Наіўна думаць, што Расіі патрэбныя новыя тэрыторыі. Не, яна хоча знішчыць нас як нацыю. Беларусь зараз перажывае паўзучую гібрыдную акупацыю. Схаваны акупант знішчае нашу мову, сімвалы, гісторыю.
«Нашыя інтарэсы супадаюць: Расія павінна прайграць, імперыя павінна разваліцца»
У Кіеўскім нацыянальным універсітэце імя Тараса Шаўчэнкі адкрылася выстава фотаплакатаў «Гісторыя беларускага супраціву».
Дзевятнаццаць стэндаў выставы ілюструюць амаль 30 гадоў барацьбы беларусаў супраць аўтарытарнага рэжыму і спроб Расіі анексаваць Беларусь. Падрабязнасці падзеі і фота з адкрыцця апублікаваў цэнтр камунікацый КНУ.
Выстава была арганізаваная КНУ імя Тараса Шаўчэнкі сумесна з дабрачынным фондам «Вольная Беларусь». У зале Чырвонага корпуса сабраліся студэнты, супрацоўнікі ўніверсітэта, а таксама беларускія дабраахвотнікі, якія змагаюцца або змагаліся за свабоду Украіны ў складзе Узброеных Сіл Украіны, грамадскія актывісты і эксперты.
— Гэта не першы наш праект, рэалізаваны з фондам «Вольная Беларусь». І кожны раз мы знаходзім новыя аспекты», — сказаў рэктар КНУ Уладзімір Бугроў падчас урачыстага адкрыцця выставы. — Два гады таму ва ўніверсітэце была прадстаўлена выстава «З Украінай у сэрцы», прысвечаная беларускім ваярам, якія змагаліся за незалежнасць Беларусі, але аддалі свае жыцці, абараняючы Украіну. Мы ўдзячныя тым, хто цяпер змагаецца са зброяй у складзе ўкраінскай арміі супраць расійскіх акупантаў.
Рэктар КНУ агучыў таксама няпростыя пытанні, якія гучаць як абвінанвачванне ў адрас беларусаў: чаму большасць з іх маўчыць, чаму яны не зрынуць злачынны рэжым Лукашэнкі, чаму яны абыякавыя да ўдзелу Беларусі ў вайне Расіі супраць Украіны?
— Я хачу сказаць, што гэта няпраўда. І наша сённяшняя выстава прызначана хаця б мінімізаваць гэтае распаўсюджанае ілжывае сцвярджэнне, — падкрэсліў Уладзімір Бугроў.
Паводле слоў кіраўніка фонду «Вольная Беларусь» Аляксея Францкевіча, студэнты — гэта будучыня Украіны, таму важна паказаць ім выразнае адрозненне паміж «лукашыстамі» і беларусамі:
Калі Украіна прайграе, яе чакае тое ж самае, перакананы Францкевіч. На яго думку, многія беларусы разумеюць гэта з уласнага досведу, таму так шмат іх ваюе ва ўкраінскай арміі супраць расійскіх акупантаў.
— Мы вядзем вайну супраць агульнага ворага, і толькі разам мы можам яго перамагчы». Нашыя інтарэсы супадаюць: Расія павінна прайграць, імперыя павінна разваліцца, — падкрэсліў Аляксей Францкевіч.
У рамках мерапрыемства адбыўся круглы стол, дзе прадстаўнікі беларускай дыяспары ва Украіне пракаментавалі асноўныя падзеі, апісаныя ў выставе.
Беларускі журналіст і праваабаронца Андрэй Мядзведзеў акрэсліў вехі гісторыі 30-гадовага супраціву беларусаў: ад Менскай вясны 1996-1997 гадоў да пратэстаў 2020 года, а таксама антываенных дэманстрацый 2022 года.
Паводле звестак фонду «Вольная Беларусь», толькі за першы месяц паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў Беларусі было затрымана не менш за 1670 чалавек, 209 з якіх прыцягнуты да крымінальнай адказнасці.
