Общество

«Стрэс уплывае на цукар, фізічная нагрузка ўплывае на цукар, настрой уплывае на цукар»

ІншыЯ распавядаюць гісторыю Вікі, якая перажыла кому і навучылася жыць з дыябетам.

У Вікі дыябет 1-га тыпу. Гэта аўтаімуннае захворванне, пры якім прыродны «аўтапілот» рэгулявання цукру ў крыві адключаецца, і ўсё кіраванне пераходзіць да чалавека. Пра дыягназ Віка даведалася ўжо пасля таго, як выйшла з трохдзённай комы ў шпіталі ў Літве.

У гэтым інтэрв’ю яна дзеліцца з намі, як жыве з гэтай хваробай і як навучылася ўспрымаць яе не як прыгавор, а як частку свайго жыцця.

— Як у вас з’явіўся дыябет?

— Дыябет у мяне з’явіўся ў 2020 годзе на фоне стрэсу: гэта і кавід, і выбары, і яшчэ навучанне ва ўніверсітэце ў новым анлайн-фармаце. Фактараў было мноства, мая імунная сістэма не вытрымала гэтага ціску і атакавала маю падстраўнікавую залозу. Звычайна дыябет 1-га тыпу з’яўляецца ў людзей, у якіх ёсць да яго схільнасць, але ў маім выпадку гісторыя хваробы сям’і пустая.

Пры дыябеце 1-га тыпу імунная сістэма памылкова атакуе і разбурае клеткі падстраўнікавай залозы, якія і выпрацоўваюць інсулін. У выніку арганізм перастае выпрацоўваць інсулін, і чалавеку трэба ўводзіць яго звонку.

Працуе гэта так, што пры дыябеце 1-га тыпу падстраўнікавая амаль не выпрацоўвае інсулін, таму глюкоза не трапляе ў клеткі, і цела сігналізуе: «Мне патрэбная энергія!» — праз гэта хочацца салодкага. Калі чалавек есць салодкае, узровень цукру ў крыві робіцца яшчэ вышэйшым, тады арганізм спрабуе вывесці яго з мачою, што выклікае моцную смагу. У выніку атрымліваецца замкнёнае кола: голад → салодкае → высокі цукар → смага.

У траўні 2020 года ў мяне пачалі з’яўляцца першыя сімптомы. Я ніяк не звязала іх з дыябетам — думала, што гэта проста рэакцыя арганізма на стрэс. Хаця ўсё было як у падручніку.

Самы галоўны сімптом — гэта неспатольная смага. Я выпівала 5-6 літраў вады на дзень і ўсё роўна хацела піць. Спынялася толькі таму, што адчувала: калі працягну, то лопну. Хацелася проста сесці на ўнітаз: паралельна сікаць і піць, утыркнуўшы сабе шланг з вадою ў рот.

На фоне гэтай смагі моцна хацелася салодкага. Я ела шмат салодкага і праз гэта зноў хацелася піць. Хоць я ніколі не была ласай да салодкага, але на тыя некалькі месяцаў я ёй стала.

Яшчэ адзін сімптом — гэта імклівая страта вагі. За два месяцы я страціла 11 кілаграмаў. Гэта таксама было звязана з тым, што раз арганізм не атрымлівае вугляводы, то ён бярэ глюкозу з тлушчавых запасаў. Гэта ўплывае ў цэлым на метабалізм, на стан арганізма. У мяне пачалася экзэма, мне не хапала энергіі, я заўсёды была вельмі стомленай.

Дадатковы стрэс быў яшчэ і таму, што я не разумела, што са мной робіцца. Я адчувала і прыніжэнне, бо праз тое, што шмат піла вады, то часта хадзіла ў туалет і, часам, нават не магла датрываць трошкі.

Да лекараў я не звярталася. Я крыху баюся лекараў, таму вырашыла, што проста пацярплю. Да таго ж я не гугліла ўсе гэтыя сімптомы, проста жыла з імі.

Гіпаглікемія — гэта нізкі ўзровень цукру ў крыві, калі арганізму не хапае энергіі для нармальнай працы. Чалавек адчувае млявасць, дрыжыкі, патлівасць, галавакружэнне і моцны голад. Часам цяжка засяродзіцца і з’яўляецца раздражнёнасць, пры моцным падзенні цукру можна нават страціць прытомнасць.

