На маю думку, мусіць прайсці некалькі тыдняў да таго, калі дэлегацыі за зачыненымі дзвярыма, без прыцягнення ўвагі публікі, змогуць узгадніць свае пазіцыі. І толькі тады гэты саміт у Будапешце будзе ўсё ж такі магчымы.
Пянькоўскі: «Злучаным Штатам не трэба, каб Лукашэнка далучаўся да працэсу і «паказваў карты»
Амерыканіст Антон Пянькоўскі — пра тое, што значыць адмена сустрэчы Трампа і Пуціна ў Будапешце і каму насамрэч правіцель Беларусі дасылае сігналы пра гатоўнасць да «вялікай здзелкі».
Сустрэча Дональда Трампа і Уладзіміра Пуціна, якую планавалася зладзіць у Будапешце, адмененая па ініцыятыве амерыканскага боку. Прэзідэнт ЗША не выключыў, што яна можа адбыцца ў будучыні, але ж адзначыў, што гаворкі з расійскім правіцелем «праходзяць добра, аднак нікуды не вядуць». Тым часам ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць 34 даччыных кампаній «Лукойла» і «Раснафты».
Як у святле гэтых падзей пачуваецца Лукашэнка — распачаты было дыялог з амерыканскім бокам стане на паўзу? Ці рэжым працягне «прадаваць» сябе як дадатковы канал камунікацыі з Крамлём?
Амерыканіст, дарадца Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Антон Пянькоўскі ў эфіры Еўрарадыё зазначыў: не выключана, што ў будучыні сустрэча ў Будапешце ўсё ж адбудзецца:
— Трамп у сваім бачанні свету не лічыць вайну ва Украіне як буйную праблему ў міжнародных адносінах. Хутчэй, разглядае гэтую вайну як адну з еўрапейскіх праблем, праз якую ў тым ліку ён можа ціснуць на сваіх еўрапейскіх партнёраў. Мы гэта бачылі на саміце Трампа з фон дэр Ляйен, калі ён фактычна «прагнуў» чынавенства Еўразвяза і тое падпісала рэчы, якія, калі шчыра, невядома як яны могуць выконваць.
А што на гэтым тле імаверна выпадае Лукашэнку, які зусім нядаўна, нават да тэлефанавання Пуціна Трампу, гучна абвясціў, што ён гатовы да «вялікай здзелкі» з амерыканцамі?
— Я лічу, што і Аляксандр Лукашэнка, і Уладзімір Пуцін адрэагавалі такім інстынктыўным пачуццём тактычнай сітуацыі на дасягненні Дональда Трампа на Блізкім Усходзе, — разважае амерыканіст. — У Лукашэнкі гэтае чуццё спрацавала нават хутчэй. Прыпыненне агню паміж Палесцінай і Ізраілем — у гэтым яны абодва ўбачылі, што зараз у Трампа вызваліцца значна больш часу, каб займацца іншымі ўгодамі і паглядзець на нашую частку глобусу.

Разам з тым, дадае Антон Пянькоўскі, верагоднасць, што Лукашэнка далучыцца да наўпроставых размоваў паміж бакамі альбо вялікага саміту па Украіне — не вельмі істотная.
— Мы ведаем стаўленне да гэтага Уладзіміра Зяленскага, які наўпрост выказвае сваё меркаванне ў пабліку. Дый самому Уладзіміру Пуціну Лукашэнка, хутчэй за ўсё, там не вельмі патрэбны. Я не лічу, што і Злучаным Штатам трэба, каб Лукашэнка далучыўся да працэсу і «паказваў карты».
Калі не казаць пра перамоўны трэк як саміт, прамыя сустрэчы бакоў, — Мінск разлічвае на выкананне нейкай ролі, хай нават тэхнічнай, у тым, што можа адбывацца замірэнне, пэўны гуманітарны трэк паміж Расіяй і Украінай.
Беларусь — найбольш зручная і лагістычна краіна для выканання некаторых функцый. Маю на ўвазе першыя перамовы, абмен палоннымі і целамі загінулых, які ўсе гэтыя гады ідзе праз тэрыторыю Беларусі і з выкарыстаннем беларускай інфраструктуры.
Аляксандр Лукашэнка хацеў бы прапанаваць яшчэ больш такіх паслуг усім бакам, каб быць зручным, дагадзіць, хоць паднясеннем вёдраў кавы, хоць чым.
Паўтарыць нармандскі фармат — наўрад ці амерыканцы будуць на гэтым настойваць. А што такое ім можа прапанаваць Лукашэнка, каб іх зацікавіць — меркаваць складана. І ўсё ж, натуральна, яму хочацца ўлезці ў гэты працэс, скарыстацца момантам і атрымаць як мага больш ад бягучай сітуацыі і ад магчымасцяў, якія могуць адчыніцца праз намаганні Трампа.
Што да «вялікай здзелкі» — на думку амерыканіста, публічная прамова Лукашэнкі наогул гучала не для амерыканскіх дыпламатаў, а мэсэдж быў накіраваны на тыя краіны, з якімі сёння ў афіцыйнага Мінска больш складаная камунікацыя. Маўляў, паглядзіце, як мы з амерыканцамі паспяхова працуем — не хацелі б вы далучыцца?
— Разам з тым беларускія ўлады ніколі не прыпынялі міграцыйны крызіс, кантрабанду і іншыя гібрыдныя правакацыі. І еўрапейскія сталіцы, нашы суседзі, добра ўсё гэта пра рэжым Лукашэнкі ведаюць.
Рэч не ў тым, што Лукашэнка хоча спыніць усе свае падпарогавыя дзеянні, «я сейчас исправлюсь и всем понравлюсь», як у South Park было. Ён накіроўвае мэсэдж: калі з ім пачнуць аб чымсьці размаўляць, тады ён можа разгледзець магчымасць прыпынення.
Але без першых крокаў з боку ЕЗ Лукашэнка нічога не будзе спыняць, нават я чакаў бы, што колькасць правакацый ён можа павялічыць. То бок, ён зноў спрабуе пэўныя маніпуляцыі, каб нагадаць пра сябе.
Бо перш за ўсё ён зацікаўлены ў зняцці еўрапейскіх санкцый, залежнасць беларускай эканомікі ад гандлю з еўрапейскімі краінамі значна большая, чым ад гандлёвых стасункаў з амерыканцамі.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное