Рудкоўскі: «Калі Келаг прыедзе, гэта не будзе азначаць стабілізацыю рэжыму»

Палітолаг разважае пра тое, чаму ад сімвалічнага прызнання суб’ектнасці Лукашэнкі перспектывы ягонай улады не палепшацца.

У нядаўняй прэс-канферэнцыі ў ноч на 19 чэрвеня Уладзімір Пуцін заявіў, што фармат так званай Саюзнай дзяржавы будзе толькі ўзмацняцца. Ці насамрэч Масква і Мінск імкнуцца да збліжэння? На думку палітолага, філосафа Пятра Рудкоўскага, калі нейкая напружанасць паміж «братамі-саюзнікамі» існуе, то гэтыя канфлікты закулісныя, і шырокая публіка іх не бачыць.

— Няма такіх сімптомаў, што нешта значнае дзеецца, — зазначыў Пётр Рудкоўскі ў гутарцы з Еўрарадыё. — Тое, што ўсталявалася прыблізна ў 2020-2022 годзе, працягваецца ў раўнамерным ключы.

Пётр Рудкоўскі

За кулісамі можа нешта адбывацца. Але ж мы не можам ані сцвердзіць, што напружанні нарастаюць, ані меркаваць, што яны паслабляюцца і Пуцін і Лукашэнка робяцца братамі, што іх так аб’яднаў санкцыйны ціск. Падстаў такіх няма.

Рыторыка пра тое, што «мы развіваемся і становімся мацнейшымі», мы зможам і паміж сабой узмоцніць супрацоўніцтва, і знайсці трэція краіны, блокі, з каторымі будзем супрацоўнічаць — стандартовая, яна паклікана паказаць, быццам усё ў парадку.

Што да поспехаў рэжыму Лукашэнкі на заходнім напрамку і чаканага ў Мінску візіту Кіта Келага, спецпасланніка прэзідэнта ЗША па Украіне, — на думку палітолага, у пэўным сэнсе гэта насамрэч будзе прызнаннем суб’ектнасці нашай краіны. Але ці зможа скарыстацца правіцель гэтай сустрэчай у сваіх інтарэсаў, ці варта чакаць іншых наступстваў?

— Як мінімум, прызнанне таго, што Лукашэнка з’яўляецца фактычным кіраўніком беларускай дзяржавы — яно ёсць, — гаворыць Пётр Рудкоўскі. — У юрыдычным і маральным плане большасць краін Захаду не прызнае яго ў якасці легітымнага. Але і рэжым Мао Цзэдуна ў свой час не прызнаваўся легітымным, здаецца, гэта трывала нават дзесяцігоддзі — тым не менш у якасці фактычнага кіраўніка ён прызнаваўся. А ў выніку быў прызнаны і дэ-юрэ.

З гледзішча таго, што здарылася ў 2020 годзе і ў наступныя гады, з гледзішча тых рэпрэсій, тых ахвяраў, чалавечых жыццяў і здароўя, разбітых сем’яў — <у Беларусі> вельмі шмат зла дзеялася.

На вялікі жаль, аўтакраты не заўсёды, больш скажам — рэдка — маюць належную справядлівасць, не заўжды і не адразу справядлівасць іх спатыкае пры зямным жыцці. Але трэба зыходзіць з таго, што для краіны з’яўляецца важным, для тых людзей, якія цяпер знаходзяцца ў Беларусі.

Тое, што гэта <візіт Кіта Келага> хутчэй за ўсё будзе азначаць вызваленне некалькіх дзясяткаў палітвязняў — гэта нядрэнна. А нейкі псіхалагічны бонус для Лукашэнкі і ягонага атачэння — ну, няхай маюць гэты бонус.

Чакаць, што сітуацыя зменіцца радыкальна, як быццам улада Лукашэнкі дагэтуль вісела на валаску, а тут будзе на салідным фундаменце — вядома, такой змены не абдудзецца. Змена будзе даволі сімвалічная, больш у плане маралі, чым у плоскасці структуры ўлады, перспектыў выжывання альбо невыжывання рэжыму.

Не прыедзе Келаг, не будуць вызваленыя 20 ці 30 палітвязняў, аднак і ўлада Лукашэнкі ад таго не пахіснецца. Тое ж працуе і ў іншы бок: калі Келаг прыедзе, гэта не будзе азначаць стабілізацыю рэжыму.

Тыя праблемы, якія ў рэжыму Лукашэнкі былі да гэтага часу, па вялікім рахунку застануцца і надалей.

Але разам з тым, канешне, гэта частка геапалітыкі. Лукашэнка, незалежна ад маральных і прававых ацэнак, застаецца немалаважным гульцом у гісторыі расейскага ўварвання ва Украіну. І гэта, відаць, асноўны матыў, чаму Келаг, магчыма, з ім сустрэнецца.