Цыганкоў: «Здаецца, на нашых вачах памірае адна спрадвечная вера – у выключна пазітыўную ролю новых тэхналогіяў»

Палітычны аглядальнік — пра тое, ці зрабіла людзей разумнейшымі разьвіцьцё Інтэрнэту.

— Вопыт усяго чалавецтва паказвае, што любая новая тэхналогія нейкі час зьяўляецца здабыткам эліты, піша Віталь Цыганкоў. — Але потым становіцца агульнапрынятай, уваходзіць у шырокія народныя масы, адпаведна валоданьне ёй перастае даваць перавагі, перастае быць знакам нейкай абранасьці. Так было з радыё, тэлефонам, тэлевізарам, — а пазьней і інтэрнэтам.

Віталь Цыганкоў

Зараз нават забаўна ўспамінаць, якія спадзяваньні ўскладаліся на разьвіцьцё Інтэрнэту. Усур’ёз лічылася, што далучэньне шырокіх народных масаў да сусьветнай інфармацыйнай сеткі аўтаматычна падштурхне іх да дэмакратычных і ліберальных каштоўнасьцяў. 

Лічылася, што «недаразьвітыя» людзі сядзяць у тэлевізары, а «разьвітыя» — у інтэрнэце. І вось калі апошняя бабуля нарэшце выйдзе ў Сеціва — то будзе нам дэмакратычнае шчасьце. Ня выйшла.

Уражвала, наколькі тут блыталіся прычыны і сьледства. Проста прадэмакратычныя і празаходнія беларусы (тая самая эліта на першым этапе тэхналогіі) першымі прыйшлі ў Інтэрнэт, і стварылі сабе ўражаньне, што тут «усе такія». Але потым у Інтэрнэт прыйшлі ўсе астатнія, — і не зьмяніліся. Бо Інтэрнэт не мяняе людзей, як не мяняе іх тэлефон.

Гадоў 10 таму я прыдумаў і напісаў у ФБ жарт: «Лічыць, што людзі, якія сядзяць у Інтэрнэце, больш прагрэсіўныя — гэта ўсё роўна, што лічыць, што людзі, якія езьдзіць у экалагічных тралейбусах, больш прагрэсіўныя за тых, хто езьдзіць у аўтобусах».

Больш за тое, даўно ўжо паўстае заканамернае пытаньне, якую шкоду прыносяць новыя тэхналогіі для разьвіцьця чалавека. Швэцыя, наколькі я чытаў, прызнала памылковым экспэрымент лічбавага навучаньня ў школах, і вярнулася да кнігаў — бо электронныя носьбіты «нэгатыўна ўплываюць на разьвіцьцё школьнікаў».

Сфармавалася разуменьне, што той, хто чытае кнігі, значна больш разьвіты за таго, хто гартае стужку Інстаграма ці Цік-тока. Я ўжо не кажу пра тое, што сацсеткі могуць станавіцца каталізатарам пэўных псіхалагічных праблемаў людзей, што мы штодня назіраем у Фэйсбуку.

Я калісьці ўжо распавядаў пра агульнапрызнаную статыстыку, паводле якой з канца 1990-х упершыню ў гісторыі назіраньняў (з 1930-х гадоў) IQ чалавецтва стаў пасьлядоўна зьніжацца, і гэта зьніжэньне і працягваецца ўжо 25 гадоў.

А цяпер задумаемся, ці выпадкова так супала, што гэтае падзеньне агульначалавечага ўзроўню інтэлекта пачалося менавіта разам з масавай кампутэрызацыяй і распаўсюджваньнем Інтэрнэту.

І ці не зьяўляюцца палітычныя і сацыяльныя працэсы, вынікі галасаваньняў у многіх краінах яркім сьведчаньнем таго самага сярэднестатыстычнага зьніжэньня ўзроўню інтэлекту?

І які ўплыў на калектыўны розум людзей акажа масавае распаўсюджваньне штучнага інтэлекту, калі ягоны спажывец ужо не павінен сам нічога думаць і памятаць, а проста задаць пытаньне, і верыць атрыманаму адказу?