История

Сяргей Васілеўскі

Дзень Волі ці 27 ліпеня? А можа 25 жніўня? І ці перажыве Лукашэнку ягоны «Дзень Рэспублікі»?

Якая падзея найбольш адпавядае статусу Дня незалежнасці Беларусі – разбіраліся эксперты.

Мінск, Купалаўскі сквер, 27 ліпеня 1995 года, фота Уладзіміра Сапагова, vytoki.net

Беларускі інстытут публічнай гісторыі зладзіў дыскусію з нагоды «множнасці» датаў, якія прэтэндуюць на ролю Дня незалежнасці краіны.

На думку арганізатараў круглага стала, гэтае свята мае складаную гісторыю і дагэтуль выклікае немалыя спрэчкі ў грамадстве. З 1991 па 1996 год яно адзначалася 27 ліпеня — у гэты дзень у 1990-м была прынятая Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце

У лістападзе 1996-га Аляксандр Лукашэнка зладзіў чарговы рэферэндум, дзякуючы чаму з таго часу афіцыйна Дзень Незалежнасці (Дзень Рэспублікі) адзначаецца 3 ліпеня — у дзень вызвалення Мінска ад нацыстаў у 1944-м.

Ёсць і тыя, хто лічыць адзіным прымальным варыянтам святкавання Дня Незалежнасці 25 жніўня — дзень надання Дэкларацыі сілы канстытуцыйнага закона ў 1991-м.

Застаецца пытаннем, наколькі ў сённяшняй Беларусі прыжыўся лукашэнкаўскі Дзень Рэспублікі і ці перажыве ён свайго аўтара. Не забываемся і пра 25 сакавіка — Дзень Волі, які многімі беларусамі лічыцца галоўным сімвалам нашай незалежнасці.

«Для Лукашэнкі незалежная Беларусь — як вынік няшчасця, як нежаданае дзіця»

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст мяркуе, што ў якасці ключавой даты фармавання незалежнасці ў пачатку 1990-х найбольш пасуе 27 ліпеня: «Станаўленне незалежнасці розных краін — гэта паступовы працэс».

На яго думку, у гэтым пытанні няма нейкай жорсткай вызначанасці, што лічыць за кропку адліку атрымання незалежнасці.

Дракахруст выказаў думку, што акт 25 жніўня 1991-га быў такой самай дэкларацыяй, як і дакумент, прыняты годам раней. Аналітык нагадаў, што ў снежні 1991-га лідар Беларускага Народнага Фронта Зянон Пазняк надзвычай крытычна ацэньваў вынікі жнівеньскай перамогі нацыянальных сілаў.

Галоўным чынам гаворка ішла пра адсутнасць любых дзеянняў па станаўленні і ўмацаванні незалежнасці краіны.

Фактычна, усё пачалося толькі пасля падпісання пагаднення ў Віскулях, дзе быў пахаваны СССР, лічыць Дракахруст.

Акрамя таго, 25 жніўня — гэта вяршыня палітычнага трыюмфу БНФ, асабіста Пазняка, мяркуе аналітык. Што робіць непрымальнай гэтую дату для многіх з сённяшніх патэнцыйных наступнікаў Лукашэнкі — ад Сяргея і Святланы Ціханоўскіх, Віктара Бабарыкі, якіх Пазняк абяцаў пасадзіць у турму, да ўмоўнага Аляксандра Турчына.

27 ліпеня беларусы святкавалі некалькі год, гэтая дата найбольш кампрамісная, перакананы Юрый Дракахруст.

Пытанне даты святкавання Дня Незалежнасці будзе вырашацца ў выніку суадносін розных палітычных сілаў, лічыць палітолаг Валер Карбалевіч. Па яго словах, сама гэтая тэма надзвычай канфліктная, а таму ў агляднай будучыні ён не бачыць магчымасці для грамадскага кампрамісу ў гэтым пытанні: «Гэта квінтэсэнцыя ўсіх супярэчнасцяў вакол лёсу і перспектываў беларускай незалежнасці».

Палітолаг нагадаў, што ў 1990-м і 1991-м Беларусь далучылася да параду суверэнітэтаў савецкіх рэспублік. Тым самым быў закладзены пачатак будаўніцтва незалежнасці краіны.

Тым часам Лукашэнка, які ў 1996-м прызначыў новую дату Дня незалежнасці, шукаў сваю палітычную легітымнасць у савецкім мінулым, у часах БССР.

І тут вельмі цікавы момант: у афіцыйнай лукашэнкаўскай міфалогіі распад СССР разглядаецца як няшчасце. Тое, што Пуцін пазней назваў геапалітычнай катастрофай. Незалежная Беларусь — як вынік няшчасця, як нежаданае дзіця. То бок Лукашэнка ўзначаліў дзяржаву, якую моцна не хацеў.

