История

Андрэй Кныш

«Гарэлі свечкі. Людзі маўчалі»

Першы Чарнобыльскі шлях у Беларусі зладзілі ў 1989-м, на трэцюю гадавіну аварыі на ЧАЭС. Але не ў красавіку, як гэта рабілася ў наступныя гады. «Салідарнасць» прыгадвае падрабязнасці тых падзей з дапамогай архіваў.

«Гадзіна смутку і маўчання», чарнобыльская акцыя ў Мінску, 26 красавіка 1989-га. Фота Уладзіміра Сапагова

26 красавіка ў Мінску прайшлі дзве акцыі. Адну з іх арганізавалі ўлады, другую — аркамітэт БНФ. Пра абедзьве падзеі пісала газета «Літаратура і мастацтва».

Фота Уладзіміра Сапагова

Адзначым, што тагачасная дзяржаўная прэса была куды больш разняволенай і плюралістычнай, чым сённяшняя паднявольная прэса Лукашэнкі. У дзяржаўных выданнях публікаваліся самыя розныя погляды і думкі, якія далёка не заўсёды супадалі з лініяй партыі. Натуральна, такая вольніца была не паўсюль. Але вернемся да публікацыі ў «ЛіМ»:

«У парку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка гарадскім камітэтам па ахове прыроды і маладзёжным экалагічным клубам пры ЦК ЛКСМБ быў праведзены мітынг. На ім выступілі медыкі, навукоўцы розных спецыяльнасцей, рабочыя, якія гаварылі аб выніках чарнобыльскай трагедыі, выказвалі заклапочанасць станам навакольнага асяроддзя, заклікалі да паляпшэння аховы здароўя людзей.

У той жа дзень на плошчы Леніна па ініцыятыве аргкамітэта БНФ «Адраджэнне» прайшла гадзіна смутку і маўчання. Не было прамоў, але ўсе, хто прыйшоў на плошчу, здавалася, слухалі —услухоўваліся, што адгукаецца ў душы на словы «Чарнобыль», «Брагін», «Хойнікі», «Краснаполле». Гарэлі свечкі. Людзі маўчалі».

Прыйшло вельмі шмат людзей, але на тую частку плошчы, што перад Домам ураду міліцыя не пускала. Стаялі шчыльна, упрыцірку адзін да аднаго. Здаецца, не было ніякіх прамоваў, можа быць, Зянон Пазьняк сказаў уступнае слова, але толькі некалькі фразаў. Маўчанне і нейкая напружанасьць, адчуванне трывогі ў паветры. І час ад часу біў звон.

Сяргей Навумчык, дэпутат Незалежнасці

Скан газеты «Літаратура і мастацтва», які захоўваецца ў інтэрнэт-бібліятэцы Камунікат

У той жа публікацыі гаварылся, што не ва ўсіх гарадах улады падтрымалі выскародныя парыванні грамадзянаў. У Бабруйску міліцыянты шчыльна атачылі «маўклівую» акцыю, пагражалі сілай разагнаць яе удзельнікаў, адбіралі фотатэхніку. У Гомелі акцыя памяці таксама запомнілася нервовай і напружанай атмасферай.

«І ўсё ж, дзень 26 красавіка, думаецца, па-сапраўднаму яднаў нас. Памяццю. Трывогай. Надзеяй», — падвёў вынікі таго дня аўтар артыкула ў «ЛіМ».

30 верасня таго ж года ў Мінску прайшло масавае шэсце пад назвай «Чарнобыльскі шлях».

«Аказваецца, Ленінскі праспект такі шырокі, што на ім хапіла месца і для дзясяткаў тысяч чалавек і для няспыннага транспартнага патоку», — пісала ўсё тая ж «Літаратура і мастацтва».

Першы Чарнобыльскі шлях, фота Уладзміра Сапагова

Дэманстранты рушылі ад гадзіннікавага завода і прайшлі вялізнай калонай, што ўвабрала ў сябе каля 30 тысяч чалавек з усёй Беларусі, да тагачаснай плошчы Леніна. Людзі неслі плакаты са знакам радыяцыйнай небяспекі і назвамі беларускіх гарадоў, што пацярпелі ад Чарнобылю.   

«Калона рушыла па праспекце. Галоўная сталічная магістраль на некалькі гадзін зрабілася «чарнобыльскім шляхам», месцам правядзення агульнанацыянальнай грамадзянскай акцыі, наладжанай Народным Фронтам па просьбе жыхароў «зоны асаблівай увагі», ці, называючы рэчы сваімі імёнамі, зонай экалагічнага бедства», — працягваем цытаваць «ЛіМ».

Выступае Зянон Пазняк, фота Уладзіміра Сапагова

Мітынг на плошчы Леніна вёў Зянон Пазьняк. Поруч з ім выступалі Алесь Адамовіч, Станіслаў Шушкевіч, беларускі акадэмік Яўген Пятраеў, а таксама запрошаны з Масквы расійскі навуковец, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС Яўген Веліхаў.

Скан газеты «Літаратура і мастацтва»

А ўлады тым часам зладзілі па ўсёй краіне суботнік, дзякуючы якому, як пісалі савецкія газеты, у фонд ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС было пералічана звыш 8 мільнаў савецкіх рублёў. На суботнік выйшлі 2 358 000 чалавек.

«У гэты дзень мы засвойвалі адзін з урокаў новай філасофіі. Галоўная каштоўнасць — чалавек, жыцці людскія — не жвір, ахвярнасць мае сэнс тады, калі яна — усвядомленая.

Думаецца, такі пункт гледжання ўмацоўвае нашу еднасць перад абліччам нашай агульнай бяды. І не дазваляе ўспрымаць як штосьці палярнае маніфестацыю і суботнік, рэзалюцыю мітынгу і зварот канферэнцыі, клопат аб нацыі і клопат аб мільярдах рублёў», — пісала ў верасні 1989-га газета «Літаратура і мастацтва».

Праз лічаныя гады традыцыю ладзіць афіцыёзныя суботнікі ў гадавіну Чарнобылю падхопіць Аляксандр Лукашэнкі, адначасова канчаткова прыдушыўшы еднасць і ўзмацніўшы палярызаванасць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(4)