Женщины

Юлія Кот

«Дзве Беларусі суіснуюць, але ж і перасякаюцца і адна на адну ўплываюць»

«Салідарнасць» абмеркавала з палітыкамі і актывісткамі, як змянілася роля жанчын у беларускай палітыцы за апошнія гады.

Пяць год таму жанчына перамагла на прэзідэнцкіх выбарах у нашай краіне. А беларускую рэвалюцыю 2020 года многія аналітыкі называюць жаночай. Бо менавіта жанчыны сталі яе рухальнай сілай, увасабленнем мірнага пратэсту, натхняльным прыкладам сілы і стойкасці.

На першым міжнародным форуме «Пашырэнне праў і магчымасцей жанчын і дэмакратыя для Беларусі», што адбыўся нядаўна ў Стакгольме, шмат гаварылі пра гэтую сілу і ўдзел жанчын, цяпер і ў будучыні, у прыняцці рашэнняў і вызначэнні шляху, па якім будзе ісці Беларусь.

Усе фота прадстаўленыя Офісам Святланы Ціханоўскай

Але насамрэч, вядома, беларускі гралі адметную ролю ў палітыцы і да 2020 года: узначальвалі палітычныя партыі, былі дэпутатамі і міністрамі, кіравалі прафесійнымі і грамадскімі аб’яднаннямі.

Можна згадаць дэпутатку незалежнасці Галіну Сямдзянаву, першую лідарку жаночай партыі «Надзея» Валянціну Палевікову, кіраўнічку жаночага дэмакратычнага руху Людмілу Пеціну, старшыню Рады БНР Івонку Сурвілу і многіх іншых.

Выйсці з ценю

Рэч у тым, зазначае галоўны дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка, што ў 2020 годзе не толькі лідаркі, але і многія іншыя жанчыны, якія раней выковалі непублічныя функцыі, трапілі ў публічнае поле — грамадскасць і дзяржава іх заўважылі.

І гэтага аўтарытарны рэжым, правадыр якога цынічна называе сябе «жаночым прэзідэнтам», не можа дараваць дагэтуль — у Беларусі пад пераслед трапілі не толькі жанчыны-палітыкі, валанторкі выбарчых штабоў, удзельніцы пратэстаў, але і грамадскія актывісткі, кіраўнічкі НГА, тыя, хто дапамагае палітвязням і іх сем’ям.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», з 2020 года пад палітычны пераслед трапілі больш як 8000 жанчын. Толькі летась па палітычна матываваных справах былі асуджаны сама меней 480 беларусак.

У палітыцы паводле Лукашэнкі месца жанчынам ёсць толькі тады, калі яны — рупары ягоных ідэй, патрыярхальных установак і «традыцыйных каштоўнасцяў». Дый тое гэтае месца — на другім плане і падалей ад рэальнай улады (як падлічвала «Салідарнасць», у Беларусі толькі адна жанчына-міністарка, і нават на ўзроўні райвыканкамаў суадносіны кіраўнікоў-мужчын і жанчын — 10 да 1).

А ці вядуць у гэтым плане рэй дэмакратычныя сілы?

Пакуль з жаночым лідарствам у палітычных структурах таксама складана. З аднаго боку, беларускія жанчыны кіруюць шмат якімі дыяспаральнымі суполкамі.

З другога — у публічным полі, у кіраўніцтве Каардынацыйнай Радзе і АПК,  у камандзе Офіса Святланы Ціханоўскай жанчын дагэтуль меншасць.

Жанчыны-лідаркі атрымліваюць мноства пагроз, у тым ліку з боку рэжыму, на іх ціснуць праз родных, якія знаходзяцца ў Беларусі. Таму многія не рызыкуюць ісці ў палітыку з адкрытым імем і тварам, застаюцца ў ценю — і іх праца зноў як быццам незаўважная.

То ці гатовае беларускае грамадства і палітычныя структуры да рэальнай роўнасці, да жанчын, якія наўпрост уплываюць на прыняцце рашэнняў: міністарак, спікерак, кіраўнічак сілавых ведамстваў? Ці не адкоцімся мы на гэтым шляху назад у сітуацыі вайны і падвышанага запыту на простыя, сілавыя рашэнні, на тую самую «моцную руку», з-пад якой беларусы імкнуцца выйсці?

«Салідарнасць» задала гэтае пытанне на палях жаночага форуму чаліні Фем-групы КР, філосафцы і даследчыцы Вользе Шпаразе, галоўнаму дарадцу Святланы Ціханоўскай Франаку Вячорку і дарадцы па маладзёжнай палітыцы і студэнцтву Маргарыце Ворыхавай.