Улетку я знайшла падпрацоўку афіцыянткай і, магчыма, якраз і пратрымалася так доўга за кошт таго, што фізічная нагрузка натуральным чынам дапамагала выводзіць цукар з цела. Хоць, як я ўжо пазней зразумела, на працы ў мяне часта здаралася гіпаглікемія. Я разумела, што мне трэба дайсці да лекара, але пачаўся новы навучальны семестр.

У снежні ўпершыню за доўгі час я сустрэлася са сваімі сваякамі — праз кавід мы стараліся трымацца далей адно ад аднаго. Яны заўважылі, што я шмат п’ю вады, і сказалі: «Гэта падобна да дыябету, схадзі праверся». Я не адчула роспачы, бо гэта хаця б тлумачыла, што са мной адбываецца.

— Але да доктара сваімі нагамі вы дайсці не паспелі?

— Не паспела. Бо ў сярэдзіне снежня я заразілася кавідам у цяжкой форме. Тыдзень я праляжала дома няздольная кудысьці выйсці і 18 снежня пагрузілася ў кому проста дома.

Ёсць даследаванні, якія паказваюць, што пры хваробе ў чалавека падымаецца ўзровень цукру. Як дыябетык са стажам, пацвярджаю, што сапраўды, калі ў мяне прастуда, то цукар невытлумачальна вышэйшы, чым павінен быць.

У мяне так і здарылася: саслаблы арганізм пасля шматлікіх месяцаў усіх гэтых сімптомаў плюс кавід — і я ўвайшла ў кому на 3 дні. Ёсць гісторыі, што чалавек у коме чуе, што яму гавораць. У мяне такога не было. Гэтых трох дзён для мяне проста не існуе: выразалі і склеілі.

Ачуняла я ўжо ў бальніцы. Да мяне падбеглі лекары і пачалі задаваць дзіўныя пытанні: ці разумею я, дзе знаходжуся, хто мая маці? Адказваю, і мне кажуць: «У вас кавід-19 і дыябет 1-га тыпу».

Мая першая рэакцыя на гэтыя словы была, што блін, я больш не змагу есці цэпеліны і дранікі, бо яны вугляводныя. Не ведаю, чаму такая думка прыйшла, бо я ўсё яшчэ амаль нічога не ведала пра дыябет, але ўжо пачала генераваць «усратыя» жартачкі накшталт «ніякіх мне sugar daddy».

Я нават не зразумела, што была ў коме. Я знаходзілася ў няведанні тры дні, пакуль аднойчы мне не перадалі чужы кнопачны тэлефон, на які патэлефанавала мая мама з Беларусі і ўсё расказала. Яна сказала, што недзе пасля першага дня ў коме я апрытомнела і мне задавалі гэтыя стандартныя пытанні, але я не разумела, што знаходжуся ў Літве, і не памятала, хто мая мама. Потым я зноў правалілася ў кому і праз 2 дні прыйшла ў сябе.

У шпіталі я прабыла некалькі тыдняў. Там мяне навучылі, як самой калоць інсулін, як жыць з дыябетам, лічыць вугляводы, падбіраць дазіроўкі, што можна і што нельга.

— Атрымліваецца, 2021 год вы сустрэлі ў бальніцы?

— Так, мне на сняданак мандарынку паклалі. Мы стэлефаноўваліся з сябрамі апоўначы, каб павіншаваць адно аднаго з Новым годам. Яны былі радыя, што я жывая. Адчування свята не было, для мяне гэта быў звычайны дзень, але я з гэтай нагоды не пакутавала. Моцна пераймаліся мае сваякі.

— Не толькі вы вучыліся жыць з цукровым дыябетам, але і вашыя сваякі вучыліся ставіцца да вас, як раней.

— Не магу ўявіць, як ім было, бо я ў іншай краіне, у коме, у шпіталі, у мяне дыябет. Я разумею, што цяжка чуць, што ў мяне сур’ёзнае невылечнае захворванне, але мне непрыемна, калі да мяне пачынаюць ставіцца так, быццам я развалюся і памру ў любы момант. Людцы, не хвалюйцеся, я больш не цукровая і не растану!

Яны рэгулярна тэлефанавалі і даводзілі мяне пытаннямі: што я ела на сняданак, на абед, на вячэру? Які ў мяне быў цукар, калі я прачнулася? Бабуля скідала відэа з магічнымі жанчынамі, якія вылечвалі дыябет мантрамі. Нехта са сваякоў казаў: ты проста не каліся інсулінам, і дыябет пройдзе.