У якасці альтэрнатыўнай даты палітолаг разглядае 8 снежня 1991-га, калі ў Віскулях было падпісанае пагадненне аб спыненні існавання СССР: «Бо рэальная незалежнасць узнікла менавіта пасля тых пагадненняў у Белавежы».

Юрыстка-міжнародніца і кандыдатка юрыдычных навук Кацярына Дзейкала звярнула ўвагу на тое, што Дзень незалежнасці як нацыянальнае свята мае мінімум два вымярэнні — юрыдычнае і эмацыйнае.

— У прынцыпе прыняцце дэкларацыі аб незалежнасці — гэта вышэйшая ступень сімвалізма і з юрыдычнага пункту гледжання, і з эмацыйнага, для любога народа ў кантэксце рэалізацыі ягонага права на самавызначэнне.

Гэта вышэйшая форма праяўлення суб’ектнасці народа, лічыць юрыстка. З аднаго боку, дэкларацыя — гэта фармальны юрыдычны акт, а з іншага — ён афармляе суб’ектнае «я», калі мы пачынаем усведамляць сябе асобным народам.

Кацярына Дзейкала выступае за 27 ліпеня ў якасці Дня незалежнасці: «Гэта больш высокі эмацыйны і юрыдычны эмпірый. А наданне дэкларацыі канстытуцыйнага статуса — гэта проста тэхнічны акт, які спускае гэтыя высокія эмпірыі на ўзровень унутранай прававой сістэмы».

Юрыстка нагадала, што Беларусь была апошняй з савецкіх рэспублік у справе падпісання дэкларацыі ад дзяржаўным суверэнітэце і наступнага яе зацвярджэння.

І пры гэтым нават 25 жніўня 1991-га года гаворка ішла пра суверэнітэт БССР. І толькі 19 верасня ў сувязі з перейменаваннем БССР у Рэспубліку Беларусь у дакумент былі ўнесеныя адпаведныя праўкі.

— І таму ў нашай сітуацыі, калі казаць цынічна, неістотна якую з гэтых дат выбіраць, бо ні першы, ні другі дзень не былі асэнсаванымі.

Выбіраючы паміж 27 ліпеня і 25 жніўня, доктар палітычных навук Андрэй Казакевіч выказаўся на карысць 25 сакавіка.

Тады было ўсё дастаткова зразумела. Людзі свядома, мэтананкіравана, упершыню — прынамсі ў мадэрнай гісторыі — абвесцілі пра неабходнасць стварэння незалежнай беларускай дзяржавы. Падзеі 1990-91-х, на жаль, не былі настолькі відавочнымі.

На другое месца палітолаг паставіў 25 жніўня. Бо, на яго думку, дэкларацыя 1990-га была прахадным дакументам, прынятым услед за астатнімі. Пры гэтым імпульс аб неабходнасці прыняцця дэкларацый ішоў акурат з Масквы, і яго падхапілі нават аўтаномныя ўтварэнні на тэрыторыі тагачаснай Расіі.

І Мінск апынуўся перад неабходнасцю «привести все в соответсвии с требованиями московских товарищей». Адпаведна ўлады БССР дзейнічалі згодна ўстаноўкі: «Нам проста трэба перапісаць старую саюзную дамову (ад 1922 года — С.) і перазаключыць яе ізноў».

Казакевіч лічыць, што акт 27 ліпеня не стаў тым этапам, пасля якога беларускія ўлады, напрыклад, перасталі падпарадкоўвацца Крамлю і выконваць саюзнае заканадаўства, як гэта было ў выпадку з Літвой.

У акце 25 жніўня было куды больш палітычнага сэнсу і кансэнсусу сярод дэпутатаў: нехта гэтага хацеў, як парламенцкая апазіцыя, а нехта проста разумеў, што гэта непазбежна.

Палітолаг падкрэсліў, што пасля паразы путча ГКЧП у Маскве стала канчаткова зразумела, што СССР больш не можа існаваць, а ідэя незалежнасці на той момант ужо ўкаранілася ў палітычныя наратывы ў краіне.

Адпаведна, услед за дэкларацыямі надыйшоў час прыктычных крокаў. Змена назвы дзяржавы, адмова выканання саюзнага заканадаўства, змена дзяржаўнай сімволікі.

Можна было крытыкаваць акт 25 жніўня, але праз лічаныя тыдні пасля яго прыняцця былі зробленыя канкрэтныя захады для пабудовы незалежных палітычных інстытутаў, нагадаў эксперт.

