Мне раілі прасіць памілаванне — але я не прасіў.

Пасля 1613 дзён за кратамі лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі — схуднелы і стомлены, але няскораны — у Вільні сустрэўся з беларускай грамадой і журналістамі.
Праваабаронца распавёў, што пра сваё вызваленне даведаўся літаральна сёння ўначы: а чацвёртай гадзіне раніцы яго разбудзіў дзяжурны па атрадзе і загадаў тэрмінова сабраць рэчы. Пашпарт, паводле слоў праваабаронцы, яму аддалі толькі пасля праходжання беларуска-літоўскай мяжы.
Бяляцкі распавёў, што пэўныя прадчуванні вызвалення ў яго былі:
— Пасля таго, як у чэрвені быў вызвалены Сяргей Ціханоўскі, а ў верасні 51 палітзняволены, то было зразумела, што гэты працэс пайшоў, — зазначыў Бяляцкі. — Заставалася толькі чакаць і спадзявацца, што ён не сарвецца. Бо мы разумеем, што ў любы момант сітуацыя можа змяніцца ў горшы бок.
Таму вельмі важна і далей усім працягваць трымаць фокус на тых палітзняволеных, якія зараз знаходзяцца ў беларускіх турмах — і дабівацца поўнага вызвалення ўсіх. Каб там не засталося ніводнага палітычнага зняволенага!
Журналісты ўдакладнілі, ці быў у яго выбар — выехаць альбо не пакідаць Беларусь.
— Быў выбар застацца — улічваючы, што ў мяне тэрмін у 10 гадоў, то можна было б застацца, — з чорным гумарам адказаў Алесь Бяляцкі. — Насамрэч у той сітуацыі выбару вялікага не было: ці заставацца ў турме, ці быць такім чынам вывезеным, з завязанымі вачыма, з краіны. Я праехаў праз усю Беларусь з завязанымі вачыма.
Зараз нармальна сябе адчуваю, але галава кружыцца, яшчэ не прыйшоў у сябе, гэта вялікі эмацыйны ўдар для мяне. Паспеў толькі пагаварыць з жонкай. Здароўе больш-менш, хоць канешне, трэба будзе прайсці зараз усе абследаванні, бо зразумела, што ў беларускіх турмах з медыцынай вельмі пагана.
У Бяляцкага спыталі, што ён хацеў бы сказаць усім беларусам — той пажадаў вытрымкі і аптымізму:
— І не апускаць рукі ніколі. Never give up!
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное