Івашкевіч: «І тут прыйшлі Шэйман, Цяцерын і Варабей, кажуць: рабяты, цяпер мы самі»

Кіраўнік Беларускага расследавальніцкага цэнтра Стась Івашкевіч — пра тое, як крадуць грошы ў нашай краіне.

Стась Івашкевіч. Скрыншот з відэа на канале жизнь-малина

Журналіст у інтэрв’ю Мікіту Мелказёраву на канале жизнь-малина распавёў, як адбываецца перадзел з менш істотнай карупцыі на больш істотную.

— З год таму быў скандал на «Белшыне». Лукашэнка махаў рукамі — дырэктара звольнілі <за тое>, што яны танна аддавалі шыны нейкім сябрам у Расіі.

Яны аддалі пад куратарства продаж <прадукцыі> «Белшыны» на расійскі рынак структурам Дзмітрыя Лукашэнкі, каторы пачаў у «Белышыны» купляць яшчэ танней, то бок яшчэ больш яе рабуючы, а прадаваць у Расію яшчэ даражэй, акумулюючы на гандлёвым доме «БЕЛАЗ» гэтыя прыбыткі.

Мы рабілі пра гэта расследаванне, потым BELPOL гэта пашыраў, як яны праз людзей, звязаных з Дзмітрыем Лукашэнкам і ягонай жонкай, выводзяць гэтыя прыбыткі ў прыватныя расійскія фірмы. Прычым яны столькі зарабілі на гэтым «БЕЛАЗ», што адна з звязаных з імі менеджэрак, каторая кіруе адной з кампаній, што выводзіць грошы з гандлёвага дома, патрапіла ў расійскі Forbes.

І гэтыя схемы зараз становяцца татальнымі. Можна сказаць, што ідзе татальны перадзел, надзвычайны, на маю думку.

<…> Мы бачым, як у цёмным пакоі прамень ліхтара і дэталёва асвятляем нейкую адну схему. І можа быць, навокал гэтай цемры крыху інакш, але паколькі многа такіх промняў, то на статыстычных уражаннях ужо заснаваныя гэтыя меркаванні, што так, зараз павышаецца ўзровень карумпаванасці — на высокім узроўні, на высокіх грашовых патоках. Ён становіцца надзвычайным, нават па мерках нашых даволі карумпаваных суседзяў.

Беларускія ўлады выкарыстоўваюць прымітыўныя схемы: напрыклад, супертанна забраць у дзяржавы, а потым дорага прадаць, тлумачыць журналіст.

Івашкевіч прыводзіць прыклад, як для абыходу санкцый, якія наклалі на «Гродна Азот», Мінгарвыканкам стварыў фірму-пракладку, якая брала сабе адзін адсотак ад абароту.

— Потым у 2022-м годзе пасля нападу Расіі на Украіну кошты на натуральны газ падскочылі, падскочыў кошт на ўгнаенні, паліліся суперпрыбыткі ад абыходу санкцый на «Гродна Азот».

І тут прыйшлі Шэйман, Цяцерын і Варабей, кажуць: рабяты, цяпер мы самі. І ўсё тое ж самае праганяюць праз свае пракладкі.

Толькі замест аднаго адсотку, які брала сабе дзяржаўнае прадпрыемства, яны працуюць з рэнтабельнасцю 130 адсоткаў.

Яшчэ адзін прыклад, звязаны з транспартыроўкай прадукцыі «Беларуськалія».

— Праз Расію схемай раскрадання займаецца структура Віктара Шэймана пры дапамозе кіпрскіх юрыстаў, якія забяспечваюць вывад гэтых грошай у Еўрасаюз.

Мы прывыклі лічыць, што хаваюць грошы ў Эміратах, Кітаі, Расіі. А ў Еўрасаюзе вельмі вялікія грошы ляжаць. Мы знайшлі сто плюс нерухомасцяў у Вільні і Літве, якія праз проксі эмірацкія належаць, верагодна, Віктару Шаўцову (непублічны прадпрымальнік, якога журналісты-расследвальнікі лічаць адным з кашалькоў Лукашэнкі — С.).

Паводле Івашкевіча, шэйманаўская фірма, якая зараз займаецца транспартыроўкай калія з Салігорска ў расійскі порт,  скрала ў 2024 годзе 35 мільёнаў долараў на дастаўцы калія толькі ў адзін порт.

Параўноўваючы карупцыю ў Расіі і Беларусі, журналіст заўважыў, што ў Расіі карупцыя значна больш пранізвае ўсю сістэму, бо Расіяй значна цяжэй кіраваць, і гэта значыць субкарупцыйных цэнтраў там больш.

— У Беларусі гэта больш цэнтралізавана, і на нізах мы бачылі 5-10 адсоткаў схемаў, дзе ёсць завышэнне коштаў. Чым вышэй падымаешся, тым гэта больш цэнтралізавана, і тым большы аб’ём крадзяжу, — зазначыў Стась Івашкевіч.