«Чаму б нам, беларусам, не «экспартаваць» на цэлы сьвет нашае фірмовае Купальле?»

Лявон Вольскі на Budzma.org распавядае пра тое, як у мінулым годзе разам з беларусамі Нідэрляндаў адзначаў Купальле на беразе Паўночнага мора, і прапануе «экспартаваць» на цэлы сьвет нашае фірмовае Купальле ды зрабіць яго новым сусьветным брэндам.

Лявон Вольскі

Як сьвяты дапамагаюць перажыць крызісы

Сьвет страсаюць войны ды крызысы. Здавалася б, пра якія сьвяты можа весьціся ў гэтай непрагляднай цямрэчы, у гэтым змроку, які агарнуў нашыя жыцьці, і якому не відаць канца-краю? Але людзі ўсё адно адзначаюць і будуць адзначаць сьвяты — асабістыя ды агульныя. Відаць, так лягчэй перажыць гэты цёмны час.

Калі выключыць з жыцьця народзіны, Каляды, Новы год, дык будзе зусім ужо беспрасьветна. А яшчэ Дзень Сьвятога Патрыка, Сьвятога Валянціна, Хэлаўін — тыя, што прыйшлі зь іншых культураў, але надзейна замацаваліся ў нашых інтэрнацыянальных календарах.

Гэтыя запазычаныя сьвяты адрозьніваюцца ад нашых родных хіба ўжо тым, што іх мы адзначаем толькі раз на год. Свае ж спрадвечныя пры жаданьні можна адзначаць двойчы — як Каляды, Новы год. Як Купальле. Яго адзначаюць у ноч з 23 на 24 чэрвеня, ці то з 6 на 7 ліпеня. То бок, ужо хутка.

Купальле за савецкім часам

Я ня буду распавядаць тут пра традыцыі сьвяткаваньня — скокі праз вогнішча, купальскае кола, папараць-кветку, варажбу ды вянкі на вадзе. Вы ўсё гэта й безь мяне ведаеце, а як раптам не, дык у інтэрнэце поўна размаітай інфармацыі, калі каму цікава. А мне цікава ўжо тое, што гэтае старое язычніцкае сьвята захавалася да нашых дзён.

Ня ведаю, як сьвяткавалі (і ці сьвяткавалі) за савецкім часам Купальле ў вёсках, а мы, гарадзкія хлопцы й дзяўчаты, ехалі на электрычцы ў лес і там ладзілі сьвята.

Улады ставіліся да адзначэньня некамуністычных сьвятаў раўніва — аднаго разу ўсю кампанію «купальцаў» павязалі і прымусілі пісаць тлумачэньні — што рабіў у лесе, якія песьні сьпяваў, і што за сымболіка (ці не фашыстоўская?) гэта ўсё суправаджала.

Потым былі рэпрэсіі на працы ці то ва ўнівэрсытэце — за ўдзел у сумнеўным мерапрыемстве. Але неўзабаве часы зьмяніліся, і выезды ў лес на Купальле набылі масавы характар — ужо з намётамі-спальнікамі ў суправаджэньні бардаў і фольк-гуртоў. А яшчэ пазьней зьявіліся цэлыя музычныя фэстывалі з нагоды гэтага старога летняга сьвята.

«Купальле пераможна крочыць па плянэце»

Ня ведаю, ці адзначаюць цяпер у Беларусі Купальле. А калі адзначаюць — якая музыка гэта ўсё суправаджае? Вярнуліся да фольк-фармату? Ці, паводле новае традыцыі, запрашаюць якога Газманава ці то іншую расейскую эстрадную зорку?

А вось за мяжою гэтае сьвята беларусы ахвотна адзначаюць. І геаграфія вельмі шырокая — Злучаныя Штаты, Эстонія, Бэльгія-Нідэрлянды, Польшча, Швецыя... Летась давялося граць на Купальлі на Паўночным моры блізу Гаагі.

Сабралося шмат людзей — некалькі сотняў — і гэта не было нешта выбітнае, адмысловае, проста звычайнае шараговае сьвяткаваньне. Купальля. На Паўночным моры. У Нідэрляндах.

Парадаксальна, але факт. Мяйсцовыя са зьдзіўленьнем і цікавасьцю глядзелі на тое, што адбываецца і пыталіся: што за сьвята? Беларускае? Традыцыйнае? Штогадовае? Цікава, цікава...

Магчыма, на наступнае Купальле яны далучацца да беларусаў і таксама будуць скакаць праз вогнішча і кідаць вянкі на ваду. І сьпяваць нашыя традыцыйныя ды сучасныя песьні.

Мы ж адзначаем Дзень Сьвятога Патрыка. «Імпартнае» ірляндзкае сьвята, вельмі сымпатычнае й прыцягальнае, якое 17 сакавіка пераможна «крочыць на плянэце», калі карыстацца моваю колішніх савецкіх ідэолягаў.

Дык чаму б нам, беларусам, не «экспартаваць» на цэлы сьвет нашае фірмовае Купальле? Рэклямуйце яго, далучайце да сьвяткаваньня сваіх замежных сяброў ды сябровак, і праз колькі гадоў мы народзім новы сусьветны брэнд. Пазытыўны, станоўчы, але й загадкавы і таямнічы — усё як належыць.

Сьвяткуйма ж нашае Купальле — на беразе мора ці то акіяну, у пустэльні ці стэпе, у нетрах джунгляў ці то высока ў гарах, у беларускім лесе на беразе рэчкі ці возера!

І пакуль парадаксальны, непрадказальны, трывожны час, як калісьці той «аксамітны летні вечар», ахінуў зямлю, нашыя сьвяты дапамагаюць яго перажыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(10)