Скандалы

Амерыканская паліцыя палюе на падпалкоўніка беларускай міліцыі

Яшчэ ў 2017‑м падпалкоўнік Іван Бязлюдаў быў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных даручэннях ГУУС Мінгарвыканкама і расследаваў кватэрныя крадзяжы, а ў 2021 стаў удзельнікам «самай вялікай у гісторыі Каларада» схемы па збыту скрадзенага. Іван не стаў на шлях выпраўлення і цяпер зноў у вышуку, піша Наша Ніва.

У чацвер, 20 лістапада, Дэпартамент паліцыі Вестмінстэра (штат Каларада, ЗША) паведаміў пра аблаву на ламбард Aurora Gold Buyer.

Паводле паліцыі, рэйд звязаны з расследаваннем справы аб шматлікіх крадзяжах і рабаваннях у аколіцы. Пераважна цярпелі рознічныя рытэйлеры. Сума скрадзенага ацэньваецца ў больш чым мільён даляраў.

Паводле паліцыі, злачынцы рэалізоўвалі скрадзенае праз згаданы ламбард прынамсі з 2023 года, у ім знайшлі сотні скрадзеных, але яшчэ не прададзеных пазіцый.

Паведамляецца, што на месцы быў затрыманы адзін з супрацоўнікаў ламбарда, Сяргей Нікалаеў. Яму адразу ж выставілі абвінавачванне ў адмыванні грошай, крадзяжы і парушэнні закона аб дзейнасці ламбардаў.

Таксама арыштаваны нехта Станіслаў Анісімаў. Іншыя ўдзельнікі схемы абвешчаныя ў вышук, паліцыя заклікае амерыканцаў паведамляць, калі яны нешта ведаюць аб знаходжанні асобаў, сярод якіх відавочна ёсць і беларусы: прынамсі Dzianis Artyushkevich i Ivan Biazliudau.

Адметнасць гісторыі надае факт, што Іван Бязлюдаў — гэта адстаўны падпалкоўнік беларускай міліцыі. Станам на 2017 год Бязлюдаў служыў старшым оперупаўнаважаным па асабліва важных справах ГУУС Мінгарвыканкама. Ён расследаваў кватэрныя крадзяжы.

Бязлюдаў выехаў з Беларусі не пазней за 2019 год пасля асабістай трагедыі: ад невылечнай хваробы памерла яго дачка. Тады ён разам з жонкай вырашыў пачаць новае жыццё ў іншым месцы і эміграваў у Штаты.

Таксама адметна, што гэта ўжо не першая крымінальная прыгода беларускага адстаўніка ў ЗША.

У ліпені 2021 года мясцовая паліцыя арганізавала прэс-канферэнцыю з нагоды раскрыцця «адной з найбольшых схем па адмыванні грошай у Каларада». Сярод удзельнікаў схемы быў Бязлюдаў.

Злачынцы збывалі скрадзенае праз інтэрнэт, паведамлялася, што арганізацыя крадзяжоў і збыту пачалася з 2019 года, а агульная сума шкоды склала $5,2 мільёна.

Імёны падазраваных, якім выставілі агулам 78 абвінавачанняў, пісаліся так: Dziyana Altshuler, Ilona Nastas, Grigore Tataru, Evgeny Shadrin, Ivan Biazliudau, Dzianis Artyushkevich, Dmitry Altshuler.

Імаверна, пасля адбывання пакарання Бязлюдаў з некаторымі старымі падзельнікамі зноў узяўся за старое.