Политика

«Галоўны міратворца» па-за гульнёй: чаму Лукашэнка нэрвуецца

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч піша на Радыё Свабода пра тое, як правіцель аказаўся ў ня вельмі псыхалягічна прыемнай сытуацыі.

У публічнай частцы перамоваў Лукашэнкі з Пуціным закраналася толькі пэрспэктыва замірэньня ў вайне ва Ўкраіне. Да абмеркаваньня галоўнай тэмы міжнароднага парадку дня Лукашэнка хацеў бы далучыцца. Для яго непрыемна, што ў момант, калі сьвет абмяркоўвае мірны плян, ён застаецца ўбаку.

Валер Карбалевіч

Пасьля 2020 году, і асабліва з пачаткам вайны ва Ўкраіне, Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін сустракаюцца і праводзяць перамовы ў сярэднім раз на два месяцы. Апошнім разам яны сустракаліся ў канцы верасьня. Прайшло два месяцы, так што цяперашняя сустрэча ў Бішкеку падчас саміту АДКБ адбываецца дакладна паводле традыцыйнага графіку.

Сустрэча працягвалася больш за паўтары гадзіны. Лукашэнка ў пачатку адзначыў, што хоць суразмоўцы і часта сустракаюцца, аднак пытаньняў для абмеркаваньня «менш не становіцца» і яны «усё больш сур’ёзныя».

Падчас публічнай часткі перамоваў Лукашэнка і Пуцін закранулі толькі адно пытаньне: пэрспэктывы замірэньня ў вайне ва Ўкраіне. Гэта галоўная тэма сёньняшняга міжнароднага парадку дня. Усе абмяркоўваць чарговы мірны плян.

Гісторыя вакол праекту замірэньня ператвараецца ў нейкі дэтэктыў з інфармацыйнымі зьлівамі сакрэтных перамоваў, зьяўленьня новых варыянтаў, якія патрабуюць узгадненьня.

Ня дзіва, што Лукашэнка хацеў бы неяк далучыцца да абмеркаваньня гэтага пытаньня.

Бо атрымоўваецца сытуацыя, псыхалягічна ня вельмі прыемная для яго. У момант, калі сьвет абмяркоўвае мірны плян, Лукашэнка застаецца ў баку.

А менавіта Лукашэнка ж з самага пачатку выступаў з рознымі, няхай і сумнеўнымі, але міратворчымі ініцыятывамі. Заяўляў, што Беларусь павінна ўдзельнічаць у перамоўным працэсе як самастойны суб’ект хаця б з той прычыны, што краіна мяжуе з абодвума дзяржавамі, якія ваююць.

Ён увесь час прапаноўваў Менск як пляцоўку для перамоваў. Нават сам Дональд Трамп яму тэлефанаваў перад сваёй сустрэчай з Уладзімерам Пуціным на Алясцы і вёў размову ў кантэксьце пытаньня міру ва Украіне. Гэта падняла статус Лукашэнкі ў ягоных уласных вачах.

І вось цяпер цягнік перамоваў набірае хуткасьць, а Лукашэнка застаецца адзінока стаяць на плятформе. Эўрапейскія лідэры прапанавалі свой плян. А беларускага кіраўніка ніхто не запрашае, нават ня ўзгадвае. І візыт амэрыканскай дэлегацыі на чале з Джонам Коўлам адкладзены.

І Лукашэнка пачынае мітусіцца, імкнецца неяк нагадаць пра сябе ў кантэксьце ўкраінскага пытаньня. У гэтым ракурсе варта разглядаць нечаканае вызваленьне з-за кратаў 31 грамадзяніна Ўкраіны. Важна тое, што яно адбылося ў момант, калі ўвага сусьветных мэдыяў скіраваная на Ўкраіну — і любы жэст на інфармацыйным экране ў кірунку ўкраінскай тэмы заўважаецца, ацэньваецца, павялічваецца ў маштабах.

І вельмі знамянальна, што падчас публічнай часткі перамоваў з Пуціным у Бішкеку, у прысутнасьці мэдыяў, Лукашэнка ўчапіўся за гэтую тэму. Маўляў, мы тут з прэзыдэнтам Расеі ўсё абмяркуем, дамовімся па пытаньні вайны і міру, вось дзе галоўны цэнтар прыняцьця рашэньняў. І, зразумела, у соты раз прагучала дзяжурная і ўжо назойлівая прапанова правесьці мірныя перамовы ў Менску.

І адказы Лукашэнкі на пытаньні расейскіх журналістаў зводзіліся да тэмы вайны ва Ўкраіне. Прагучалі ўсе традыцыйныя прапагандысцкія наратывы: заклікі да Ўладзімера Зяленскага спыніць вайну, абвінавачваньні на адрас Эўразьвязу, які маўляў, ня хоча міру і інш.

Можна нават сказаць, што для Лукашэнкі вось такая магчымасьць паразважаць перад расейскімі журналістамі аб новым мірным пляне па спыненьні вайны ва Ўкраіне — галоўны пункт праграмы візыту на гэты нікому непатрэбны саміт АДКБ.

Што ўласна да саміту АДКБ, то ён прайшоў паводле традыцыйнага сцэнару. Кіраўнікі дзяржаў удзельніц пераконвалі адзін аднаго, што гэтая арганізацыя важная, яна захоўвае сваю актуальнасьць і запатрабаванасьць. Гэты гучала асабліва цікава на тле таго, што адна з краін-удзельніц АДКБ — Армэнія — прыпыніла сваю дзейнасьць у згаданым саюзе.

Лукашэнка, як звычайна, скардзіўся на палітыку краін Захаду, абвінавачваў іх у агрэсіўных намерах, казаў пра Беларусь як крэпасьць у аблозе. І заявіў:

—Заходнія палітыкі мэтанакіравана рыхтуюцца да вайны. Не мы, Уладзімір Уладзіміравіч, рыхтуемся да вайны, а па ўсіх факт ах — яны.

Але ж насамрэч, яны можа толькі рыхтуюцца, а Расея ўжо вядзе вайну супраць Украіны, а Беларусь ёй дапамагае.

Варта зьвярнуць увагу, што не адбылося ніякіх двухбаковых сустрэч і перамоваў Лукашэнкі зь іншымі кіраўнікамі краін-удзельніц АДКБ, акрамя Пуціна. Звычайна палітычныя лідэры выкарыстоўваюць такія форумы як пляцоўку для абмеркаваньня праблемных пытаньняў зь іншымі прэзыдэнтамі.

Магчыма кіраўнікі постсавецкіх дзяржаў так часта сустракаюцца на розных самітах (АДКБ, ЭАЭС, СНД), што даўно надакучылі адзін аднаму.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(6)