Я тлумачыла ім, што гэта не іх клопат за гэтым сачыць і што я дарослы, самастойны чалавек, які не спяшаецца паміраць. На такое выхаванне сваякоў спатрэбілася шмат часу. Мусіць, яшчэ даўжэй, чым мне прыняць дыябет.

— А калі ў вас настаў этап поўнага прыняцця хваробы?

— Праз год ці нават больш праз тое, што трэба было прывыкаць жыць па-іншаму — не кардынальна, але стала прыкметна складаней. Але ў шпіталі я была абсалютна спакойная: наадварот, было лягчэй, што я ведаю, што са мной, і што з гэтым жывуць. Я ведала, што проста мушу навучыцца, як мне з гэтым даваць рады.

— Як змянілася вашае паўсядзённае жыццё пасля дыягназу?

— Першы год з дыябетам быў даследчы. У бальніцы сказалі, што тут няма ўніверсальнага рашэння — ёсць база, дзе трэба лічыць вугляводы, глядзець, як цела іх успрымае, выстаўляць патрэбную дазіроўку інсуліну.

Мне трэба прымаць два віды інсуліну. Першы я ўводжу адзін раз увечары ў адзін і той жа час. Ён патрэбны для таго, каб сімуляваць сталую прысутнасць інсуліну ў арганізме. А другі — калі збіраюся есці. У мяне тры асноўныя прыёмы ежы, то раблю яшчэ тры ўколы на працягу дня. Калоць сябе па чатыры разы на дзень я ўжо прывыкла. Тым больш, інсулінавыя іголкі вельмі тонкія і вострыя.

Першы год я проста правярала, як маё цела рэагуе на тую ці іншую ежу, і таму строга сачыла за тым, што, як і калі я ем. А потым я моцна стамілася, бо гэта дастаткова энергазатратны працэс.

Калі спрошчана расказваць пра дыябет, то гэта так, нібы ў цябе знеслі аўтапілот па рэгуляванні вугляводаў, і ты з трохколавага ровара раптам сядаеш за пульт вялізнага касмічнага карабля, уручную спрабуючы рэгуляваць узровень цукру ў сваім арганізме.

Цяпер у ідэале гэта павінна адбывацца так: я прачынаюся раніцай у адзін і той жа час, змяраю цукар нашча, у залежнасці ад гэтага параметра разумею, ці трэба мне падвысіць дозу начнога інсуліну або трэба панізіць. Далей сняданак у адзін і той жа час, дзе мусіць быць пэўная колькасць вугляводаў і пэўныя суадносіны бялкоў, тлушчаў і, вядома, клятчатка — яна запавольвае працэс засваення вугляводаў.

— Колькасць вугляводаў — гэта асноўнае, што трэба кантраляваць у харчаванні?

— Трэба кантраляваць сапраўды ўсё, але больш за ўсё ўвагі надаваць менавіта вугляводам. Тут я даведалася, што ёсць хуткія і марудныя вугляводы. Засмучалася першы час, калі хадзіла ў краму купіць сабе нешта паесці, не ўводзячы інсулін. Але гляджу на этыкеткі: усюды вугляводы. Як жыць гэтае жыццё?..

— Гэта і сталася самым складаным?

— Так, самае складанае — думаць, што табе з’есці і каб у цябе гэта было загадзя падрыхтаванае. Па сутнасці, я магу есці ўсё, што захачу, але ёсць нюанс: перш трэба падумаць пра інсулін.

Важна есці ежу з маруднымі вугляводамі, каб павышэнне цукру адбывалася паступова, і інсулін яго таксама паступова паніжаў. Калі я з’ем кавалак чызкейка, то цукар замест плаўнага павышэння рэзка рване ўверх, што дрэнна. Важна есці менш салёнага і смажанага.

Да таго ж ежа павінна быць разнастайнай. Яшчэ важна есці заўсёды ў адзін і той жа час. Не важна, што я тым часам раблю: трэба рабіць перапынак на ежу. Пры дыябеце вельмі важна прытрымлівацца рэжыму харчавання.

Але пасля году такога пільнага назірання я банальна стамілася. У мяне з’явілася адчуванне, што гэта не я кантралюю дыябет, а ён мяне — таму я вырашыла так моцна не заганяцца наконт таго, што менавіта я ем.

