Филин

Юлія Кот

Кавалкін: «Галоўнае для чыноўніка — каб не было ніякага розгаласу, рэзанансу ні ў ТікТок, ні ў СМІ»

Эканаміст, кіраўнік праекту «Кошт урада» патлумачыў у каментары Филину, чаму галоўным прынцыпам у стасунках беларускай улады з людзьмі стала замятанне праблем пад дыванок.

Жыхарка аграгарадка Ведрыч Рэчыцкага раёна апублікавала ў TikTok відэазварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай вырашыць праблему з ацяпленнем. Паводле слоў жанчыны, лісты і скаргі не раз паступалі да раённых і абласных уладаў, але «ніхто нічога не робіць».

Пасля навагодніх святаў, распавяла беларуска, ацяплення ў хатах «няма наогул» і вяскоўцы вымушаныя хадзіць у кватэры ў зімовых ботах і вопратцы. Пры гэтым людзі плацяць за камунальныя паслугі і капрамонт, а ў некаторых сем’ях па некалькі непаўнагадовых дзяцей. «Каб хаця б зімой мы адчувалі сябе людзьмі, а не дзікамі і ласямі!» — эмацыйна папрасіла жанчына.

Адметна, што ў цяперашнім выпадку ў першы дзень ніякай рэакцыі з боку мясцовых уладаў не было, хоць відэа набрала пад 600 каментароў — а сёння гэтая публікацыя ўжо недасяжная. Затое мясцовая раёнка Дняпровец сцвярджае, што праверыла «сігнал з сеціва» і цяпло нібыта паступае ў кватэры ведрычан ужо з 4 студзеня. То бок, з дня публікацыі роліка. Калядны цуд? Альбо ТікТок — насамрэч адзіны на сёння дзейсны спосаб для беларусаў дагрукацца да ўладаў на ўсіх узроўнях?

Адзначым, што зварот жыхароў Ведрыча — толькі адзін з многіх прыкладаў, калі жыхары рэгіёнаў шукаюць справядлівасці праз сацыяльныя сеткі. А Аляксандр Лукашэнка хоць і кпіць перыядычна з тых, хто «ціктокаецца», але сведчыць, што спецыяльна навучаныя людзі такія звароты бачаць і яму паведамляюць.

— Чаму сістэма дзяржкіравання буксуе на вырашэнні нават такіх простых пытанняў з піраміды Маслоў? — запытаўся Филин у кіраўніка праекту «Кошт урада», заснавальніка вельмі эфектыўнай у свой час платформы petitions.by Уладзіміра Кавалкіна. — Закон аб зваротах грамадзян не дзейнічае, «гарачыя тэлефоны» больш не эфектыўныя?

Уладзімір Кавалкін

— Так, «гарачыя тэлефоны» не надта працуюць. Лепей за ўсё працавала інфалінія 115.бел. Але і яна даволі часта дае збой: людзі складаюць заяўку, а нічога не вырашаецца, зноў пакідаюць заяўку і няма вырашэння — тады губляюць трыванне і пачынаюць запісваць TikTok.

Раней, калі ў Беларусі яшчэ працаваў petitions.by, калектыўныя скаргі і петыцыі складалі праз нас. А калі платформу забаранілі беларускія ўлады — людзі не маюць іншага выйсця, апроч таго, каб рабіць звароты ў сацсетках.

А ўладам вельмі важна не паказваць, што адбываецца нешта праблемнае, што выклікае напружанне ў грамадстве. Таму яны стараюцца адсочваць ТікТок і шукаць такія звароты, а потым ціснуць на людзей, каб гэтыя запісы выдалілі — і не было ніякага следу.

— Але ж праблемы паралельна вырашаюцца?

— Часам вырашаюцца, а часам і не. Галоўнае для чыноўніка — каб не было ніякага розгаласу, рэзанансу ні ў ТікТок, ні ў СМІ. То бок, перш за ўсё вырашаюць пытанне з розгаласам. А ці вырашаць праблему на месцы — не заўсёды так. Трэба постфактум спрабаваць адшукаць чалавека, звязвацца з ім і ўдакладняць, ці нешта вырашылася?

Гэтую палітыку мы назіраем пасля 2020 года паўсюдна — хаваць, утойваць грамадскія праблемы. Нават калі паглядзець на сістэму обращения.бел — спачатку там улады гуляліся з калектыўнымі зваротамі, а потым цалкам іх адмянілі.

115.бел — таксама, спачатку ўсе заяўкі былі ў публічнай дасяжнасці, зараз на галоўнай старонцы ўсяго некалькі кейсаў, нібыта вырашаных. А што вырашылі — можна зацаніць узровень на некалькіх прыкладах. Аднак вы не можаце зайсці і пабачыць, на што менавіта скардзяцца людзі.

Тое самае і з ТікТокам, галоўная задача — прыхаваць праблемы.

— Можа, наіўнае пытанне: хіба не лепей было вырашыць тыя ці іншыя праблемы — і пахваліць сябе, якія малайцы мясцовыя ўлады, рэагуюць на звароты грамадзян. Ці не рызыкуюць?

— Так, гэта цалкам палітыка. У адміністрацыі Лукашэнкі, напэўна, лічаць: калі выносіць нейкія праблемы ў публічнае поле — людзі будуць пісаць каментары, разважаць, абмяркоўваць. І вакол гэтай тэмы будзе фармавацца нейкая грамадская думка, што ўлады не надта добра працуюць.

Паколькі яны не ўмеюць працаваць з грамадствам, размаўляць з людзьмі — то проста прыхоўваюць, выдаляюць нязручную інфармацыю, пагражаюць людзям, каб тыя выдалялі запісаныя відэа ў ТікТок.

А ўласныя сервісы ўлады будуюць так, каб у публічнасць выходзіла толькі кантраляваная інфармацыя, узорна-паказальныя прыклады — і ніякіх каментароў, ніякага абмеркавання.

— Але ж увесь ТікТок немагчыма зачыніць. То што далей? Працягнуць кропкава вынішчаць крытыку і запалохваць, каб у беларусаў не засталося і гэтага спосабу сувязі?

— ТікТок не зачыніш, але пагражаць могуць: не выдаліш крытыку — будзеш мець праблемы на працы. А калі і пасля гэтага не зразумееш, апынешся за «хуліганку», скажам, у мясцовым РАУС і г.д. (Прыгадаем красамоўны прыклад, калі пажылую беларуску з Бярозы адправілі на 10 сутак за намер паскардзіцца Лукашэнку на маленькія пенсіі — С.).

Што рабіць? Мы запусцілі альтэрнатыўны сайт petitions.pro і зараз робім такі сайт-дапамагач, дзе будзем публікаваць гайды, як вырашаць тыя ці іншыя праблемы. Там будуць спасылкі на законы, шаблоны дакументаў. І калі чалавек сутыкаецца з праблемай — да прыкладу, тэмпература ў жылых пакоях ніжэйшая за 18 градусаў, — ён можа паглядзець, што сказана ў законах на гэты конт, спампаваць форму звароту на обращения.бел і асабіста адправіць зварот.

Зараз вельмі цяжка дапамагаць людзям у гэтым плане, каб іх не прыцягнулі да крымінальнай адказнасці за ўзаемадзеянне з «экстрэмістамі» ці нешта падобнае — таму мы пайшлі такім шляхам. Таксама рыхтуем публікацыі на актуальныя паўсядзённыя тэмы: ЖКГ, добраўпарадкаванне, праца транспарту, ДАІ, будаўніцтва, школы і г.д.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(12)