Общество

Паміж абдымкамі на волі і гвалтоўным выгнаннем з краіны — якім быў 2025-ы для палітвязняў Беларусі

Праваабаронцы «Вясны» ў лічбах падвялі сумныя вынікі года.

Па стане на 23 снежня 2025 года ў беларускіх месцах зняволення працягваюць утрымліваць1 135 палітвязняў. З іх 968 — мужчыны, 168 — жанчыны.

У 2025 годзе статус «палітвязня» атрымалі агулам 509 чалавек.

***

На сённяшні дзень у месцах зняволення ўтрымліваюцца:

  • 28 прадстаўнікоў медыя;
  • 3 праваабаронцы;
  • 21 лекар;
  • 16 юрыстаў і адвакатаў.

***

На дадзены момант праваабаронцам вядома не менш чым пра 164 палітвязні, якія знаходзяцца за кратамі ў асаблівай рызыцы.

Сярод іх: мінімум 56 чалавек знаходзіцца ў цяжкім стане фізічнага здароўя, сем чалавек маюць інваліднасць, 26 сталых людзей, чый узрост перавышае 60 гадоў (шмат хто з іх мае вялікія праблемы са здароўем), а таксама дзесяць чалавек з ментальнымі разладамі.

Сярод палітзняволеных — 34 чалавекі ў складаных сямейных абставінах: гэта адзінокія і шматдзетныя бацькі, а таксама сем’і, дзе абодва бацькі знаходзяцца за кратамі.

***

Мінімум 20 сямей наўпрост цяпер утрымліваюцца ў зняволенні. Так, напрыклад, сямейную пару з Гомеля — Станіслава Мачалава і Святлану Якубовіч — асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» да чатырох і пяці гадоў калоніі адпаведна. Таксама за кратамі знаходзяцца муж і жонка Наталля і Сяргей Дроніны.

***

Агулам з 2020 года больш за 1700 чалавек цалкам адбылі тэрміны і выйшлі з месцаў няволі, з іх мінімум 300 чалавек — у 2025 годзе.

***

Цягам 2025 года пры садзейнічанні ЗША былі памілаваныя 342 чалавекі. Агулам з ліпеня 2024 года на волю па памілаванні выйшлі 569 палітвязняў.

Сярод вызваленых палітвязняў у гэтым годзе: кіраўнік і заснавальнік Праваабарончага цэнтру «Вясна», лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі і праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч.

Таксама на волю выйшлі палітвязні, якія шмат месяцаў правялі ў рэжыме інкамунікада без сувязі са светам: юрыст Максім Знак, пенсіянерка Алена Гнаук, былы прэтэндэнт у кандыдаты на пасаду прэзідэнта Віктар Бабарыка, кіраўніцы выбарчага штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава.

Таксама 22 лістапада Лукашэнка памілаваў 31 грамадзяніна Украіны, якія ўтрымліваліся ў месцах няволі Беларусі. Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», сярод іх толькі дзесяць затрыманых і асуджаных паводле палітычных матываў. Памілаваных адразу перадалі Украіне.

***

Нягледзячы на памілаванні, у выніку якіх на волю выйшлі адразу некалькі палітзняволеных замежнікаў, беларускія ўлады працягваюць пераследаваць іншаземцаў. Паводле звестак «Вясны», па стане на 23 снежня мінімум 20 замежных грамадзян знаходзіцца за кратамі ў Беларусі.

***

У Беларусі працягваюць выкарыстоўваць ізаляцыю вязняў ад знешняга свету ў якасці дадатковага ціску. Такім чынам наўпрост цяпер не менш за 4 палітвязні ўтрымліваюцца ў рэжыме інкамунікада: Аляксандр Арановіч, Уладзімір Кніга, Мікалай Статкевіч, Аляксандр Францкевіч.

***

Мінулы год для беларусаў, на жаль, запомніцца і двума смерцямі палітвязняў за кратамі.

Так, напачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер, які адбываў тэрмін у шклоўскай калоніі № 17. Дакладна невядомая і дата смерці — толькі тое, што гэта адбылося ў пачатку 2025 года.

Таксама няма пэўнасці, ці Штэрмер памёр у калоніі, ці быў вывезены ў бальніцу — турэмную альбо цывільную. У 2023 годзе мужчыну асудзілі да пяці гадоў калоніі за восем каментароў супраць уварвання Расіі ва Украіну.

У адным атрадзе з Валянцінам знаходзіўся былы палітвязень Дзмітрый Лукша, які распавёў, што ў калонію Валянцін прыехаў пасля інсульту.

3 верасня 2025 года ў магілёўскай калоніі № 15 памёр 36-гадовы грамадзянін Расійскай Федэрацыі Андрэй Паднябенны. Палітвязня двойчы асудзілі паводле крымінальных артыкулаў, агулам яму прызначылі 16 гадоў і восем месяцаў зняволення.

За кратамі яго ўтрымлівалі амаль чатыры гады. Прычынай смерці Андрэя Паднябеннага стала ўдушша — палітвязень павесіўся ў штрафным ізалятары. У Андрэя засталося трое дзяцей.

У публікацыі «Вясны» падкрэсліваецца, што ўсе лічбы могуць быць большымі праз адсутнасць поўных звестак у праваабаронцаў.