Але гэта няпроста. Калі я іду кудысьці на імпрэзу і там абяцаюць, што будзе ежа — ці будзе там нешта, што я змагу з’есці? На кава-брэйках звычайна шмат усяго салодкага. А я нават фрукты не магу спакойна есці, бо малекулярная формула фруктозы блізкая да глюкозы: бананы — не вельмі, яблыкі — толькі калі не вельмі салодкія, ананасы — наогул нельга.

Ідэальны кава-брэйк для мяне — гэта кава або гарбата без цукру. Пажадана чорная гарбата, бо зялёная крыху павышае ўзровень цукру. Арэхі — ад іх не падымаецца ўзровень цукру. У ідэальным перапынку на каву павінна быць і нешта салодкае, бо дыябетыкам трэба есці нешта салодкае ў выпадку, калі цукар крытычна нізкі — інакш кома.

— А што яшчэ ўплывае на ўзровень цукру?

— Яшчэ шмат чаго ўплывае. Працяглыя фізічныя нагрузкі паніжаюць цукар. Прастуда і менструальны цыкл — павялічваюць. Калі я на аглядзе ў доктара спытала, а ці нармальна тое, што ў мяне перад менструацыяй мяняецца цукар, мне сказалі: «Не ведаю, ніколі пра такое не чула».

Але ў мяне перад пачаткам менструацыі цукар моцна падвышаецца, а калі яна сканчаецца, цукар рэзка прыходзіць у норму. У гэты перыяд у мяне часта бываюць прыступы гіпаглікеміі, бо дазіроўка памянялася і трэба менш інсуліну. Цела лепш на яго рэагуе, і лёгка пралічыцца. Але дактары, да якіх я звярталася, не былі ў курсе пра гэта. На жаль, жаночы арганізм дрэнна вывучаны і даследаванняў на жаночым арганізме дыябетыкаў 1-га тыпу мала.

Таму і няма такога, што на ўсе часы адна і тая ж дазіроўка інсуліну: яна часта мяняецца, бо розныя ўмовы. Стрэс уплывае на цукар, фізічная нагрузка ўплывае на цукар, настрой уплывае на цукар — вельмі шмат усяго ўплывае на цукар.

У першы год была праблема знайсці нейкую актуальную інфармацыю менавіта для дыябетыкаў 1-га тыпу, а не 2-га, бо адрозненні ёсць: нават у тым, што можна есці, а што нельга. Таму для мяне заўсёды свята, калі я сустракаю кагосьці з дыябетам 1-га тыпу: «Раскажы, а як у цябе вось гэта і вось гэта!».

— А ці можна сказаць, што ў нечым стала прасцей?

— Стала прасцей у тым плане, калі мне неяк фізічна дрэнна, то прычына ў 90% выпадкаў будзе ў тым, што нешта не тое з цукрам. У гэтым сэнсе больш спакойна сябе адчуваеш.

Яшчэ стаўленне да жыцця памянялася пасля таго, як я на сваёй шкуры адчула ўсю сілу стрэсу — наколькі гэта можа быць сур’ёзна. Я стала больш уважлівай да сябе, перастала спрабаваць скокнуць вышэй галавы і перад кімсьці выслужыцца. Бо, хутчэй за ўсё, будзе шмат стрэсу і гэта прынясе шкоду майму здароўю — і гэта таго не варта.

— З якімі стэрэатыпамі вы часта сутыкаецеся? Мабыць, нумар адзін — што нельга есці салодкае.

— Так, гэта нумар адзін. Яшчэ не вельмі прыемна, калі новыя знаёмыя спрабуюць пачаставаць мяне нечым салодкім, а я адмаўляюся праз дыябет, і яны пачынаюць прасіць прабачэння так, быццам яны асабіста вырвалі з мяне маю падстраўнікавую залозу, збілі яе на цёмнай вуліцы і ў мяне з’явіўся дыябет праз іх. Адчуваю сябе ніякавата ў гэтым жалі, калі на мяне глядзяць так, быццам я паміраю, і думаюць, якая ж я бедная.

Я жыву з гэтым спакойна, усё добра. Не трэба так моцна за гэта прасіць прабачэння.

— З якімі пачастункамі да вас прыходзіць у госці?

— Спортхарч. Горкі шакалад — раней яго не любіла, але цяпер прывыкла. 99% нядаўна ела, і было нармальна. Арэхі і Coca-Cola Zero.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(1)