Война

«Просты, надзейны, без пантоў»

Васіль Рапіцкі прыехаў на адпачынак у Крым і больш адтуль не вярнуўся ў Беларусь. Пайшоў на вайну, бо ня мог інакш. Захапляўся матацыкламі, рэканструкцыяй Другой сусьветнай і пошукам скарбаў. Жонка-украінка і сябар расказваюць Радыё Свабода пра загінулага беларускага добраахвотніка Васіля «Дзіра» Рапіцкага.

Жонка Васіля Сьвятлана Рапіцкая расказала, што беларус загінуў на Запароскім кірунку 4 сакавіка. Ён быў кіроўцам. У машыну Рапіцкага пацэліў FPV-дрон. Ягоны пабрацім быў паранены, а Васіль атрымаў траўмы, несумяшчальныя з жыцьцём. Яму было 40 гадоў.

Сьвятлана даведалася пра сьмерць мужа у абед 4 сакавіка – ёй пазваніў ягоны камандзір. Яшчэ ранкам 4 сакавіка Васіль даслаў ёй апошняе паведамленьне. Дзе і калі пахаваюць Васіля, пакуль невядома. Пабрацімы распачалі збор сродкаў на дапамогу сям'і загінулага.

Пазнаёміліся ў Крыме

Сьвятлана паходзіць з Жытоміршчыны, працуе выхавацелькай у дзіцячым садку. Сям’я Рапіцкіх жыла ў Кіеве. Яны купілі там кватэру. У пары двое сыноў 9 і 11 гадоў.

Сьвятлана расказвае, што пазнаёмілася з Васілём у ліпені 2012 году ў Кактэбелі, у яшчэ неакупаваным Крыме. Яна прыехала туды адпачываць з Кіева, а Васіль зь Беларусі. Ён адтуль ужо ніколі не вярнуўся жыць на радзіму.

– Калі я прыехала туды, мой першы дзень адпачынку быў ягоным апошнім днём. Ён на наступны дзень ужо зьяжджаў. Мы ўвечары пазнаёміліся. У нас была дыскатэка, мы танцавалі, гаварылі. Я, відаць, яму моцна спадабалася, як і ён мне. На наступны дзень ён меўся зьяжджаць на машыне зь сябрамі. Але ён сказаў: «Я нікуды ня еду». Дзеля мяне ён застаўся, — успамінае Сьвятлана.

Сям'я Рапіцкіх на адпачынку. Фота з прыватнага архіву

Васіль тады ўжо патраціў грошы на адпачынак. Каб утрымліваць сябе ў Кактэбелі, уладкаваўся ахоўнікам на базе адпачынку, працягвае суразмоўца. Так яны разам правялі адпачынак Сьвятланы. Потым яна вярнулася ў Кіеў. У жніўні на вялікія выходныя да Дня незалежнасьці Ўкраіны дзяўчына зноў паехала да Васіля ў Крым, дзе ён працягваў працаваць. Ужо ў верасьні ён прыехаў да яе ў Кіеў.

У 2013 годзе пара ажанілася, у той жа час яны купілі кватэру, у 2014 — у іх нарадзіўся першы сын.

– Гэта было адразу. Доўгіх рамантычных адносінаў не было. Я адразу закахалася ў ягоныя вочы, ён – у мае. У яго вельмі прыгожыя вочы, ён сам прыгожы, вельмі прыгожа танцаваў. У яго заўжды быў добры настрой. Ён заўжды быў жыўчык, пазытыў. У яго быў цудоўны характар, ён быў вельмі лёгкі на пад’ём, — успамінае Сьвятлана.

Яна ня любіць сюрпрызы, таму, кажа, Васіль іх звычайна не рабіў. Але нядаўна падчас адключэньня ацяпленьня ва Ўкраіне, ён замовіў для жонкі плюшавы камбінэзон. Аднойчы ён сам выбраў для Сьвятланы духі — запытаўся ў незнаёмай жанчыны на аўтазапраўцы, якімі яна карыстаецца, бо той водар яму спадабаўся.

Любіў вёску

Васіль вельмі любіў езьдзіць у вёску да бацькоў Сьвятланы. Там яны зьбіраліся ўсёй сям’ёй, смажылі шашлыкі. Сьвятлана кажа, што ён быў вясковым хлопцам.

– Там усё лета трэба было рабіць на гаспадарцы: штосьці ў агародзе, або па дровы паехаць у лес, або пасячы дровы, — дзеліцца суразмоўца.

У вёсцы Васіль высадзіў вялікую плянтацыю грэцкіх арэхаў — хацеў на пэнсіі заняцца арэхавым бізнэсам, кажа жонка.

Сям'я Васіля і Сьвятланы Рапіцкіх. Фота з прыватнага архіву

– Ён быў вельмі працавітым, энэргічным. Усё рабіў сваім рукамі: і ў сяле, і рамонты, і пограб пабудаваў, і ўцяпляў будынак, — кажа Сьвятлана.

