Политика

Кавалеўскі: Гэтым разам Лукашэнку будзе сказаць Пуціну штосьці цікавае. Усё ж генэрала Келага ведаюць у Маскве таксама

Кіраўнік Агенцтва еўраатлантычнага супрацоўніцтва Валер Кавалеўскі ў каментары Радыё Свабода паразважаў пра магчымыя тэмы размовы правіцеляў Беларусі і Расіі на саміце ЕАЭС у Мінску.

— Гэтым разам Лукашэнку будзе сказаць Пуціну штосьці цікавае. Усё ж генэрала Келага ведаюць у Маскве таксама і ня вельмі яго вітаюць.

Відавочна, што акрамя гуманітарнага трэку — вызваленьня палітычных зьняволеных у Беларусі — бакі абмяркоўвалі таксама і пытаньні рэгіянальнай бясьпекі.

Валер Кавалеўскі

Гэтая тэма хвалюе і Лукашэнку таксама. Бо ёсьць пэўная пагроза, што гэты канфлікт будзе расьці далей, можа працягвацца эскаляцыя, яна можа яшчэ больш уцягнуць Беларусь у гэтую гісторыю.

Я думаю, што Лукашэнка будзе досыць асьцярожным, каб не дэманстраваць занадта значны энтузіязм у гэтай размове, каб не паказаць, што ён паверыў амэрыканцам, паверыў у амэрыканцаў. Але для яго гэта — пэўнае зьнешнепалітычнае дасягненьне. Перамоўны працэс пачаўся амаль год таму паміж ЗША і Менскам і прывёў да такой важнай падзеі.

Сустрэчы, якія адбываліся дагэтуль, былі ўсе закрытыя, пра іх мала што вядома. Упершыню Лукашэнка і амэрыканскі прадстаўнік выйшлі ў публічную прастору, фактычна прадэкляраваўшы, што цяпер мы гатовыя размаўляць адкрыта, на публіку.

Гэта дазваляе думаць, што бакі дасягнулі пэўнага мінімальнага ўзроўню даверу паміж сабой, бо інакш гэтая сустрэча заставалася б закрытай. Гэта таксама можа азначаць, што бакі гатовыя пераходзіць да іншых практычных дзеяньняў па тэмах, якія яны закраналі.

Лукашэнка можа выйсьці з гэтай сустрэчы як чалавек, які штосьці дасягнуў. Магчыма гэта не перамога яшчэ, але тым ня менш ён паказвае, што ў яго атрымліваецца прарываць гэтую блякаду, міжнародную ізаляцыю, што цяпер ён размаўляе ня зь кім-небудзь, а з наўпроставым прадстаўніком прэзыдэнта Трампа.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.5(6)