Амаль чатыры дзясяткі беларусаў былі асуджаныя за прадастаўленне інфармацыі СМІ і каналам маніторынгу аб перамяшчэнні расійскай ваеннай тэхнікі, 15 — за намер ваяваць на баку Украіны, а 41 — за ахвяраванні беларускім добраахвотнікам у шэрагах Узброеных сіл Украіны.
Перад студэнтамі і выкладчыкамі таксама выступілі камандзір Беларускага добраахвотніцкага корпуса Радзівон «Гена» Батулін і былы камандзір Другога Інтэрнацыянальнага легіёна Руслан «Санта» Мірашнічэнка. Гэта адно з асноўных падраздзяленняў Узброеных Сіл Украіны, дзе ваюе найбольшая колькасць беларусаў.
— Гэта, без перабольшання, выдатныя людзі. Падчас вайны я бачыў шмат подзвігаў замежнікаў, якія змагаліся за Украіну, — сказаў Руслан Мірашнічэнка. — Дзеля перамогі Украіна павінна больш эфектыўна задзейнічаць палымяны пратэстны патэнцыял беларусаў.
Адпаведна, яшчэ адна мэта праекта, на думку арганізатараў, — рэгуляванне прававога статусу беларусаў, якія ваююць у складзе замежных добраахвотніцкіх падраздзяленняў ва Украіне: іх сацыяльная абарона, забеспячэнне роўных правоў з украінскімі вайскоўцамі, забеспячэнне доступу да медыцынскай дапамогі, магчымасці для рэабілітацыі і г.д.
— Нам трэба максімальна працаваць з гэтымі людзьмі, — перакананы палітолаг і дырэктар Інстытута сусветнай палітыкі Яўген Магда.
Пасля пратэстаў 2020-га сотні тысяч беларусаў перайшлі тэрыторыю Украіны, многія з іх засталіся тут. Дзясяткі беларускіх патрыётаў загінулі падчас расійска-ўкраінскай вайны, змагаючыся ў складзе Узброеных сіл Украіны. А што можа быць лепш, чым аддаць жыццё за сваіх сяброў? І мы павінны пра гэта гаварыць і трансляваць гэта. Я лічу тое, што робіць фонд «Вольная Беларусь» пры падтрымцы Шаўчэнкаўскага ўніверсітэта, добрым і вялікім учынкам.
На думку палітолага, Расія зараз выкарыстоўвае «мяккую сілу» ў Беларусі, каб умацаваць свой уплыў, у прыватнасці, праз адукацыю. Напрыклад, у гэтым годзе ў РФ больш студэнтаў-беларусаў, чым у краінах ЕС. Такім чынам, расіяне закладваюць падмурак для будучых кантактаў, умацоўваюць свае пазіцыі.
— Нам таксама трэба больш актыўна будаваць палітыку добрасуседства з краінай, з якой у нас больш за тысячу кіламетраў агульнай мяжы. Асабліва цяпер, калі стаіць задача не дапусціць непасрэднага ўцягвання Беларусі ў вайну, — кажа Яўген Магда.
У цэнтры кануікацый нагадалі, што з 2024-га кафедра славянскай філалогіі Нацыянальнага інстытута філалогіі Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта аднавіла вывучэнне беларускай мовы. Пазіцыя ўніверсітэта заключаецца ў тым, што беларуская мова — гэта мова дружалюбнага народа і салдат, якія ў складзе Узброеных Сіл Украіны змагаюцца за свабоду і незалежнасць як Украіны, так і сваёй радзімы.
Падчас круглага стала беларускаму герою Паўлу «Барту» Горбачу ўрачыста ўручылі медаль «Гонар і Слава». Узнагароду атрымала жонка загінулага героя.
Плануецца, што выстава фотаплакатаў «Гісторыя беларускага Супраціву» будзе экспанавацца ў розных навучальных карпусах Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта.
Читайте еще
Избранное