Политика

Карбалевіч: «У Мінску палічылі, што любы з пераможцаў на выбарах у Польшчы будзе не вельмі добра ставіцца да афіцыйнай беларускай улады»

Вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Польшчы, на якіх перамог прэзідэнт Інстытута нацыянальнай памяці Караль Наўроцкі, не будуць мець значнага ўплыву на польска-беларускія стасункі, бо ў гэтым пытанні сярод палітыкаў краіны існуе кансэнсус, такое меркаванне выказаў Позірку палітолаг Валер Карбалевіч.

— Гэта зразумелі і афіцыйныя беларускія ўлады, і таму, як можна меркаваць па публічных заявах, афіцыйны Мінск не рабіў стаўку на аднаго ці другога фаварыта і не спрабаваў нейкім чынам паўплываць на вынікі выбараў, як ён гэта рабіў падчас парламенцкіх выбараў у той жа Польшчы ці Літве. У Мінску палічылі, што любы з пераможцаў будзе не вельмі добра ставіцца да афіцыйнай беларускай улады, — лічыць Карбалевіч.

Валер Карбалевіч

Калі ў Польшчы ўвосені 2023 года былі парламенцкія выбары, звярнуў увагу суразмоўца, беларускія ўлады, у прыватнасці Аляксандр Лукашэнка, «рабілі стаўку на змену».

— Яны лічылі, что PiS (кансерватыўная партыя «Права і справядлівасць». — «Позірк».) дрэнна ставілася да Беларусі, а калі прыйдуць новыя палітычныя сілы на чале з [Дональдам] Тускам (дзейны прэм’ер-міністр, прадстаўнік ліберальнай Грамадзянскай платформы. — «Позірк».), то адносіны паміж Беларуссю і Польшчай палепшацца, — адзначыў палітолаг.

Пра гэта Лукашэнка казаў некалькі разоў, і нават абрадаваўся, маўляў, PiS-аўцы «апісаліся», народ ім не верыць, малайцы палякі, і павінна ўсё быць лепш.

Але высветлілася, што прыход да ўлады новых палітычных сіл фактычна ніяк не паўплываў на беларуска-польскія адносіны, а ў нечым нават адбылося абвастрэнне, асабліва на мяжы ў сувязі з атакамі мігрантаў, — дадаў Карбалевіч.

Нягледзячы на гэта, паводле слоў суразмоўцы, беларускія дзяржаўныя СМІ надавалі вялікую ўвагу прэзідэнцкім выбарам у Польшчы (дзяржагенцтва БелТА мае польскамоўную версію), а «сэнс беларускай прапаганды можна звесці да трох тэзісаў».

— Першы — тое, што адбываецца ў Польшчы — гэта палітычнае шоу. А палітычнае шоу — гэта дрэнна. Вось у Беларусі былі добрыя, спакойныя, ціхія выбары, без канфліктаў і кампраматаў. Вось гэта — «сапраўдныя» выбары, а польскае шоу ніякага дачынення да дэмакратыі не мае, — ахарактарызаваў эксперт прапагандысцкі наратыў.

Другі тэзіс — гэта тое, што польскія эліты нібыта не адлюстроўваюць настрой польскага грамадства, што яны даўно адарваліся ад людзей, адбываецца маніпуляцыя, няма ніякай дэмакратыі, а ёсць толькі спектакль, падман. Ізноў жа, у адрозненні ад «сапраўдных» выбараў у Беларусі”.

І, нарэшце, трэці тэзіс беларускай прапаганды — гэта тое, што польскія эліты адлюстроўваюць пазіцыі не польскага народа, а ці то Вашынгтона, ці то Брусэля, то бок Польшча страціла незалежнасць, выконвае волю нейкіх замежных цэнтраў. Ізноў жа ў адрозненні ад Беларусі, дзе існуе «сапраўдная незалежнасць», — дадаў ён.

Карбалевіч не думае, што вынікі выбараў паўплываюць на пазіцыю Польшчы адносна беларускай дыяспары, якая жыве ў Польшчы, і беларускіх дэмакратычных сіл, якія падтрымлівае польская дзяржава, польскія ўлады.

— Думаю, што будуць працягвацца і перамовы наконт вызвалення Анджэя Пачобута, — сказаў палітолаг.

Увогуле, адзначыў ён, выбары былі «драматычнымі, вострымі» і чарговы раз пацвердзілі, што «польскае грамадства расколатае папалам паміж дзвюма палітычнымі сіламі».

На думку эксперта, «вынікі выбараў сведчаць пра тое, што праўленне новага прэзідэнта будзе даволі канфліктным»:

— Прэзідэнт з аднаго боку, урад і парламенцкая большасць — з іншага, [яны] прадстаўляюць розныя палітычныя сілы, паміж якімі існуе дастатковы востры ідэйны канфлікт.

Гэта канфліктная сітуацыя будзе працягвацца, і нічога па вялікім рахунку ў палітыцы як унутранай, так і замежнай, не памяняецца, бо і сыходзячы прэзідэнт Анджэй Дуда прадстаўляў «Права і справядлівасць», і новы прэзідэнт будзе прадстаўляць тую ж партыю. Таму канфліктнасць польскай палітычнай сістэмы будзе захоўвацца, — канстатаваў Карбалевіч.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(6)