«Рэжым акупацыі не пазбаўляе краіну суверэнітэту»

Што мы мусім рабіць з лукашэнкаўскім 3 ліпеня, калі для для змены знакавых датаў настане спрыяльны час?

Юрый Дракахруст прапанаваў трымацца падыходаў ранняга хрысціянства да спадчыны паганства, ягоных святаў.

— Так, і скідалі Перуна, і секлі, але агульны падыход быў такі — інтэграваць паганскія святы, памятныя дні ў хрысціянскі каляндар.

Лукашэнкаўскі Дзень Рэспублікі, нашыя дні

Тое самае варта зрабіць і з Днём Рэспублікі, лічыць палітычны аглядальнік. Яго варта захаваць у нейкай іншай форме, а не выкрэсліваць назаўжды з сучаснага палітычнага календара.

Тым больш, што найхутчэй давядзецца ўлічваць інтарэсы некалькіх палітычных сілаў, з якіх далёка не ўсе будуць падзяляць ідэалы 25 сакавіка.

— Кацярына Дзейкала казала пра юрыдычны і эмацыйны складнікі гэтага пытання. Я б тут усё ж на першае месца паставіў палітычны, — працягнуў дыскусію Валер Карбалевіч.

Адкуль ўзалося 3 ліпеня ў якасці галоўнага дзяржаўнага свята? Ад самага пачатку свайго праўлення Лукашэнка пачаў аб’ядноўваць ідэі незалежнасці з ідэямі савецкасці. Адсюль і рэферэндум 1996 года.

Да ўсяго, 3 ліпеня мае адну важную рысу. У гісторыі многіх краін Дзень незалежнасці прымеркаваны да важнай перамогі продкаў, якая прынесла ім тую самую незалежнасць і з часам стала агульнанацыянальным міфам. Акурат такога ваеннага вобразу няма ні ў 27 ліпеня, ні ў 25 жніўня.

Палітолаг звярнуў увагу на тое, што за тры дзясяткі гадоў 3 ліпеня прыжылося ў грамадстве. Найперш сярод апалітычных грамадзянаў, якія ў папярэднія гады маглі па ўласнай волі прыйсці на плошчу, каб праспяваць разам з Лукашэнкам дзяржаўны гімн.

Што рабіць з гэтай датай? Карбалевіч падтрымаў ідэю Дракахруста — пакінуць свята, прымеркаваўшы яго на дня вызвалення Мінска. А ў якасці рэальнага Дня незалежнасці абраць іншую дату і падзею шляхам грамадскіх абмеркаванняў і рэферэндума.

Кацярына Дзейкала перакананая, што 3 ліпеня не можа лічыцца днём беларускай незалежнасці, днём аднаўлення суверэнітэту, як пра гэта гадамі кажуць сённяшнія ўлады.

Проста таму, што рэжым акупацыі не пазбаўляе краіну суверэнітэту. І таму калі БССР вызвалілі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, яна ў сваім статусе якой была, такой і засталася. І ніякага новага вымярэння ў сваім самавызначэнні, у сваёй дзяржаўнасці беларускі народ не атрымаў.

Кандыдатка юрыдычных навук мяркуе, што 3 ліпеня неабходна святкаваць так, як гэта рабілася да рэферэндума 1996-га — як дзень вызвалення Мінска: «Гэты дзень павінен быць тым, чым ён быў і ёсць насамрэч».

Андрэй Казакевіч скептычна паставіўся да словаў пра тое, што 3 ліпеня прыжылося ў беларускім календары: «Мы не ведаем сапраўднага стаўлення да яго беларусаў. Колькі ў гэтым свяце дзяржавы, а колькі насамрэч народнай эмпатыі».

Палітолаг заклікаў крытычна ставіцца да афіцыёзных карцінак святкавання і нагадаў, што ў часы СССР савецкія святы выходзілі адзначаць паўсюль, у тым ліку і ў Літве, якая першай выйшла з-пад кантролю Масквы.

Пры гэтым Казакевіч зазначыў, што калі значная колькасць беларусаў выкажацца за захаванне святкавання, то яго трэба будзе пакінуць у той, ці іншай форме. Магчыма, свята давядзецца цалкам перафарматаваць, фактычна да завадскіх наладак — вярнуўшы яму статус дня вызвалення.

Магчыма, так удасца яго пераасэнсаваць, пазбавіць імперскай савецкасці, савецкай правінцыйнасці, якой зараз вельмі шмат у святкаванні гэтай даты, лічыць эксперт.