Рапіцкія штогод езьдзілі на радзіму Васіля ў вёску Прошыка Крупскага раёну. Ён сам езьдзіў яшчэ часьцей. Апошні раз Рапіцкія прыяжджалі ў Беларусь на Новы 2022-й год, расказвае Сьвятлана. Пераяжджаць у Беларусь жыць яны не хацелі.

– Ён не падтрымлівае той рэжым, які там цяпер, — тлумачыць суразмоўца.

«Усё зроблена ягонымі рукамі»

Васіль займаўся рамонтамі і будаўніцтвам. Спачатку ўцяпляў фасады, а паступова набраўся больш досьведу і навучыўся іншым кірункам будаўнічых працаў, расказвае жонка.

– У гэтай кватэры, якую мы купілі, усё зроблена ягонымі рукамі. Чаго ён ня ўмеў, за ўсё браўся, вучыўся, і ў яго ўсё выходзіла.

Сьвятлана кажа, што Васіль быў цудоўным бацькам. Асабліва з пачаткам поўнамаштабнай вайны пачаў цаніць час, які мог правесьці зь сям’ёй. Падчас сваіх адпачынкаў прапаноўваў паехаць то на мора, то ў горы, то на экскурсіі — «хацеў паказаць дзецям прыгожы сьвет».

– Ён цудоўны бацька. Я кожны раз глядзела, як ён зь дзецьмі праводзіць час, і разумела, што іншага такога няма. Ён быў лепшым бацькам, прыклад якога я магла бачыць. Ён пастаянна зь імі праводзіў час, ён усё для іх рабіў. Ён быў жыцьцярадасным. Яны хадзілі ў дзіцячыя пакоі, у паркі. Ён іх катаў на роварах, на матацыкле. Ён іх вельмі забаўляў, — успамінае жонка.

Гістарычная рэканструкцыя вайны

Акрамя захапленьня матацыкламі, Васіль любіў шукаць скарбы з мэталашукальнікам:

– У яго ёсьць невялікая калекцыя розных манэт рознага пэрыяду. Яны, магчыма, ня вельмі каштоўныя і ня ў вельмі добрым стане. Але ён заўсёды радаваўся, калі знойдзе цьвік або кавалак гузіка.

Васіль меў яшчэ адно захапленьне да вайны — рэканструкцыя часоў Другой сусьветнай.

– Гэта ролевая рэканструкцыя, дзе ўмовы максымальна набліжаныя да баявых дзеяньняў, дзе ў цябе адно жыцьцё. Мы рэканструявалі 82-ю паветрана-дэсантную дывізію арміі ЗША, нашымі праціўнікамі былі нямецкія аб’яднаньні. Калі гэта быў амэрыканскі дэсантнік, то ў яго была летняя форма, зімняя форма, цыгарэты Lucky Strike ў мяккай ўпакоўцы, якія тады былі, такія ж сьняданак, абед, вячэра, такія ж жвачкі, — расказвае сябар Васіля Сяргей Піліпенка, які ведаў беларуса больш за 10 гадоў.

– Яны дзяліліся на дзьве каманды: адныя быццам бы фашысты, а другія амэрыканцы. Праводзілася гульня: яны выяжджалі за горад, недзе ў палях бегалі, пераапраналіся, са зброяй, — расказвае Сьвятлана.

Васіль Рапіцкі з сябрамі падчас адной з вайсковых рэканструкцый. Фота з прыватнага архіву

Для гэтай рэканструкцыі трэба было прыдумаць сабе пазыўны. Васіль абраў сабе «Джон Дзір» (John Deere) — гэта амэрыканскі каваль, які ў 1837 годзе стварыў фірму па вытворчасьці сельскагаспадарчай і будаўнічай тэхнікі.

– Вася кажа: ён просты і надзейны, як трактар. Што першае прыдумаў, тое і ляпнуў. Але ён характарызуе Васіля. Ён быў просты, надзейны, без лішняга. Ён быў для мяне як брат, якога ў мяне ніколі не было. Ён быў справядлівы, шчыры, — расказвае Сяргей.

Потым гэты пазыўны скараціўся проста да «Дзір». Гэты ж пазыўны Васіль узяў і каб ваяваць.

«Я іду абараняць сваю сям’ю»

Ваяваць Васіль пайшоў адразу ў пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе. Ён ня меў украінскага грамадзянства і ня меў абавязку ісьці на фронт, але пайшоў добраахвотнікам. Яго не адразу хацелі браць, бо было шмат ахвотных, але няшмат дасьведчаных у вайсковай справе.

– Калі ранкам пачалі бамбіць Кіеў, я выклікала бацькоў, яны забралі нас на Жытоміршчыну. Там было больш спакойна. А Васіль застаўся тут. Праз два-тры дні ён даведаўся, дзе бліжэйшы ваенкамат і пайшоў туды. Пешкі ішоў па трасе да Сьвятошына (прыгарад Кіева). Транспарт ніякі не хадзіў, усе выяжджалі з Кіева. Яго паліцыя падвозіла, калі даведаліся, куды і чаго ён ідзе, — успамінае Сьвятлана.

