне.

Я апынулася ў трохі іншай сітуацыі, чым астатнія палітвязні, мой муж ужо два гады жыве ў Варшаве, і «Белсат» базуецца ў Польшчы, і мой сын не на радзіме. Мне значна прасцей, чым астатнім вызваленым, у якіх сем’і, дзеці, жонкі, бацькі засталіся ў Беларусі. 

Вядома, вызваленне — гэта вялікая радасць, але на людзей звалілася столькі праблем, і побытавых, і датычных легалізацыі. Да таго адчуванні  азмрочаныя тым, што нас выкінулі з краіны, нават не запытаўшыся, і не далі магчымасць адведаць дом і прытуліць родных людзей. І гэта вельмі крыўдна.

«Я турму пакінула ў турме»

— Мінуў толькі месяц пасля вашага вызвалення, разумею, што вам пакуль не да доўгатэрміновых разлікаў. І тым не менш, якія планы на будучыню?

— Пакуль я абжываю свой новы дом, які стараюся палюбіць. Я імкнуся пазнаць Варшаву, якая нам дала прытулак. Хачу даць рады думцы, што цяпер гэта мой дом, прычым не на месяц, а, магчыма, на гады.

Я прызвычайваюся да новага ладу жыцця. Нікуды не трэба спяшацца, так файна прачнуцца і ляжаць у ложку колькі хочацца, не прыбіраць ложак паводле нейкага ўзору. І ты можаш нават нічога не рабіць — і табе за гэта нічога не пагражае.

Галоўны клопат сёння — зрабіць усе дакументы на легалізацыю, а гэты працэс можа зацягнуцца надоўга.

Канешне, планую вярнуцца ў прафесію. І калі ў мяне з’явяцца сілы сустракаць людзей, якіх вызваляюць з турмаў і калоній — спадзяюся, гэта адбудзецца ўжо хутка — проста працягваць ім руку. Пайсці разам у кавярню, каб не баяліся, паказаць цырульню — дапамагчы ім прызвычаіцца да вольнага жыцця.

— Здароўе трохі паправілі?

— Бліжэйшым часам я планую прайсці медычнае абследаванне. Спадзяюся, у калоніі здароўе не вельмі моцна сапсавалася. А з псіхічным, ментальным станам у мяне ўсё добра. Я турму пакінула ў турме, выцягнула сябе адтуль з усімі каранямі і нават кропелькі сябе не пакінула ў гэтай сумнай установе.

— Ваш муж неаднойчы крытыкаваў праваабарончыя арганізацыі і дэмакратычныя сілы ў цэлым, што яны занадта мала намаганняў прыкладаюць для вызвалення палітвязняў. Ці абмяркоўвалі вы з мужам гэтую сітуацыю пасля вызвалення?

— Нават у калоніі мне часта казалі: «Іра, мы захапляемся тваім мужам, бо ён змагаецца за цябе, як леў». Вельмі ўдзячная яму. Муж мне казаў: «Я гатовы быў размаўляць хоць з д’яблам, абы цябе вызваліць адтуль як мага хутчэй». Ён увесь час просіць прабачэння, што не змог зрабіць гэтага раней.

Магчыма, ён не бачыў усёй карціны цалкам. Я, канешне, ведаю, што праваабарончыя арганізацыі грукаліся ва ўсе дзверы, каб вызваліць палітвязняў. Магчыма, майму мужу гэтага было недастаткова. Яго трэба зразумець, і я не магу крытыкаваць яго за гэта. І праваабарончыя арганізацыі таксама могуць зразумець яго пазіцыю.

Нашым родным, якія засталіся на волі, было значна складаней, чым нам. Цяжар адказнасці, унутранае пачуццё, што яны не збераглі нас, што робяць для нашага вызвалення недастаткова, лёг на іхнія плечы. 

Але мае сваякі і родныя вельмі хутка скінулі гэты цяжар. Праз некалькі дзён пасля майго вызвалення, нашыя знаёмыя, убачыўшы нашыя агульныя здымкі, заўважылі, што выгляд майго мужа моцна змяніўся: «трагічныя» змрочкі на ягоным твары расправіліся.