«Правы паварот вядзе да з’яўлення новай, прагрэсіўнай генерацыі палітыкаў»

— Мне падаецца, што і ў беларускім кантэксце, і ў глабальным мы бачым дзве супрацьлеглыя рэчы, — разважае Вольга Шпарага. — З аднаго боку — мілітарызацыя і права на гвалт, якое абгрунтоўваецца ваенным кантэкстам. Але з другога боку, грамадства больш кансалідавана адказвае на гэтыя выклікі.

Нядаўна, напрыклад, была спрэчка аб тым, ці дапушчальна выкарыстоўваць і вясёлкавы, і бел-чырвона-белы сцяг на прайдзе — і паглядзіце, як аб’ядналіся незалежныя медыя, падтрымалі ЛГБТК+ супольнасць.

Тое ж самае бачна паўсюль у свеце: правы паварот вядзе да з’яўлення новай, прагрэсіўнай генерацыі палітыкаў, якія бачаць у звязцы пытанні больш шырокай палітычнай інклюзіі, экалогіі, гендарныя, адукацыйныя, супрацьстаянне ультраправым і папулістам, асэнсаванне таго, што рабіць у сітуацыі вайны і як адстойваць правы чалавека.

Калі ацэньваць, ці гатовыя мы, беларусы да гэтага — у нашым грамадстве таксама адбываюцца змены. Яны пастаянныя і рознапланавыя.

Пасля 2020 года і фемінісцкі рух выйшаў на другі ўзровень, мы бачым розныя генерацыі жанчын у палітыцы, наогул, больш жанчын. А ўжо як далей распаўсюджваць гэтыя ідэі, пошук мовы, у якіх панятках пра гэта казаць — гэта вялікая сумесная праца.

Нам трэба нястомна тлумачыць, што стаіць за словамі «гендарная роўнасць» і «фемінізм», разбураць стэрэатыпы, якія складаліся доўгія гады. Расказваць, які плён прыносіць грамадству тое, што прадстаўнікі самых розных груп бяруць удзел у палітыцы, вырашаюць праблемы — і гэта ідзе на карысць супольнасці наогул.

Мне падаецца, што наша грамадства дынамічнае і гатовае да перамен. У 2020 годзе мы ўбачылі, як павялічылася праеўрапейская частка (а дагэтуль быў вялікі скептыцызм), а потым зноў гэта доля пайшла на спад, бо было расчараванне, што ЕС не падтрымаў беларусаў. Гэта сведчыць аб тым, што большасць у нас — гэта тыя, хто не вызначыўся, і з імі можна і трэба працаваць.

Што можа стаць пацверджаннем таго, што рух у бок дэмакратыі працягваецца? На думку Вольгі Шпарагі, такім паказчыкам стане большае прадстаўніцтва жанчын у беларускіх палітычных структурах, больш шырокі дыялог па прынцыповых пытаннях — беларускі не раз пацвердзілі, што ўмеюць дамаўляцца, а не разыходзіцца ў канфрантацыю і раскол, які выгадны рэжыму.

«Рэжым выкарыстоўвае самыя несумленныя механізмы, каб змусіць жанчын адмовіцца ад удзелу ў палітыцы»

— Калісьці яшчэ ў 1990-ыя мая мама, Арына Вячорка, кіравала адным з першых рыцарскіх клубаў у Беларусі, — згадвае Франак Вячорка, — і трэба было бачыць, як яна «строіла» здаровых хлопцаў і мужчын. Гэта, вядома, не пра палітычную структуру, але пра беларускіх жанчын, якія цудоўна ўмеюць быць лідаркамі.

І ў будучыні, на маю думку, беларускае грамадства гатовае да жанчын-лідарак. Досвед Святланы Ціханоўскай пра гэта сведчыць. Пяць гадоў лідарства — цяжкога, супярэчлівага, напоўненага новымі выпрабаваннямі — але яна пацвярджае сваё лідарства, і яго прымаюць.

Я прысутнічаю на паседжаннях Кабінета, дзе бальшыня мужчын, але ж Святлана Ціханоўская кіруе, раздае задачы, яе слухаюць і паважаюць.

Я лічу, пасля 2020 года беларусы пасталелі ў гэтым сэнсе вельмі хутка, хоць гэтую спеласць мы атрымалі, безумоўна, «дзякуючы» траўматычнаму досведу. Таму мы гатовыя.

Аднак ёсць вялікая праблема — рэпрэсіі. Рэжым выкарыстоўвае самыя несумленныя механізмы, каб націснуць на жанчын, змусіць іх адмовіцца ад удзелу ў палітыцы — часта праз дзяцей, праз сем’і, праз маральны ціск.