Васіль падчас баявых дзеяньняў. Фота Антося Цялежнікава

Рапіцкі служыў у Палку Каліноўскага ў батальёне «Волат», потым у Другім інтэрнацыянальным легіёне, кажа жонка.

– Ён заўсёды казаў: «А хто калі ня я? А хто абароніць? Я іду абараняць сваю сям’ю». Калі ў яго пыталіся: «Чаго ты там служыш? Ты ж можаш разарваць кантракт у любы момант», а ён казаў: «А што, вайна ўжо скончылася, што я буду разрываць кантракт?» Я разумела ягоныя матывы. Ён бы па-іншаму ня змог бы, — кажа жонка.

Сьвятлана мужа не адгаворвала ісьці ваяваць. Кажа, што калі б ня дзеці, яна б сама далучылася да Ўзброеных сілаў.

– Ён зь першых дзён далучыўся да «Азова», быў штурмавіком падчас рэйдаў на Херсоншчыне, потым на Данецкім кірунку. У яго не было досьведу баявых дзеяньняў, таму прыйшлося за імі пабегаць, бо жадаючых было шмат, але ня ўсіх бралі, а Вася праявіў сябе. Потым ён быў у батальёне «Волат», ажно пакуль не згубілі Севераданецк і не загінуў іхні камандзір, — успамінае сябар Васіля Сяргей.

Васіль пазьней перайшоў у структуру Галоўнага ўпраўленьня выведкі. За час вайны ён зьмяніў розныя спэцыяльнасьці: ад штурмавіка да камандзіра ПТРК — супрацьтанкавай абароны, і ўжо напрыканцы кіроўцы.

– Я так разумею, што за тры гады ён моцна выматаўся бегаць па гэтых акопах. Потым яны перайшлі ў іншы падразьдзел, у іх памяняўся камандзір, бо ранейшы чагосьці не падабаўся, і Вася стаў кіроўцам. Там крышку лягчэй было, і з камандаваньнем усё задавальняла, — расказвае жонка.

– Ён завозіў і вывозіў хлопцаў з пазыцый, прывозіў боепрыпасы, выконваў лягістычныя заданьні, — кажа сябар пра апошнія вайсковыя абавязкі Васіля.

«Як я ўсё пакіну? А хлопцы?»

У апошні час Васілю давалі адпачынак двойчы на год, тады ён прыяжджаў у Кіеў да сям’і. Сьвятлана таксама езьдзіла да мужа на перадавую, на Новы год або калі ў дзяцей былі вакацыі і іх можна было пакінуць у ейных бацькоў. Васіль апошні раз быў дома ў адпачынку менш за месяц таму — паехаў на пазыцыі 11 лютага. Па тэлефоне яны гаварылі з жонкай пра побытавыя рэчы, пра дзяцей.

– Я часам яго прасіла: пагавары зь дзецьмі, яны мяне ня слухаюцца. Штодня камунікавалі. «Як твой дзень?» — «А як твой?» Часам стэлефаноўваліся, часам перапісваліся, бо невядома, ці ён заняты. Калі вольны, то адказвае, — расказвае Сьвятлана.

З пачаткам поўнамаштабнай вайны, расказвае Сьвятлана, Васіль стаў пераходзіць на ўкраінскую мову — выходзіла сумесь зь беларускай, да гэтага ён гаварыў па-расейску.

Васіль Рапіцкі з сям'ёй. Фота з прыватнага архіву

– Вася быў простым хлопцам. Для мяне простыя хлопцы — эталён для перайманьня. Ён быў свой. Ён ня мог прайсьці міма, калі была нейкая праблема. Ён дапамагаў бабулям, дзядулям, абяздоленым. Чалавек заўжды быў гатовы ахвяраваць сабой, дапамагаць, — расказвае сябар Васіля Сяргей.

Незадоўга да сьмерці Васіль казаў сябру, што на вайне «капец, ср*ка пачалася», складаная лягістыка, расказвае Сяргей.

– Я яму кажу: «Колькі ты ўжо гадоў (ваюеш)? Ты ўжо аддаў гэтай краіне больш, чым многа хто з тых, хто тут нарадзіўся і меўся б ахвяраваць для яе». А ён казаў: «Ну як так, я ваяваў, а зараз усё пакіну? А хлопцы? А каманда?» Ты нешта пачаў, ня скончыў, і вярнуцца і жыць, быццам нічога не адбываецца, ён ня мог. У яго не было пафасу. Ёсьць задача — мы яе робім. Ён быў просты, надзейны, без пантоў. Калі ён сказаў — гэта гарантыя таго, што ён зробіць, — кажа пра Васіля сябар Сяргей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)