Кобец: «У адміністрацыі ЗША ёсць разуменне, што Беларусь — гэта ключавая краіна ў рэгіёне з пункту гледжання бяспекі»

Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтра ISANS Уладзіслаў Кобец — пра план аднаўлення краіны, над якім варта задумацца ўжо цяпер.

— Беларусь мае рэсурсы, якімі сёння карыстаецца дыктатура. Нашы калійныя ўгнаенні, нафта — гэта дыяменты беларускага народа і падстава для развіцця нацыі ў будучым, — кажа Кобец у эфіры Еўрарадыё. — Дададзім наш IT-сектар, які ў лепшым сцэнары вернецца ў Беларусь, і вялікую частку бюджэту будуць закрываць гэтыя бізнесы, наша рэкрэацыя.

Уладзіслаў Кобец

Адна з нашых задач — распрацоўка рэалістычнага плана на той момант, калі эліты ў краіне і па-за ёй выйдуць на магчымасць дыялогу, разумеючы, што Лукашэнка, які не маладзее, заводзіць краіну ў тупік.

Я не кажу пра нацыянальны дыялог. Кажу пра сітуацыю, у якой Беларусь ніколі не была на маёй памяці — калі ёсць рэальнасць знішчэння краіны не толькі праз ўцягванне ў Расію, у так званую Саюзную дзяржаву, а праз вайну.

Яна настолькі рэальная, што час усім (і ўнутры краіны, і звонку) задумацца: што мы будзем рабіць?

Трэба зразумець, што можна без розных абмежаванняў стварыць мадэль Беларусі ў момант, калі з-за санкцыяў у крамах проста не будзе тавараў, бо рынкі схлопнуцца. Таму што рызыка ўваходу ў вайну стане такой высокай, што некуды будзе адступаць.

І візіт Кіта Келага паказвае, што Беларусь можа прыняць медыяну, якая б уключала і спыненне рэпрэсій, вызваленне палітзняволеных, і дыскусію наконт будучага беларускага свету. У адміністрацыі ЗША ёсць разуменне, што Беларусь — гэта ключавая краіна ў рэгіёне з пункту гледжання бяспекі, бо тут кіруе геаграфія.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(9)