Актыў дэмакратычных сіл — менавіта жанчыны. Яны выконваюць менеджарскія функцыі, кіруюць аддзеламі, бяруць на сябе адказнасць за рашэнні — але не бяруць публічныя ролі, бо гэта адразу ж выклікае крымінальны пераслед.

Аднак я не сказаў бы, што зараз мы неяк адкаціліся назад. Зусім не. Пасля 2020 году ёсць новая якасць, яна захоўваецца, нават калі ў публічнай прасторы мы бачым не столькі жанчын-спікерак, колькі хацелася б.

На жаль, зазначае Франак Вячорка, сёння фактычна існуюць дзве Беларусі:

— Адна створаная лукашэнкаўскім рэжымам. Гэта не людзі, гэта ідэалагічны наратыў, Беларусь баязлівая, патрыярхальная, расейская, у якой патрэбныя «моцная рука», дыктатура, «бацька» і гэтак далей. Жанчыны ў ёй маюць фасадную ролю, гадуюць дзетак ды  шчыруюць на кухні.

А ёсць праеўрапейская, сучасная Беларусь, якая выходзіла ў 2020 годзе на вуліцы. Сёння яна існуе або ў выгнанні, альбо ў інфармацыйнай прасторы. І гэтыя дзве Беларусі суіснуюць, але ж  і перасякаюцца і адна на адну ўплываюць.

Самае важнае, каб гэты канэкт захоўваўся — таму што лукашэнкаўская, рэпрэсаваная Беларусь глядзіць на новую, ці ў яе што атрымаецца. Часам расчароўваецца, часам натхняецца. Аднак калі мы не згубім гэтую сувязь, то ў будучыні зможам паяднаць Беларусь.

«Трэба прызнаць, што існуюць структурныя абмежаванні для жанчын»

— У палітыцы вельмі не хапае жанчын — і ў беларускім, і нават у еўрапейскім асяроддзі, — гаворыць Маргарыта Ворыхава. — А тыя жанчыны, якія ёсць, сутыкаюцца з неверагоднымі бар’ерамі, кшталту крытыкі з боку грамадства, велізарнымі нападкамі, нават гвалтам, з ацэнкай знешнасці, а не кампетэнцый — і гэтак штодня.

Таму вельмі важна, калі ствараюцца такія прасторы, дзе жанчыны могуць адкрыта абмеркаваць праблемы, што хвалююць сёння, і як іх можна вырашыць. Каб адчуваць сябе бяспечна ў той сферы, дзе жанчыны абіраюць працаваць.

Для мяне, напрыклад, 2020 год быў такім паказнікам: у Беларусі магчымае лідарства жанчын, але грамадства да гэтага не на 100% гатовае.

Беларусак гатовыя прызнаваць як сімвалы барацьбы, свабоды і перамогі, але не як тых, хто будзе браць на сябе адказнасць і прымаць рашэнні. Мы і сёння бачым гэта ў каментарах у медыя, у абясцэньванні экспертнасці жанчын, нават у прадстаўленасці жанчын, якіх менш запрашаюць як спікерак (асабліва па тых напрамках, якія лічацца «гістарычна мужчынскімі», кшталту пытанняў бяспекі).

На маю думку, збольшага нашае грамадства і палітыкі яшчэ не гатовыя развіваць жаночае лідарства. Вельмі малая колькасць людзей і структур разумее, што ўцягваць жанчын у палітычныя структуры — значыць, інвеставаць, ствараць адпаведныя механізмы, прыкладам, гендарныя квоты.

Калі летась праходзілі выбары ў КР, — колькі было размоў пра тое, што гэтыя квоты непатрэбныя! Але ж многія жанчыны, якія трапілі ў Каардынацыйную Раду і зараз яе рухаюць, трапілі ў яе склад менавіта па квотах. Калі ж квоты зняліся, бачна, што ў мужчын зноў большасць у КР.

То бок, трэба прызнаваць, што існуюць гэтыя структурныя абмежаванні для жанчын. А таксама памятаць, колькі ў жанчын нябачнай для грамадства працы: сямейны быт, дзе жанчыны выконваюць у тры разы болей абавязкаў, эмацыйнае абслугоўванне і падтрымка блізкіх.

Таму нам як грамадству трэба яшчэ шмат зрабіць у гэтым рэчышчы, каб жаночы форум не стаў першай і адзінай жаночай пляцоўкай, каб тэма роўнасці гучала, шырока абмяркоўвалася і рэалізоўвалася на практыцы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4(11)