Чым святкаванне 100-годдзя БНР напалохала Лукашэнку

Мадэратар дыскусіі гісторык Аляксей Ластоўскі прапанаваў паразважаць над прымальнасцю для Беларусі літоўскага варыянта святкавання, дзе адзначаецца адразу некалькі датаў, звязаных з незалежнасцю краіны: Дзень дзяржавы (6 ліпеня), Дзень аднаўлення Літоўскай дзяржавы (16 лютага) і Дзень аднаўлення незалежнасці Літвы (11 сакавіка).

Юрый Дракахруст лічыць, што беларусы таксама могуць адначасова адзначаць і Дзень Волі (25 сакавіка), і Дзень незалежнасці (27 ліпеня). Можна і 25 жніўня — але выключна пры згодзе ўсіх палітычных плыняў.   

Палітычны аглядальнік перасцярог ад навязвання народу сваёй волі нават пры наяўнасці для гэтага палітычнай сілы. На яго думку, такія пытанні павінны вырашацца выключна кансэнсусам. Інакш мы можам паўтарыць сумны досвед прыходу да ўлады Лукашэнкі, які шляхам рэферэндумаў цалкам змяніў палітычны ландшафт:

— Мне не хацеляся б, каб у гісторыі Беларусі па некалькі разоў прымаліся і адмяняліся Дні незалежнасці. Для таго, каб гэтага не здарылася, рашэнне павінна быць максімальна кансэнсусным. Яно павіна ўсіх у найменшай ступені не задавальняць.

— Любая нацыя, любы соцыюм шукае свае карані глыбока ў гісторыі. І чым глыбей, тым лепей. І для беларусаў Дзень Волі — гэта максімальнае паглыбленне ў гісторыю, якое толькі магчымае менавіта ў гэтым пытанні, — выказаўся на карысць 25 сакавіка Валер Карбалевіч. 

Другі момант, на думку палітолага, палягае ў тым, што БНР — гэта альтэрнатыва савецкаму праекту, БССР. І тут важным гістарычным урокам стала святкаванне ў Мінску 100-годдзя абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі:

— Калі ўлады дазволілі святкаванне ў цэнтры горада, каля Оперы, калі на свята сабралася каля 50 тысяч чалавек, то здавалася — усё, плаціну прарвала, улады прызналі Дзень Волі, можна святкаваць.

25 сакавіка 2018-га, Мінск

І праз год апазіцыя папрасіла даць пад святкаванне сталічны стадыён «Дынама», але Лукашэнка жорстка прыпыніў гэтую ініцыятыву і звыкла адправіў беларусаў на Бангалор.

Чаму? Таму што ўлады спужаліся. Улады ўбачылі, як рэагуе народ. Справа ў тым, што большасць з тых 50 тысяч, што прыйшлі да Опернага тэатра, я не думаю, што яны былі прыхільнікамі этнакультурнага нацыяналізму і той версіі нацыянальнай дзяржаўнасці, якую прапаноўваў БНФ.

Проста большасць людзей убачыла тут альтэрнатыву лукашэнкаўскай рэальнасці. Нешта падобнае здарылася ў 2020-м, калі бел-чырвона-белы сцяг раптам стаў галоўным сімвалам пратэсту.

Дык вось 25 сакавіка — гэта ідэя альтэрнатывы лукашызму. І менавіта з гэтага гледзішча трэба арыентавацца на гэтую дату.

Кацярына Дзейкала цалкам падтрымала ідэю Дракахруста пра кансэнсус: «Чым большым ён будзе, тым больш устойлівай будзе гэтая канструкцыя».

Але пры гэтым важна захоўваць баланс паміж кансэнсусным рашэннем і гістарычнай адказнасцю перад будучымі пакаленнямі. І ягоная ўстойлівасць наўпрост будзе залежыць ад таго, хто прыйдзе да ўлады.

Экспертка лічыць, што Дзень Волі павінен застацца важнай датай у гісторыі краіны, які сімвалізуе пачатак будавання незалежнай дзяржавы беларусаў. Бо ў любым выпадку юрыдычна незалежнасць краіны была замацаваная толькі пасля развалу СССР у пачатку 90-х.

Андрэй Казакевіч вярнуўся да пытання пра паралелі з Літвой. І давёў, што яны не падыходзяць Беларусі. Літоўцы маюць усе падставы адзначаць некалькі раз на год галоўнае свята краіны ўжо таму, што адзіныя з усяго СССР паставілі пытанне пра поўны разрыў з Масквой. Літве давялося панесці людскія страты ў барацьбе за незалежнасць напрыканцы існавання савецкай імперыі. 

У Беларусі ж даты 27 ліпеня і 25 жніўня не маюць тых прыкметаў гераізму, як у Літве. І таму, перакананы палітолаг, нам дастаткова адной даты — 25 сакавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.7(18)