«Масква цягам больш як трыццаці гадоў паслядоўна рэалізоўвала стратэгію на паглынанне Беларусі. Менавіта стратэгію, ні што іншае»

Публіцыст Сяргей Навумчык адказвае палітолагу Розе Турарбекавай.

— У зьмястоўным артыкуле Розы Турарбекавай не пагаджаюся з адной фразай: «С этого момента (2018) можно говорить о целенаправленной политике Кремля по «втягиванию» Беларуси в Россию», — піша Сяргей Навумчык. — Бо палітыка гэтая, перакананы, пачалася нашмат раней, прычым яшчэ да Лукашэнкі, і прасоўваньне Лукашэнкі ва ўладу было якраз часткай гэтай мэтанакіраванай палітыкі.

Пра што і напісаў у камэнтары. Спадарыня Роза пацьвердзіла сваю пазыцыю, заўважыўшы, што «до того, такого целенаправленного плана и действий не было. У них не было четко выраженной стратегии как стратегии в американском понимании».

Сяргей Навумчык

Мне прыйшлося і афіцыйна, і неафіцыйна гутарыць з расейскімі палітыкамі, асабліва моцныя ўражаньні былі ад візыту ў студзені 1995 у Дзяржаўную думу Расеі на адмысловыя парлямэнцкія слуханьні на тэму «беларуска-расейскай інтэграцыі», дзе давялося выступаць з выкладаньнем пазыцыі БНФ.

З прамоваў расейскіх дэпутатаў, членаў ураду і генэралаў (і гэта пацьверзілася ў кулюарных размовах) пераканаўся, што ўключэньне Беларусі ў склад Расеі — гэта тое, што з’яўляецца для іх бясспрэчным, пытаньне толькі ў часе.

Само існаваньне Беларусі як незалежнай дзяржавы яны ўспрымалі як казус, як капрыз гісторыі, як часовую з’яву, і што важна — тут не было асаблівай розьніцы паміж расейскімі камуністамі і расейскімі дэмакратамі.

Разумею, што асабістыя ўражаньні апрыёры антыкрамлёўскага дэпутата БНФ могуць і ня быць аргумэнтам, а пазыцыю расейскіх дэпутатаў ды ўрадоўцаў можна залічыць у катэгорыю ўсяго толькі жаданьняў. Ці мала што каму мроіцца альбо жадаецца.

Увогуле, у палітыцы і словы — гэта дзеяньні, але міждзяржаўныя дамовы і пагадненьні — дзеяньні тым болей. Пагатоў, паводле канстытуцыяў як Беларусі, гэтак і РФ ратыфікаваныя міждзяржаўныя пагадненьні мелі вяршэнства над нацыянальным заканадаўствам.

Дык вось, менавіта дзеяньні (цягам больш як трыццаці гадоў!) пераконваюць: Масква пасьлядоўна рэалізоўвала стратэгію на паглынаньне Беларусі. Менавіта стратэгію, ні што іншае. Толькі для назову працэсу выкарыстоўвалася слова «інтэграцыя».

І, заўважым (калі ўжо прыгадалася амэрыканская практыка), Масква ў стратэгіі гэтай была куды больш пасьлядоўная, чым Вашынгтон у сваёй стратэгіі што да пэўных краінаў ды сфэраў (тут стратэгія, здараецца, мяняецца дыямэтральна з прыходам чарговага гаспадара Белага дому).

Ужо ў 1993 годзе Беларусь была ўцягнутая ў арбіту інтарэсаў маскоўскага Генштабу — праз далучэньне дамовы да Калектыўнай бясьпекі СНД (т.зв. Ташкенцкая дамова 1992 г., больш вядомая як АДКБ).

Нюанс, пра які забываюцца: вясной 1993-га на ўключэньні ў парадак дня сэсіі ВС пытаньня пра АДКБ настаяў дэпутат Лукашэнка (інтарэсы дырэктара саўгасу «Гарадзец» распаўсюджваліся, дзіўным чынам, ня толькі на агракомплекс, але і на ракетныя комплексы, комплексы супрацьпаветранай абароны, танкавыя і мотастралковыя дывізіі і г.д.).

Магчыма, менавіта гэты крок Лукашэнкі быў тым асноўным аргумэнтам, які пераканаў пэўныя колы ў Маскве зрабіць стратэгічную стаўку менавіта на яго. «Антыкарупцыйны» даклад у сьнежні 93-га — гэта ўжо элемэнт рэалізацыі гэтай стратэгіі.

Фактычна ўвесь 1993 год для нацыянальна-дэмакратычных сілаў Беларусі (найперш БНФ) прайшоў у змаганьні супраць падпісаньня гэтай дамовы — на жаль, пад уплывам прарасейскай групы ў Вярхоўным Савеце Шушкевіч падпісаў далучэньне да АДКБ.

У красавіку 1994-га Чарнамырдзін і Кебіч падпісалі Дамову аб аб’яднаньні грашовых сыстэмаў — Апазыцыя БНФ у ВС-12 у той жа дзень заявіла, што яна супярэчыць толькі што прынятай Канстытуцыі, а на Прэзыдыюме ВС пад кіраўніцтвам М. Грыба нават разглядалася пытаньне пра арышт беларускай дэлегацыі на чале з Кебічам проста ў аэрапорце, але ў апошні момант адмовіліся.

У сваіх мэмуарах Кебіч узгадвае, што ў Крамлі мелі самую дэталёвую інфармацыю пра настроі кіраўніцтва Беларусі, паколькі Масква праслухоўвала ўрадавую сувязь (а я скажу прасьцей: паколькі кіраўнікі КГБ РБ працавалі на Маскву, потым шмат хто зь і пасяліўся ў сталіцы Расеі, пачынаючы з першага старшыні генэрала Шыркоўскага).

З прыходам ва ўладу Лукашэнкі адсяканьне Масквой беларускага сувэрэнітэту па кавалках ішло ўжо больш шпарка. У студзені 1995-га падпісваецца пагадненьне аб мытным саюзе, праз месяц, у лютым — пагадненьне аб адзіным кіраваньні мытнымі службамі і сумеснай ахове межаў.

Далей былі пагадненьні ў сфэрах супрацьпаветранай абароны (фактычна стварылася адзіная сыстэма), Дамова аб ваенным супрацоўніцтве, дзясяткі іншых дамоваў у розных сфэрах. Агульным было тое, што кожная зь іх абмяжоўвала сувэрэнітэт Беларусі і ўмацоўвала краіну не на шляху на Захад, а — у бок Расеі.

Лукашэнка і Ельцын у Маскве, вясна 1996-га. Фота: AFP

Нарэшце, 2 красавіка 1996-га была падпісаная Дамова аб стварэньні супольнасьці Беларусі і Расеі, а 8 сьнежня 1999-га — дамова аб стварэньні саюзнай дзяржавы (якую Васіль Быкаў назваў «злачынствам стагодзьдзя» і «канцом гісторыі» Беларусі).

Ужо да сьнежня 1999 былі падпісаныя ўсе асноўныя «інтэграцыйныя» дамовы ў ключавых сфэрах — палітычнай, ваеннай, эканамічнай.

Заўважу, што сумнавядомая падпісаная 24 сьнежня 2024 Дамова аб гарантыях бясьпекі ў рамках саюзнай дзяржавы, якая фактычна замацоўвае права Масквы ўмешвацца ваеннай і паліцэйскай сілай ва ўнутраныя справы Беларусі, грунтуецца на дамовах аб АДКБ (1992), аб ваенным супрацоўніцтве (1997) і аб саюзнай дзяржаве (1999), пра што наўпрост заяўлена ў прэамбуле.

Кажучы фігуральна, у прававым сэнсе што да тэмы «інтэграцыі» (а рэальна — анэксіі) сытуацыя студзеня 2000 году практычна нічым не адрозьнівалася ад студзеня 2020-га: усе патрэбныя пагадненьні ў асноўных сфэрах дзейнічалі, заставалася толькі падпісаць дакумэнт аб поўным аб’ядненьні (які меў бы сваімі складнікамі ліквідацыю беларускага рубля і ўтварэньне агульнага войска).

Калі ўсё вышэйпералічанае не мэтанакіраваная палітыка, калі гэта не стратэгія, а ўсяго толькі спарадычныя, спантанныя крокі — тады што такое стратэгія, што такое мэтанакіраваная палітыка?

Уласна, з шаноўнай Розай Турарбекавай у мяне ня згода толькі ў адным: з 2018 году трэба казаць не пра пачатак мэтанакіраванай палітыкі Крамля, а пра яе якасна іншую актывізацыю.

Пачаўся якасна іншы этап «інтэграцыі»; актуальная на той момант мэта Масквы (поўнае аб’яднаньне як падстава «абнуленьня» прэзыдэнцкіх тэрмінаў Пуціна) не ўдалася, а вось сярэднетэрміновая — ператварэньне Беларусі ў ваенны пляцдарм Расеі — рэалізуецца пасьпяхова. Пачатак жа быў, паўтаруся, на чвэрць стагодзьдзя раней.

Нагадаю, што ўжо ў пачатку 90-х дэпутаты Апазыцыі БНФ і ў выступах з трыбуны парлямэнта, і ў афіцыйных заявах характарызавалі палітыку Масквы менавіта як стратэгію паглынаньня, і да моманту прэзыдэнцтва Лукашэнкі ўдавалася блякаваць некаторыя праекты.

Цяпер, аналізуючы падзеі таго часу, прыходзіш да высновы, што без супраціву (маю на ўвазе ня толькі дэпутатаў, але і тысячы і тысячы прыхільнікаў Незалежнасьці, што выходзілі на плошчы, што зьбіралі подпісы супраць ваеннага саюзу з Расеяй, што ладзілі шэсьці супраць «інтэграцыі») дэпутацкая большасьць магла б і прагаласаваць за ўваходжаньне ў склад РФ.

Нацыянальна-дэмакратычныя сілы тры апошнія дзесяцігодзьдзі вызначалі крамлёўскую стратэгію як найбольшую небясьпеку для існаваньня Беларусі як дзяржавы.

Зрэшты, налічвае гэтая стратэгія не дзесяцігодзьдзі, а стагодзьдзі. Яна нязьменная і пасьлядоўная, незалежна ад таго, хто знаходзіцца на чале імпэрыі — цар, генсек ці прэзыдэнт. І зьнікне яна толькі са зьнішчэньнем самой імпэрыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.2(63)